Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Абразок з Браслаўшчыны: як бусел Фомка з ксяндзом пасябраваў
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
25.01.2016 12:51

Ужо трэцюю зіму жыве ў невялікай вёсцы Барадзенічы Браслаўскага раёна белы бусел. Птушка знайшла сабе надзейны прытулак у людзей. Абавязкі апекуна над буслом, які не адлятае ў вырай, узяў на сябе мясцовы святар, пробашч парафіі Святога Юзафа Юрый Ноцунь.

— Жыхары вёскі і вернікі нашай парафіі часта задаюць пытанне, чаму дзікая птушка не імкнецца з іншымі бусламі на поўдзень, а застаецца ў месцы свайго нараджэння, — кажа 47-гадовы святар. — Выпадковасць гэта альбо заканамернасць прыроды, мы не ведаем, але лічым, што бусел Фомка (гэтак назвалі белакрылага любімца вясковыя дзеці) для нас — несумненна, добры знак.

Ксёндз Юрый распавёў невялікую гісторыю пра свайго незвычайнага «аднавяскоўца». Два гады таму пара белых буслоў звіла сабе гняздо на электрычным слупе паміж храмам і домам святара, які стаіць на ўскрайку аўтамабільнай дарогі, і вывела чацвярых птушанят. Адно з буслянят, якое вылупілася апошнім, было надта малое і кволае.

Аднойчы птушаня выпала з гнязда – ці знянацку, ці то самі буслы-бацькі спецыяльна выкінулі небараку з сям’і: у тое лета было гарачае надвор’е, ежы буслам не хапала. Малому была наканавана немінучая пагібель.


Так яно і было б, каб у гэты момант дзеці, якія прыйшлі ў рэлігійную школу, не аказаліся пад гняздом і не ўбачылі, як птушаня падала на зямлю. Яны не разгубіліся, падабралі бусліка і прынеслі ксяндзу. Што з ім рабіць?

Святар часу не марнаваў — агледзеў птушку, напаіў, накарміў... І вось у першую восень Фомка стаў сапраўдным буслом — прыгожым, статным, важным. А яшчэ прывязаўся да гаспадара, чакае яго са службы, з паездак. У знак даверу любіць браць ежу з рук.

Ксёндз Юрый Ноцунь сем гадоў жыве і служыць у гэтай парафіі, пераехаў сюды з Варапаева Пастаўскага раёна. Акрамя пастырскіх абавязкаў, святар вядзе ў нядзельнай школе ўрокі па рэлігіі для падлеткаў з суседніх вёсак, сустракаецца з моладдзю, наведвае нямоглых старых, наводзіць парадак на касцёльным двары і вясковых могілках.

А яшчэ святар любіць гаспадарыць на агародзе і ў садзе, вучыцца ўпраўляцца з пчоламі, на ягоным падворку шмат птушак — чароды гусей і качак, курэй і індычак. Але асабліва ганарыцца пробашч сяброўствам з белым буслом. І гэта не проста словы.

Жывёлы — сапраўднае захапленне ксяндза. Яшчэ з 7-гадовага ўзросту (будучы святар нарадзіўся ў Польшчы) ён марыў стаць ветэрынарам і да святарства скончыў ветэрынарны тэхнікум.

Пакліканне да святарства адкрыла новую дарогу — да святыні. А яшчэ яно дало сустрэчу з зямлёю сваіх продкаў — на Браслаўшчыне нарадзілася і вырасла адна з ягоных бабуль. А любоў да братоў меншых засталася ў святара сапраўдным захапленнем.

У зімовыя маразы гаспадар забірае Фомку з хлеўчука да сябе ў дом, дзе вылучыў яму адзін з пакояў.

«Не ўяўляю жыцця без Фомкі — без яго апусцее і мой дом, і наша вёска, і наша парафія, — кажа святар. — Але ў прыроды свае законы — іх і будзе прытрымлівацца барадзеніцкі белакрылы гадаванец».

Анатоль Кляшчук, Фота аўтара
Zviazda.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў