Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У віцебскім касцёле адкрылася выстава мастака Мікалая Ткачова
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.09.2015 18:04

19 верасня ў парафіяльнай зале касцёла Святога Духа ў Віцебску адкрылася выстава мастака Мікалая Ткачова (1941–2011), які з 1968 г. і па дзень сваёй смерці жыў і працаваў у гэтым горадзе.

Ініцыятарам выставы стаў айцец протапрэзбітэр Зміцер Грышан, пробашч віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага. У свой час святар быў запрошаны Клубам каталіцкай інтэлігенцыі пры катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску на сустрэчу з удавой мастака. Убачыўшы карціны Мікалая Ткачова, айцец Зміцер вырашыў, што як мага большая колькасць людзей павінна азнаёміцца з творчасцю гэтага віцебскага мастака.

«Мікалай Ткачоў шукаў свой шлях да Бога, і гэтае натхненне скіравала яго да рэлігійнай тэматыкі. Можа, і тым, хто таксама шукае сваёй сцяжынкі да Бога, гэтыя карціны ў пэўным сэнсе дапамогуць у гэтым», — адзначыў святар.


На адкрыцці выставы айцец Міхал Ерамашкевіч ОР, які таксама з’яўляецца мастаком, крыху распавёў прысутным пра суадносіны мастацтва і духоўнасці. Святар адзначыў, што, хаця прадстаўленыя на выставе карціны Мікалая Ткачова не з’яўляюцца чыста культавымі, але яны добра адлюстроўваюць асабісты пошук мастака, які «сапраўды меў свае адносіны з Богам і імкнуўся гэта прадэманстраваць».

Адкрыццё выставы наведаў і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ў сваёй прамове адзначыў, што «гэтыя карціны для нас могуць быць пэўным сведчаннем натхнення на шляху пошуку Бога».


Сваімі ўспамінамі пра мастака падзяліліся яго родныя і блізкія. Так, сястра мастака Кацярына Бабнаева распавяла кранальную гісторыю аб тым, што ў свой час хлопец прыносіў з лесу ваверчанят і даглядаў іх, а тыя потым бегалі за ім, нібы кацяняты.

Удава мастака Ала Аляксандраўна распавяла, што яе муж вельмі любіў Беларусь, хараство беларускай прыроды, і нават на адпачынак не хацеў выязджаць у іншыя краіны. Яго любоў да Беларусі выявілася і ў тым, што нават ў цяжкія 1990-я гады ён не хацеў нікуды ехаць у пошуках лепшае долі. Удава мастака распавяла, што пераломным для яе мужа стаў 1988 год, калі адзначалася тысячагоддзе Хрышчэння Русі. Па яе словах, Мікалай Ткачоў тады сказаў: «У маёй душы Бог, я не магу больш ні аб чым пісаць. Ты ж павінна мне дапамагчы праславіць Хрыста».

Напрыканцы афіцыйнай часткі выставы прагучала малітва за спачылага паводле ўсходняй і заходняй хрысціянскіх традыцый.

Затым прысутныя маглі агледзець карціны мастака, паразмаўляць з яго сваякамі, азнаёміцца з альбомам яго працаў пад назвай «Николай Ткачёв. Свет исходящий».

Плануецца, што выстава будзе дэманстравацца на працягу года.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў