Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на завяршэнне I Кангрэса каталіцкіх СМІ


26 жніўня 2012 г., гродзенская катэдра

Плыць разам з Езусам

«Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага».

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэтыя словы сённяшняга Евангелля з’яўляюцца ключавымі для зразумення сэнсу хрысціянскага жыцця. Яны прадстаўляюць праграму жыцця кожнага хрысціяніна — жыць праўдай, якую аб’яўляе Езус.

Вядомы ірландскі хрысціянскі мысліцель і пісьменнік Клайв Льюіс у адной са сваіх навукова-фантастычных трылогій «Пераландра» (Perelandra) прадстаўляе рай, спакушаемы праз злога духа. Замест таго, каб паказваць рай, як ён апісаны ў Кнізе Быцця, Льюіс прадстаўляе яго як велізарнае мора, на якім знаходзяцца плаваючыя астравы. Хвалі на моры такія вялікія, што астравы на іх падымаюцца ўверх і апускаюцца ўніз. Жыхары вострава не могуць бачыць нічога іншага, як толькі сам востраў або мора.

У гэтым раі ўсё было вельмі прыгожа. У моры плавалі дэльфіны, якія так узбурвалі ваду, што была бачна прыгожая вясёлка. Расліннасць была буйная і зялёная. Садавіна — вельмі прыгожая і смачная.

2. І вось аднойчы нейкі даследчык з зямлі прызямліўся на адным з астравоў, прыгажосць якога пераўзышла ўсе яго чаканні. Потым вельмі далёка на вадзе ён убачыў чалавечую фігуру. Калі востраў наблізіўся да яе, стала зразумела, што гэта жанчына. На спіне дэльфіна яна плавала ад аднаго вострава да другога. Яна была вельмі прыгожай. Пазней чалавек даведаўся, што яна каралева зямлі і валадарыць разам са сваім мужам каралём. Толькі яны ўдваіх былі жыхарамі рая.

3. Усё выглядала вельмі добра, аднак прышэлец нечакана ўбачыў дракона, які лётаў над востравам. Ён зразумеў, што гэты прыгожы свет раю знаходзіцца ў нябяспецы злога духа. «Што ты робіш на гэтым плаваючым востраве?» — спытаўся дракон у жанчыны. «Бог сказаў нам даверыцца Яму», — адказала яна. «Глядзі, там ёсць кантынэнт. Ён не плавае, а знаходзіцца ў стабільнай сітуацыі. Чаму ты павінна рызыкаваць сваім жыццём, давяраючыся Богу? Ты павінна знаходзіцца на цвёрдым, а не плаваючым грунце», — адказаў дракон.

Такім чынам пісьменнік Льюіс уздымае адвечнае пытанне чалавека: верыць у тое, што ён бачыць, ці даверыцца Богу. Верыць у духоўнае, якое нябачна, ці верыць у бачнае матэрыяльнае.

4. Слухачы Хрыста знаходзіліся ў падобнай, апісанай Льюісам, сітуацыі. Яны любілі Яго слухаць. Яны бачылі Ягоныя цуды і дзівіліся ім. Яны елі хлеб, які Ён даў ім. Яны чулі пра Божае Валадарства. Але калі Езус запатрабаваў ад іх абсалютнай веры ў Яго, то яны збянтэжыліся. Хрыстус сказаў, што хлебам вечнага жыцця ёсць Ягонае Цела. Яны прынялі гэтыя словы літаральна і, не з’яўляючыся канібаламі, адышлі ад Яго, каб вярнуцца да жыцця, якое вялі да спаткання з Ім.

Апосталы распавялі Езусу пра гэта. Можа, яны хацелі, каб Езус у сваім навучанні не быў такі катэгарычны і радыкальны. Аднак Ён не жадаў кампраметаваць праўду і таму задаў ім пытанне: «Ці вы таксама хочаце адыйсці?» «Куды мы пойдзем, Пане? Ты маеш словы жыцця вечнага», —адказаў Пётр.

5. З гэтым вызнаннем веры Пётр застаўся на плаваючым востраве надзеі і веры. Ён не ведае, як гэта магчыма, што Езус можа даць сваё Цела як хлеб жыцця вечнага. Але ў той жа час ён ведае, што добра быць з Езусам і што найперш неабходна верыць Богу.

У сённяшнім Евангеллі Езус кажа, што Дух дае жыццё. Мы пакліканы верыць у Бога і давяраць Яму, каб знаходзіцца на плаваючым востраве веры, а не давяраць сабе, сваім здольнасцям і бачнаму свету. Таму мы пакліканы да веры.

6. Гэта асабліва важна ў наш час. Сучасны свет многа разважае пра розныя крызісы — найперш пра эканамічны і фінансавы. Трэба гаварыць і пра іншыя крызісы, напрыклад спорту. Толькі што завяршылася алімпіяда ў Лондане. 12 медалёў — гэта вельмі мала для Беларусі з так моцна развітай спартыўнай інфраструктурай.

Аднак сярод крызісаў сучаснага свету неабходна памятаць і аб крызісе веры. Ён праяўляецца ў паўсюдным жыцці. Яго вынік — гэта разбітыя сем’і, наркаманія, алкагалізм, амаральнае жыццё, карупцыя, выбарачнасць навучання Евангелля, жыццё так, як быццам Бог не існуе, і г.д. Нярэдка мы сцвярджаем, што з’яўляемся веруючымі, молімся ў касцёле, але па-за яго парогам жывём як язычнікі. Мы кажам, што Божы закон у працы і паўсюдным жыцці нас не абавязвае. Сучасны свет трывае ў духоўнай абыякавасці, далёка ад Божага слова і сакрамэнтаў, якія з’яўляюцца крыніцамі хрысціянскага жыцця.

7. Так не можа быць. Таму Касцёл на сучасным этапе свайго развіцця звяртае вялікую ўвагу на новую евангелізацыю, гэта азначае на новае абвяшчэнне Евангелля сярод ахрышчаных, але страціўшых сваю веру. Сучасны свет патрабуе новага абвяшчэння Добрай Навіны, з новым запалам, новымі метадамі і новымі сродкамі, каб нанова запаліць агонь веры ў сэрцах людзей. Сёння трэба не толькі хрысціць тых, якія навярнуліся, але і навяртаць ахрышчаных, якія адышлі ад Бога.

Адным з новых і вельмі эфектыўных сродкаў абвяшчэння Евангелля з’яўляюцца мас-медыя. Гэта новая амбона сучаснага секулярызаванага свету, які больш давярае сабе, развіццю навукі і тэхналогіі; давярае бачнаму, забываючы пра духоўнае.

«Бяда мне, калі б я не абвяшчаў Евангелле», — кажа св. Павел, апостал. Кангрэс каталіцкіх СМІ, які завяршаецца, яшчэ раз пацвердзіў іх актуальнасць і неабходнасць у працэсе евангелізацыі для перадачы і ўмацавання веры. Сцвярджэнне св. апостала Пятра «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» заахвочвае нас жыць гэтымі словамі. А каб імі жыць, іх трэба ведаць. Галоўным заданнем Касцёла і ёсць абвяшчэнне слова Божага, і дапамогай у гэтым з’яўляюцца медыя.

8. На самой справе мы жывём на плаваючым востраве, якім з’яўляецца наша зямля, дзе ўсё імгненна змяняецца. Але калі мы даверымся Богу, то гэты плаваючы востраў стане больш трывалым, чым зямля з яе матэрыяльнымі ідэямі і імкненнем давяраць таму, што бачнае. Злы дух спакушае нас будаваць наша жыццё на матэрыяльных каштоўнасцях. Гэтым ён імкнецца абмежаваць нас. Мы людзі з чалавечым целам і адначасова з душой. Гэта азначае, што мы не толькі матэрыяльныя, але і духоўныя. І таму з глыбіні нашых душаў павінен гучаць голас: «Пане, я Цябе не пакідаю, бо Ты адзіны маеш словы жыцця вечнага», словы, якія дапамагаюць будаваць шчасце ў гэтым жыцці і дасягнуць яго ў вечнасці. Амэн.

Адноўлена 23.08.2012 21:35
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі