| Фігура Маці Божай з Фацімы прыбыла ў Мінск | 
| Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія | 
| 14.10.2016 01:03 | 
| 13 кастрычніка ў мінскую архікатэдру прыбыла фігура Маці Божай Фацімскай. Над галовамі шматлікіх вернікаў у руках узняліся белыя хусткі — прысутныя віталі Фацімскую Пані, падобна таму, як і людзі з усяго свету чыняць гэта ў Фаціме. 
 На вуліцы перад святыняй фігуру Багародзіцы сустрэлі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Пасля фігуру ўрачыста ўнеслі ў святыню, дзе адбылося набажэнства да Маці Божай. «Ты ведаеш кожнага з нас па імені, нашыя сем'і, усіх хворых, беспрацоўных, патрабуючых… Мы разлічваем на Тваю дапамогу», — прамаўлялі малітву пробашч кс. Антоні Клімантовіч і парафіяне. Урачыстую літургію, якая цэлебравалася за Беларусь, узначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. Іерарх адзначыў, што падчас гэтага набажэнства Беларусь яднаецца ў малітве са Святым Айцом, бо яго пасланнік, Дзяржаўны Сакратар кардынал П'етро Паралін у гэты дзень моліцца ў Фаціме. 
 
 «Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыходзіць да мяне?» — такімі словамі распачаў гамілію Мітрапаліт Кандрусевіч, тым самым даносячы да ўсіх прысутных усю значнасць падзеі гэтага дня. Разам з Фацімскай Паннай у фігуры прыходзіць і напамін пра Яе пасланне. «У ім Марыя 99 гадоў таму накрэсліла гісторыю свету, асабліва Усходняй Еўропы, з жорсткім, нябачным раней пераследам веры, (…) і адначасова з надзеяй на вызваленне з сецяў ваяўнічага атэізму», — нагадаў арцыпастыр. Мітрапаліт вельмі выразна ўказаў на прарочую ролю Марыі ў атрыманні свабоды веравызнання ў Беларусі.  «Успомнім толькі некаторыя, цяпер ужо гістарычныя факты. Пасля таго, як св. Ян Павел II у свята Звеставання 25 сакавіка 1984 г. ахвяраваў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі, у былым Савецкім Саюзе пачалі адбывацца нябачныя да гэтага сацыяльна-палітычныя перамены... У 1988 г. Праваслаўная Царква ўрачыста святкавала юбілей 1000-годдзя хросту. Зазванілі званы на вежах касцёлаў, абвяшчаючы, што вера не памерла, — адзначыў іерарх. — Прызначэнне першага біскупа ў Беларусі ў 1989 г., потым у 1990 г. першага прадстаўніка Апостальскага Пасаду ў СССР, стала знакам прышэсця новых часоў». 
 
 «Фацімскія аб'яўленні нельга аддзяліць ад гісторыі нашага Касцёла і яго адраджэння», — у чарговы раз падкрэсліў арцыпастыр і заклікаў не адпачываць «на лаўрах мінулых дасягненняў», а быць «людзьмі заўтрашняга дня», якія клапоцяцца аб захаванні хрысціянскай спадчыны. «У 1917 г., калі атэістычны рэжым набліжаўся да нашай краіны, Марыя ў далёкай Фаціме праявіла сваю міласэрнасць: Яна заклікала да малітвы і навяртання і таксама дала нам надзею на свабоду і адраджэнне веры», — падкрэсліў Мітрапаліт.   Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на прыбыццё фігуры Маці Божай Фацімскай у мінскую катэдру.   Арцыпастыр выказаў веру ў тое, што Божая ласка разам з Марыяй нанова прыходзіць у нашу краіну: «Сёння, калі свет стаіць на скрыжаванні дарог, мы свой позірк звяртаем да Цябе і просім, будзь міласэрнай да нас». Як падкрэсліў іерарх, у нашы дні свет моцна патрабуе заступніцтва Марыі: «Сучасны свет, можна сказаць, стаіць на парозе трэцяй сусветнай вайны. Таксама Папа Францішак кажа, што ўжо ідзе гібрыдная сусветная вайна». 
 
 На заканчэнне літургіі прысутныя прайшлі па вуліцы ў працэсіі ўслед за Маці Божай у фацімскай фігуры, трымаючы свечкі і спяваючы «Авэ, Марыя!». Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр перад тым, як удзяліць папскае благаслаўленне, ад імя Святога Айца падзякаваў вернікам за прыклад іх веры і вернасць Маці Божай. Іерарх падкрэсліў, што Марыя блізкая асабліва да тых, хто спазнаў пераслед у атэістычныя часы, які перажыла як Беларусь, так і Венгрыя — радзіма Апостальскага Нунцыя. «Дзякуючы Яе заступніцтву вера на гэтых землях была ўратавана», — дадаў нунцый. 
 Фігура, якую Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў у Фаціме 4 кастрычніка, прабудзе ў мінскай архікатэдры да нядзелі, 16 кастрычніка. У гэты дзень пасля Імшы на 13.00 распачнецца яе перэгрынацыя па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а затым і па парафіях іншых дыяцэзій. Пасля Мінска фігуру будуць вітаць вернікі Магілёва. Валянціна Грамыка | 
| Фотарэпартаж | 












 
  
  
 
 
  
  
  
  для друку
 для друку
