Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі прайшла ў Паставах
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
26.04.2016 09:54

У парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага ў Паставах адбылася сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Мерапрыемства пачалося ўвечары 23 красавіка і працягвалася да раніцы наступнага дня.

На сустрэчу сабралася моладзь з Паставаў, Глыбокага, Варапаева, Мёраў, іншых гарадоў і вёсак Віцебшчыны.

Прадстаўнікі моладзі адзначалі важнасць такіх сустрэч, дзе можна разам сабрацца, каб памаліцца, проста паразмаўляць адзін з адным, бо, калі разам збіраецца шмат маладых вернікаў, каб разам пазнаваць Бога, то адчуваецца еднасць усяго Касцёла і ёсць упэўненасць, што Касцёл мае будучыню.

Пра важнасць веры для маладога чалавека вельмі добра сказала Святлана Пяткоўская з Варапаева, якая падзялілася прачытаным выказваннем аднаго мудрага чалавека: «Чалавек, які прыходзіць да Бога ў старасці, ратуе сваю душу, а той, хто прыходзіць у маладосці, ратуе сваё жыццё».



На сустрэчы прысутнічаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Іерарх узначаліў святую Імшу, якая пачалася ў 23 гадзіны ў пастаўскім касцёле. Звяртаючыся да моладзі, ардынарый дыяцэзіі паразважаў на тэму Божай міласэрнасці і важнасці веры для фармавання хрысціянскага светапогляду.

«Мы атрымліваем дар Божай міласэрнасці, калі проста адкрываемся на яго. І вось тут нам патрэбна малітва, нашая асабіста, іншага чалавека, каб мы маглі гэты дар прыняць», – сказаў іерарх, адзначыўшы, што, каб прыняць гэты дар, трэба паглыбляць сваю веру, пазнаваць сутнасць Бога.

Біскуп Алег Буткевіч нагадаў, што адна з мэтаў гэтай сустрэчы — падрыхтоўка да Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у ліпені ў Кракаве.



Ксёндз Аляксей Асон паведаміў, што гатоўнасць арганізавана паехаць на Дні моладзі выказалі ўжо больш за 60 чалавек. Акрамя гэтага, шмат хто паедзе ў Кракаў самастойна.

Малітоўнае чуванне моладзі працягвалася ўсю ноч. Адметнасць сустрэчы была ў тым, што ў гэты ж час падобнае мерапрыемства праходзіла ў Апостальскай Сталіцы на плошчы святога Пятра, дзе з моладдзю сустракаўся Папа Францішак. Гэтая еднасць каталіцкай моладзі ўсяго свету адчувалася і на Віцебшчыне, у Паставах.



Салідарнасць і адзінства Каталіцкага Касцёла адчувалася нават у тым, што ў Рыме маладыя людзі мелі магчымасць атрымаць прабачэнне грахоў ад Папы Францішка, а ў Паставах можна было паспавядацца ў біскупа Алега Буткевіча. Як адзначыў арганізатар дыяцэзіяльнай сустрэчы ксёндз Аляксей Асон, пакуль у Касцёл свядома прыходзяць маладыя людзі, то ў яго ёсць будучыня — як у Беларусі, так і ва ўсім свеце.

Паводле catholicnews.by

(AG)

Фота catholicnews.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў