Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята кветак і ўраджаю адбылося ў Росіцы
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
12.10.2015 13:04

10 кастрычніка Росіца (Віцебская дыяцэзія) у чарговы раз прымала шматлікіх пілігрымаў. Гэтым разам месца гібелі шматлікіх пакутнікаў, разам з якімі загінулі двое благаслаўлёных святароў марыянаў Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч, сабрало вернікаў на свята кветак і ўраджаю, якое адзначалася тут упершыню.

Тыя, хто прыязджаюць у Росіцу, адзначаюць яе непаўторнае хараство, створанае руплівай працай пробашча мясцовай парафіі айца Чэслава Курэчкі МІС, – вялікую колькасць кветак, што цвітуць тут з ранняй вясны да позняй восені. Росіца квітнела нават у гэты халодны кастрычніцкі дзень.

Асаблівы гонар святара – паўднёвая магнолія, якая ў Росіцы адчувае сябе ўтульна, нягледзячы на паўночы клімат. Святар садзіць кветак кожнага гатунку больш за паўтары тысячы – па колькасці загінулых у лютым 1943 года.

Ствараць і падтрымліваць кветкавую прыгажосць святару дапамагаюць шматлікія вернікі, якія адмыслова дзеля гэтага прыязджаюць з розных куткоў не толькі Віцебскай дыяцэзіі, але і ўсёй Беларусі.  

Свята пачалося малітвай на ружанцы. Ірына Жарнасек, аўтарка «Будзь воля твая», падчас ружанцовых разважанняў, якія яна праводзіла, дзякавала Богу за дар Імшы. Пісьменніца нагадала, што адраджэнне гэтай святыні напрыканцы 1980-х гг. пачалося менавіта са святой Імшы, якую адправіў святой памяці айцец Антоні Лось старэйшы на месцы пакутніцкай гібелі благаслаўлёных – тады там не было яшчэ крыжа, а само яно парасло быльнягом. На Імшы тады прысутнічала ўсяго тры чалавекі.


Эўхарыстыю падчас свята ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Іерарха прывіталі прадстаўніцы мясцовай улады, паднёсшы яму падарунак у выглядзе плёнаў ураджаю Верхнядзвіншчыны - бохан хлеба, спечаны са збожжа новага ўраджаю, і кветкі.

У гаміліі біскуп адзначыў, што чалавек нездарма шукае прыгажосці, бо яна «найбліжэй да дасканаласці, найбліжэй да таго, што Святое Пісанне называе хвалой самога Бога». «Праз прыгажосць Бог хоча дастукацца да нашых сэрцаў. Сапраўдная прыгажосць ёсць там, дзе ёсць Бог. Тады яна нясе карысць чалавеку, калі яна ўвогуле з’яўляецца, дзе ёсць Божае благаслаўленне», – сказаў іерарх і дадаў, што прыкладам гэтага з’яўляецца Росіца. «Праца звычайнага святара, прасякнутая любоўю да зямлі, але ў першую чаргу любоўю да Бога. Айцец Чэслаў гэта робіць дзеля хвалы Божай, і вось яе плён – плён гэтай працы, прасякнутай малітвай», – заўважыў віцебскі ардынарый.

Таксама біскуп нагадаў аб існаванні сувязі паміж малітвай, у якой людзі просяць Божага благаслаўлення для сваёй працы, і плёнамі, што датычыць не толькі плёнаў зямлі, а ўсяго таго, што дае ім існаванне. 


Пасля Імшы адбылася імпрэза пад назвай «І кветкі славяць Пана», у час якой мясцовая жыхарка распавяла пра сімволіку кветак, пасаджаных у Росіцы, і правяла віктарыну.   

Свята завяршылася супольным абедам каля вогнішча, калі айцец Чэслаў Курэчка частаваў вернікаў росіцкай бульбай і поліўкай з баравікамі.

Кацярына Лаўрыненка, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў