«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы | Друк |
Беларусь
21.04.2016 08:35

Вясной 2015 года пачалася кругласутачная «Няспынная малітва за Беларусь». Вернікі розных канфесій паступова далучаліся да малітвы, абіраючы свае малітоўныя 60 хвілін за Радзіму.

Малітва працягваецца ўжо больш за год, і яе ўдзельнікі ў асноўным мужна трываюць у ёй, нават калі іх час выпадае на чатыры раніцы. Але ці так усё лёгка, ці сапраўды атрымліваецца не забыцца пра гэты час, ці няма знешніх або ўнутраных перашкод?

Часам некаторыя людзі адмаўляюцца ад малітвы, і на іх месца знаходзяцца новыя ахвотнікі.

У падтрымку і дзеля заахвочвання новых удзельнікаў гэтай ініцыятывы прапануем знаёмства з некаторымі людзьмі, якія трываюць у гэтым адказным абавязку.

Наступная асоба — Уладзімір Шыпіла.

— Раскажы пару словаў пра сябе. Чым займаешся? Чым цікавішся?

— Уладзімір Шыпіла, 27 гадоў. Зараз я з’яўляюся малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН РБ, займаюся даследаваннямі ў вобласці гістарычнай антрапалогіі.

Гэта даследванні фізічнага тыпу нашых продкаў — якія змены адбываліся ў знешнім выглядзе ў прасторы і часе (якім чынам беларусы сталі такімі, якімі яны ёсць зараз). Падчас даследванняў трэба сінтэзаваць розныя навукі: і антрапалогію, і археалогію, і палеалінгвістыку, і, канешне ж, гістарычныя даныя.

Акрамя навуковай дзейнасці Уладзімір — вялікі кнігалюб:

— Я люблю чытаць кнігі проста па гісторыі, па гісторыі культуры, па рэлігійнай тэматыцы.

На сёння я адчуваю вялікую патрэбу ў грунтоўных ведах па Святым Пісанні. Мне хацелася б наведваць пэўныя заняткі, дзе б мне гэта тлумачылі.

Таксама малодшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук калісьці пісаў і вершы.
 
— Як з паэзіяй зараз?

— Два гады ў гэтай сферы я адчуваў пустэчу, але апошні час пайшло. Раней былі публікацыі ў часопісе «Дзеяслоў», у чым мяне заахвочваў і падтрымліваў Алесь Аркуш. Таксама я прымаў удзел у літаратурных вечарынах, якія ладзіла Галіна Сташкевіч, кіраўнік літаратурна-мастацкага салона «Крылы» ў Наваполацку. Заўсёды былі побач людзі, якія дапамагалі ў творчых справах.

— А адкуль ты даведаўся пра «Няспынную малітву за Беларусь»?

— Пра «Няспынную малітву» я даведаўся з сацыяльнай сеткі — з фэйсбука. Я ўвогуле з сеціва вельмі часта даведваюся пра цікавыя мерапрыемтвы, карысныя ініцыятывы. А год таму я стаў больш цікавіцца канфесіямі, Цэрквамі ў Беларусі. Калі я дадаваўся да суполкі ў фэйсбуку, то канкрэтна і не ведаў, што гэта за ініцыятыва. Як аказалася, мэта яе — злучыць намаганні вернікаў усіх хрысціянскіх канфесій у Беларусі, бо нам, беларусам, звычайна складана арганізавацца ў высакародных і шчырых справах, але вось дзякуй Богу, у малітве прыйсці да еднасці здолелі.

Першы раз за Беларусь маліўся ва Украіне

Вельмі незвычайнай была мая першая малітва. Атрымалася, што я маліўся за Беларусь ва Украіне. Быў красавік, самы пачатак «Малітвы за Беларусь», а ў мяне там праходзіла канферэнцыя для малодшых навуковых супрацоўнікаў і студэнтаў. У мяне была гадзіна малітвы ўначы. Памятаю, што ў нас быў начлег у студэнцкім інтэрнаце, дзе я проста маліўся сваімі словамі.

— Ці заўсёды атрымліваецца знайсці час для Пана?

— Дзякую Богу, што я знаходжу на гэта час. Калі прачынаюся, калі засынаю — абавязкова малюся. А таксама бываюць такія моманты, калі я проста ўдзячны Яму за штосьці ці за кагосьці — і тады таксама. Розныя моманты жыцця — нагоды для малітвы — няцяжка ж знайсці.

— Чаму ты вырашыў маліцца за Беларусь?

Уладзімір з роднай сястрой Наталляй, паэткай і спявачкай

— Тое, што я бачу зараз, што адбываецца вакол, проста спараджае крык да Бога. Зараз я адчуваю, што, акрамя Бога, нам няма на каго спадзявацца, бо Ягоная падтрымка дае нам сілы і спадзяванні на будучыню. Стаўшы ўдзельнікам «Няспыннай малітвы», я даведаўся, што такіх людзей, якія маліліся і працягваюць скіроўваць малітвы Богу за Беларусь, шмат. А зараз мы яшчэ і разам. Гэта сапраўдны цуд!

— Якая малітоўная патрэба, на тваю думку, найбольш важная ў дадзены перыяд?

— Каб беларусы пакаяліся як народ. Пакаяліся за ўсё дрэннае, што рабілі, за тое, што не былі ўдзячныя Богу.

— Што для цябе Беларусь?

— Хрысціянская краіна. Мы не павінны саромецца казаць, што Беларусь была і ёсць хрысціянскай. Беларусь — гэта зямля Хрыста. Тое, што мы маем у культуры і мастацтве, – гэта пераважна дзякуючы таму, што Беларусь хрысціянская. Пры тым, я не адмаўляю іншых канфесій. Бо, напрыклад, кітабы — гэта таксама частка беларускай культуры, але асноўны стрыжань мне бачыцца менавіта ў хрысціянстве. Яшчэ два-тры гады таму я б такога не сцвярджаў. І калі б мне тады сказалі, што я буду такім, які я зараз, то я б не паверыў.

— Якія перамены адбыліся ў табе падчас малітвы?

— Мне малітва дапамагла ў арганізацыі духоўнага стану, і я пачаў больш думаць пра маленне і чытанне Бібліі ўвогуле. І ў рэшце рэшт я зразумеў, што малітва — гэта галоўнае, а ўсё астатняе — потым.

Падчас моўных заняткаў «Мова нанова»

— Што ты адчуваеш перад тым, як распачаць малітву за Айчыну?

— Найперш — адказнасць, потым жаданне сканцэнтравацца, каб не проста кідаць словы, але каб кожнае з іх ішло ад сэрца. Для мяне таксама важна, каб падчас малітвы ў думках не пераходзіць да побытавых праблем, якія перашкаджаюць засяроджанасці.

— «Гадзіна ў малітве» — гэта шмат?

— Гэта зусім няшмат. Калі ты абраў якуюсьці гадзіну, то гэта зручна для цябе. Ёсць нашмат больш складаныя рэчы, якія людзі вытрымліваюць. Праводзіць час у малітве трэба пры любой нагодзе і чым больш — тым лепш.

Я спадзяюся, што мяне хопіць надоўга. Гэтая ж ініцыятыва прывучае нас скіроўваць малітвы Богу і маліцца не толькі ў цяжкія моманты - сацыяльнай, эканамічнай ці палітычнай нестабільнасці, - але пастаянна.

Я спадзяюся, што гэта духоўная ініцыятыва нашай будучыні. І я ўпэўнены, што людзі будуць проста маліцца, ужо без дамоўленасці.

— Якія можаш сказаць словы натхнення для новых удзельнікаў, цяперашніх і будучых?

— Далучайцеся да малітвы і звяртайцеся да Бога сваімі словамі. Звяртайцеся часцей да Таго, хто нас стварыў і даў нам права на гэтае жыццё. Не толькі прасіце, але найперш дзякуйце за ўсё, што маем.

Гадзіны, якія ўжо занятыя і яшчэ вольныя, можна паглядзець тут»»

Матэрыялы на гэтую тэму:

«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Яўген Балагураў

«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Тамара Мінютка

«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Кацярына Стасюлевіч і Павел Вільтоўскі

«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Арцём Сітнікаў

Размаўляла Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by