Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў

Мінская архікатэдра, 23 студзеня 2010 г.


Глыбокапаважаныя браты і сёстры, вернікі розных канфесій!

1. У чарговы раз Божы Провід дае нам магчымасць паразважаць над запаветам Езуса Хрыста «каб усе былі адно» і памаліцца аб яго выкананні.

Згодна з традыцыяй лічыцца, што экуменічны рух распачаўся па ініцыятыве пратэстантаў у пачатку XX стагоддзя. З удзячнасцю прымаючы гэты факт, трэба, аднак, падкрэсліць, што на самой справе ініцыятарам экуменізму стаў сам Езус Хрыстус. Менавіта Ён падчас Апошняй Вячэры маліўся аб еднасці. Ён добра ведаў, што заснаваны Ім адзін і адзіны Касцёл як Боска-чалавечая супольнасць па прычыне чалавечага граху зведае падзел. Гэтыя падзелы, якіх на працягу больш за 2000-гадовую гісторыю хрысціянства было нямала, — справа злога духа. Гэта наступства граху. Падзел хрысціянаў — гэта рана на містычным Целе Хрыста, рана, якую трэба лячыць.

2. Пераломным здарэннем у пошуку дыягназу, лячэнні хваробы падзелу ў хрысціянскім свеце і развіцці экуменізму стаў Другі Ватыканскі Сабор, які адбыўся ў 1963–1965 гг. Адной з мэтаў Сабору, паводле думкі яго ініцыятара благаслаўлёнага папы Яна XXIII, было развіццё адносін са светам і іншымі веравызнаннямі.

Гэтае заданне Сабор выканаў вельмі добра. На ім быў прыняты Дэкрэт пра экуменізм, які стаў сапраўднай Magna Charta ў развіцці адносін Каталіцкага Касцёла з іншымі веравызнаннямі.

Рэвалюцыйным трэба палічыць вучэнне Сабору аб тым, што іншыя хрысціяне былі названы братамі. Сабор таксама прызнаў усе сакрамэнты Праваслаўнай Царквы і аб’явіў, што яна мае тыя ж самыя сродкі для збаўлення, што і Каталіцкі Касцёл, што тэалагічна зблізіла нашыя Цэрквы і разбурыла муры ўзаемнага недаверу.

Амаль 45 гадоў, якія мінулі пасля Сабору, сталі часам будавання новых адносін паміж рознымі хрысціянскімі Цэрквамі і супольнасцямі. Гэта быў нялёгкі шлях. Трэба было перамагчы існуючыя да гэтага перакананні, папярэджанні, навучыцца па-новаму адносіцца да іншых хрысціянаў і будаваць новы клімат гэтых адносін. Дадзены Божым Провідам час не быў страчаны або пражыты ўпустую і, нягледзячы на цяжкасці, прынёс многа пазітыўных вынікаў.

3. Сёння, калі ўвесь хрысціянскі свет знаходзіцца перад вельмі нябяспечнымі выклікамі сучаснасці, калі перад хрысціянствам стаіць шэкспіраўскае пытанне «to be or not to be» — «быць або не быць», мы яшчэ мацней адчуваем неабходнасць аб’яднаць свае сілы для абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Сучаснаму свету пагражае бяздонне паміж верай і жыццём, якое з кожным днём усё больш павялічваецца. На жаль, сучасныя хрысціяне даволі лёгка паддаюцца спакусе прыстасавання да духу гэтага свету. Такім чынам, замест таго, каб быць сведкамі Евангелля, іх жыццё становіцца антысведчаннем.

Выклікам для ўсіх хрысціянаў становіцца і секулярызм, які пашыраецца з вялікай хуткасцю. На гэты выклік трэба адказваць супольна. Гэта не толькі праблема Каталіцкага Касцёла. Гэта праблема ўсяго хрысціянства, якому секулярызаваны свет «навязвае» свае прынцыпы. Часам, нават, здаецца, што ў клімаце абсалютнай свабоды нявер’е ўспрымаецца як нешта само сабой зразумелае, у той час як за веру і хрысціянскія сімвалы трэба весці жорсткую барацьбу. Найлепшым сведчаннем аб гэтым з’яўляецца тое, што ў многіх краінах Еўропы распачалася барацьба з сімвалам хрысціянства — крыжом. Нават у традыцыйна хрысціянскіх краінах гучыць патрабаванне забараніць яго наяўнасць у публічных месцах. Некаторыя арганізацыі ў імя няправільна зразумелай талерантнасці забараняюць сваім працаўнікам насіць сімвалы хрысцінства, такія, напрыклад, як крыжык або медалік. На іх думку, гэтыя сімвалы закранаюць рэігійныя пачуцці нехрысціянаў або няверуючых.

4. Таму нам усім трэба супольна бараніць хрысціянскія прынцыпы, якія былі аб’яўлены ў Святым Пісанні. Пры гэтым іх трэба прадстаўляць у пазітыўным сэнсе — як вызваленне ад абмежаванняў граху і шлях да аўтэнтычнага жыцця адкупленых дзяцей Божых. Нам трэба таксама супольна абвяшчаць Евангелле, каб яно ўспрымалася як адказ на праблемы сучаснасці. Мы ўсе разам павінны пераканаць сучаснага чалавека ў тым, што паміж Евангеллем і натуральным правам існуе цесная сувязь, якая павінна выражацца як у грамадскіх законах, так і ў асабістых маральных рашэннях, — як навучае папа Бэнэдыкт XVI.

Стоячы перад рэальнасцю выклікаў сучаснасці, нам трэба памятаць: ёсць значна больш таго, што нас аб’ядноўвае, чым таго, што нас раздзяляе. Гэта адна вера ў Бога Айца, Збаўцу Езуса Хрыста і Духа Святога Жыватворцу. Праз сакрамэнт хросту мы адрадзіліся ў Хрысце і з’ядналіся з Ім. Мы прызнаём Святое Пісанне як крыніцу нашай веры. Для многіх хрысціянаў такой крыніцай з’яўляецца і Традыцыя. Многія хрысціяне маюць епіскапат, цэлебруюць Эўхарыстыю і набажэнствы да Маці Божай. Асвячальная моц Духа Святога дзейнічае паміж імі.

5. Усё гэта з дапамогай Божай ласкі павінна стаць вядучай сілай на шляху нашага імкнення да адзінства, якое ёсць справай Духа Святога. Мы ж з’яўляемся толькі інструментамі ў Яго руках.

Недастаткова казаць выключна пра талерантнасць, неабходна сапраўднае імкненне да адзінства, — як казаў вялікі ініцыятар экуменізму Слуга Божы Ян Павел II. Няхай жа нашыя малітвы, намаганні ў абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў і пачуццё адказнасці за будучыню хрысціянства дапамогуць нам быць паслухмянымі інструментамі ў руках Божага Провіду, каб мы ўсе былі адно і дзякуючы гэтай еднасці свет паверыў і дасягнуў збаўлення. Амэн. 

Адноўлена 23.01.2010 23:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі