Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы рэзурэкцыі

31 сакавіка 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння раніцай у нашых касцёлах адбываецца рэзурэкцыйнае набажэнства, якое складаецца з эўхарыстычнай працэсіі і св. Імшы. Падчас працэсіі мы публічна сведчым нашу веру ва Уваскрасенне Хрыста. Падобна таму, як Уваскрослы Езус паказаўся вучням, так у эўхарыстычнай працэсіі Ён паказваецца людзям. Урачысты звон званоў абвяшчае вялікую радасць Уваскрасення Хрыста, якое з’яўляецца падмуркам нашай веры. Мы віншуем адзін аднаго радасным воклічам «Хрыстус Уваскрос» – «Сапраўды Уваскрос!».

Сіла хрысціянства праяўляецца ва Уваскрасенні Хрыста. Нездарма св. ап. Павел кажа, што калі б Хрыстус не ўваскрос, то пустой была б наша вера і наша абвяшчэнне Евангелля. Менавіта таму апосталы і евангелісты пастараліся прадставіць гэтую праўду людзям і паказаць, што Хрыстус сапраўды ўваскрос.

2. Гісторыю Уваскрасення Хрыста мы найперш чытаем у Евангеллі. Так, евангельскі аповед, які Касцёл прадстаўляе нашай увазе Пасху, паказвае Магдалену каля пустога гробу Езуса. Яна была вельмі здзіўлена тым, што камень, якім быў закрыты гроб, быў адвалены і ўнутры не было цела Езуса, хаця гроб сцераглі жаўнеры. Пётр і Ян, якія прыбеглі потым да грабніцы Езуса, таксама не знаходзяць там Яго. Пётр здзіўлены тым, што грабніца пустая, а Ян заўважае, што адзенні, у якія было завёрнута цела Хрыста, засталіся непарушанымі. Яны былі ў такім стане, як быццам цела Езуса выпарыла з іх.

Трэба зазначыць, што евангельскія аповеды вельмі акуратныя і прадстаўлены мудра, бо апосталы хацелі паказаць, што наша вера абапіраецца не на фікцыі, але на рэальных фактах.

На працягу некалькіх наступных тыдняў падчас велікоднага перыяду Касцёл прадставіць нам шмаь сведчанняў аб Уваскрасенні Хрыста. Усё гэта чыніцца для таго, каб умацаваць нашу веру і заахвоціць следаваць за Уваскрослым Хрыстом.

3. Святы апостал Павел называе Езуса першародным са смерці, бо Ён сапраўды першы ўваскрос з памерлых. Мы праз хрост уключаны ў Хрыста, і таму тое, што сталася з Ім, станецца з намі. Але для гэтага мы найперш павінны атаясаміць сябе з Хрыстом. З дапамогай Божай ласкі мы павінны ўваскрэснуць з нашых духоўных магіл.

А як выглядаюць гэтыя нашыя магілы? Мы ведаем, як выглядала магіла Езуса. Гэта была новая пячора, якую выканаў Юзаф з Арыматэі. Мы ведае таксама, як Езус трапіў туды. А што з нашымі магіламі? Што нас змясціла туды? Чаму мы там знаходзімся і нават не стараемся адтуль выйсці?

Нашы магілы розныя, таксама як рознымі з’яўляюцца немаральныя жаданні і імкненні нашых сэрцаў. Нашай магілай могуць быць нашыя грахі. Ёй можа быць алкагалізм. Можа быць наркатычная залежнасць. Можа быць неўпарадкаванае і нязгоднае з Божым правам сексуальнае жыццё і сужэнская нявернасць. Можа быць лянота. Можа быць карупцыя ці іншае злачынства і г.д.

Ёй таксама можа быць боязь выйсці з грахоўнай залежнасці. Мы баімся, што можа прыйсці святар ці хтосьці іншы, які сапраўды жадае нам дабра, адваліць камень ад нашай духоўнай грабніцы і паставіць нас перад праўдай Евангелля.

Анёл сказаў Магдалене: не бойся. Гэтыя словы ён сёння кажа таксама і нам. Чалавек, не бойся выйсці з магілы сваіх грахоў, якую ты палюбіў, да якой ты прывязаўся, у якой табе звыкла і якая цябе ўтрымлівае. Не бойся ісці за Хрыстом, бо цябе ўмацоўвае ласка Уваскрослага Езуса. Ты не можаш святкаваць Пасхі, застаючыся ў грабніцы сваіх грахоў або толькі адной нагой выйшаўшы з яе, бо не атрымаеш той радасці і надзеі, якую нясе з сабой пасхальная таямніца.

4. Езус збавіў нас, але вывесці нас з грабніцы нашых грахоў Ён не можа. Ён дае сілы, паказвае дарогу, заахвочвае, працягвае сваю руку. Аднак за яе ўхапіцца павінны мы самі. Ён нікога не змушае, бо шануе нашу свабоду. Таму Езус чакае нашага супрацоўніцтва з Ім. Вельмі прыгожа на гэтую тэму сказаў вялікі французскі фізік Блажэй Паскаль, які ў вусны Езуса ўклаў настпуныя словы: «Чалавек, Я памятаў пра цябе падчас агоніі і за цябе праліў сваю кроў. Але ці ты хочаш, каб Я заўсёды плаціў Маёй крывёй, а ты нават не хочаш праслязіцца?»

Моцныя словы вялікага мысліцеля. У сённяшні велікодны паранак яны павінны глыбока запасці ў нашыя сэрцы, каб замест грабніц з іх учыніць святыні Духа Святога.

5. Ласка Змёртвыпаўстання – гэта самы вялікі дар, які мы атрымалі. Але ці мы ўмеем ім карыстацца? Адна легенда распавядае пра так званы выпрабавальны камень, які знаходзіўся на беразе мора. Калі гэтым каменем дакрануцца да іншай рэчы, яна ператвараецца ў золата. Знакам таго, што гэта сапраўды выпрабавальны камень, з’яўляецца тое, што ён павінен быць гарачым.

Даведаўшыся пра такі камень, адзін чалавек адразу паехаў на мора і пачаў шукаць яго. Ён браў у рукі камень за каменем, але ўсе яны былі халодныя, і ён іх кідаў у мора. Ішлі дні, тыдні, месяцы, годы, а ён усё не мог знайсці выпрабавальны камень. Нягледзячы на гэта, ён шукаў і шукаў, выкідваючы ў мора халодныя камяні. Ён да гэтага так прызвычаіўся, што амаль што аўтаматычна браў камень і кідаў у мора. І вось аднойчы ён падняў камень, які быў гарачы, але са звычкі кінуў яго ў мора.

Такім чынам ён страціў сваё шчасце. Ён апынуўся ў грабніцы сваіх звычак аўтаматычна кідаць камяні ў мора і такім чынам не выкарыстаў дару, які атрымаў.

А як з намі? Ці мы часам не трацім дару пасхальнай ласкі? Ці не выкідваем яе ў секулярнае мора? Ці заўсёды застаёмся чуйнымі, бо, можа, нашае шчасце побач, мы яго не бачым і не хочам бачыць?

Пане Езу, Ты аддаў за нас сваё жыццё і выслужыў нам збаўленне, дапамажы нам належным чынам выкарастаць гэты пасхальны дар, яго не згубіць і не адкінуць ад сябе, але ім жыць, бо ён вядзе да перамогі над злом і да сапраўднага шчасця. Амэн.  

Адноўлена 05.04.2013 11:30
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі