Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларус Сяргей Валчкоў, пераможца расійскага праекта «Голас»: «Будучую жонку я ўпершыню ўбачыў у святыні — гэта было маё і назаўсёды»
Беларуская Праваслаўная Царква
09.01.2014 14:12

Перамога беларуса ў другім сезоне расійскага праекта «Голас» парадавала не толькі родных і блізкіх быхаўчаніна, але і ўсю Беларусь. У фінале за Сяргея Валчкова прагаласавала 75 працэнтаў гледачоў.

У эфіры расійскай перадачы «Сёння вечарам», які адбыўся на наступны дзень, беларус распавёў, што верыць у Бога, з’яўляецца практыкуючым хрысціянінам і спявае ў царкоўным хоры. Пры гэтым менавіта ў святыні ён упершыню ўбачыў сваю будучую жонку:

«Маючы адукацыю харавога дырыжора, я вельмі люблю спяваць у хоры. Звычайна спяваю разам з хорам царквы Пятра і Паўла ў Маскве. І якраз там я ўбачыў маю Наташу. Яна была прыхажанкай гэтай царквы, але чамусьці раней мы ні разу не бачыліся.

У той дзень у ліку пеўчых я ўдзельнічаў у нядзельнай літургіі. Там ёсць прамежак паміж Прычасцем, калі спачатку прычашчаюць дзяцей. Мы з пеўчымі стаім і тут... раздаецца дзіцячы такі смех, прыемны, — усміхаецца мужчына і працягвае. — І гэтая дзяўчына Наталля так шчыра радуецца гэтаму смеху, усміхаецца і... я бачу ў яе вачах тое, пра што заўсёды марыў, — гэта цяпло, утульнасць, сям’я. Гэта тое, чаго я так доўга чакаў у сваім жыцці.

Пасля літургіі (у святыні, вядома, не знаёмяцца, — усміхаецца Сяргей) я набраўся смеласці, дагнаў яе каля храма... Мы тры гадзіны тады праседзелі ў кафэ. Гутарылі. Я зразумеў тады, што гэта маё і назаўсёды. І дзякуй Богу, праз тры месяцы мы ўжо абвянчаліся».

Сёння Сяргей і Наталля чакаюць сваё першае дзіця. Па прычыне цяжарнасці Наталля не змагла прысутнічаць на фінале «Голаса», але ўсяляк падтрымлівала мужа:

«Яна хвалявалася, вядома, але ў цэлым гэтага не паказвала. Яна мне сказала: “Няхай будзе Божая воля”. Калі б я не перамог і быў бы другім, трэцім ці чацвёртым, то не засмучаўся б. Значыць, так патрэбна Усявышняму».

Фінал праекта прынёс беларусу перамогу. І пасля абвяшчэння вынікаў менавіта сваёй жонцы Сяргей падзякаваў найперш.

«Першае, што я адчуў пасля аб’яўлення вынікаў, - гэта шок. Напэўна, усе артысты павінны перамагаць і ісці да перамогі, але ў мяне быў вельмі спакойны настрой. Не — значыць не: таму што ўсе былі годныя перамогі».

У другім сезоне тэлепраекта «Голас» прымалі ўдзел чатыры беларусы. Акрамя быхаўчаніна Сяргея Валчкова, які і перамог, у перадачы ўдзельнічалі Іван Вабішчэвіч (сцэнічнае імя Дзядзя Ваня), Пётр Ялфімаў і невідушчая дзяўчына Патрыцыя Курганава (з ёй на праекце Сяргей выступаў таксама ў дуэце).


Сяргею Валчкову 25 гадоў. Ён нарадзіўся і вырас у горадзе Быхаў, вучыўся ў Магілёве, а затым пераехаў у Маскву, дзе скончыў Расійскую акадэмію тэатральнага мастацтва.

Паводле слоў бацькі беларуса Валерыя Валчкова, яго Сяргей спявае з дзяцінства:

«З дзіцячага садка спяваў — Купалінку, іншыя песні. Яго заўважылі, сказалі, што патрэбна музычная адукацыя. Пайшоў у музычную школу, сем гадоў фартэпіяна. Пасля — Магілёўскае музычнае вучылішча Рымскага-Корсакава. Сын скончыў яго і сказаў: “Тата, я еду ў Маскву”. Кажу: сынку, куды?!  Так і чакае цябе Масква... Грошай не шкада, едзь - паспрабуй. Пасля ён тэлефануе: “Тата, а я паступіў!” Гэта было неперадаваемае пачуццё: мы проста не верылі!»

Ілья Лапато
Фота з адкрытых крыніц

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.