Вясной гэтага года пачалася кругласутачная «Няспынная малітва за
Беларусь». Вернікі розных канфесій паступова далучаліся да малітвы,
абіраючы свае малітоўныя 60 хвілін за Радзіму.
Малітва працягваецца ўжо больш за паўгода, і яе ўдзельнікі ў асноўным мужна трываюць у ёй, нават калі іх час выпадае на чатыры раніцы. Але ці так усё лёгка, ці сапраўды атрымліваецца не забыцца пра гэты час, ці няма знешніх або ўнутраных перашкод? Часам некаторыя людзі адмаўляюцца ад малітвы, і на іх месца знаходзяцца новыя ахвотнікі. У падтрымку і дзеля заахвочвання новых удзельнікаў гэтай ініцыятывы прапануем знаёмства з некаторымі людзьмі, якія трываюць у гэтым адказным абавязку. Наступная асоба — Тамара Мінютка.
— Раскажы крыху пра сябе. — Працую ў літаратурна-мастацкім часопісе «Маладосць» намеснікам галоўнага рэдактара. Гэта мой асноўны занятак на сённяшні дзень. Удзячная Богу, што Ён прывёў мяне ў сферу журналістыкі, бо на сваёй пасадзе я шмат чаму навучылася. Раней выкладала польскую мову, і цяпер перыядычна да гэтага вяртаюся.
— А акрамя працы чым займаешся? — Мы з мужам будуем сямейнае гняздзечка, і зараз гэта наш галоўны занятак. Мы чакаем дзіцятка, жыццё імкліва змяняецца і мы мяняемся разам з ім. На адмысловыя хобі часу не застаецца. Але мы рэгулярна наведваем разнастайныя культурныя мерапрыемствы.
— Адкуль ты даведалася пра «Няспынную малітву за Беларусь»?
— Убачыла абвесткі на фэйсбуку і ў іншых сацыяльных сетках. І прыняла рашэнне маліцца.
— Ці заўсёды атрымліваецца знайсці час для Пана?
— Стараюся, безумоўна, знаходзіць, і знаходжу, хоць мітуслівае жыццё перашкаджае. Ніколі не прапускаю нядзельную святую Імшу. Стараюся таксама сярод тыдня патрапіць у касцёл. Мы з мужам пастанавілі, што будзем маліцца разам. І гэта вельмі дысцыплінуе. Калі адзін забудзецца, то другі нагадае. Спадзяюся, гэта будзе нашай сямейнай традыцыяй. — А чаму ты прыняла рашэнне маліцца за Беларусь?
— Беларусь патрабуе малітвы. У нас вельмі шмат «праблемных» месцаў, з якімі мы мусім звяртацца да Пана. У нашага народа хворая душа. Страчаны духоўныя і маральныя арыенціры, скалечана гістарычная памяць. У нас няма адзінства ў веры, каштоўнасцях, нават у мове. Шмат хто арыентуецца на чужынскую культуру, не жадаючы ведаць свайго. Без Бога будзе цяжка выблытацца з гэтых праблем. — Якая малітоўная патрэба на дадзены момант самая важная?
— Трэба маліцца за людзей, за іх навяртанне, каб яны імкнуліся да праўды, шукалі яе і маглі адстойваць. — А што для цябе Беларусь?
— Мая Радзіма, маё жыццё. Гэта тое, што я вельмі моцна люблю: людзі навокал, мая сям’я, сябры, культура, літаратура, мова, прыгажосць прыроды, так добра бачная падчас пілігрымак. Я шчаслівая, бо мая праца звязана з беларускай мовай і літаратурай і ў маёй сям’і размаўляюць па-беларуску. Таму Беларусь унутры мяне і навокал мяне. — Якія перамены адбыліся ў табе за час малітвы?
— Магу сказаць, што малітва таксама вельмі мяне дысцыплінуе. Гэта час, калі я жалезна павінна аддаць гадзіну на кантакт з Богам, на думкі пра Беларусь, на малітву. Гэта шмат што дае ў духоўным плане. Калі б я не ўдзельнічала ў «Няспыннай малітве», я б дакладна не малілася штотыдзень цэлую гадзіну. Часам муж дапамагае, далучаецца, а калі ў мяне не атрымліваецца памаліцца, то падмяняе. Часта мне, змучанай пасля мітуслівага дня, прыходзіцца змагацца са стомай, са сном, часам даходзіць да таго, што я проста выключаюся. Але гэтая малітва вартая высілкаў, яна дае духоўны плён: пераадоленне сваёй слабасці, ляноты, абыякавасці. «Бог і так усё бачыць і ведае, навошта доўга з Ім размаўляць». Але менавіта гэтая малітва прымушае мяне знаходзіць час на размову з Панам. Як бы ні было цяжка, я не шкадую, што ўдзельнічаю ў ёй, і не збіраюся ад гэтага адыходзіць. Напачатку падчас малітвы былі найбольш узнёслыя эмоцыі, зараз спакайней, бо я, напэўна, прызвычаілася. Асабліва добра я запомніла першую малітву. Яна мяне натхніла, я адчула прасвятленне, і для мяне гэта быў знак, што я пачала добрую справу. Пан Бог мне гэта паказаў.
— Якія пачуцці напаўняюць цябе перад малітвай?
— Адказнасць. Гэта мой час несці варту. Адчуваеш, што спаўняеш вельмі важную функцыю, што ты частка вялікай супольнасці, аб’яднанай адной важнай мэтай.
— Гадзіна ў малітве — гэта шмат?
— Гэта абсалютна не шмат. З цягам часу гадзіна малітвы пралятае ўсё хутчэй. Асабліва калі канцэнтруешся на малітве і не сочыш за часам.
— Наколькі, як ты думаеш, цябе хопіць?
— Я не стаўлю абмежаванняў. Здаецца, пакуль я ёсць, я змагу маліцца.
— Пару словаў натхнення для тых, хто моліцца ці яшчэ толькі збіраецца далучыцца да «Няспыннай малітвы за Беларусь».
— Заахвочваю далучацца да малітвы, бо гэта справа патрэбная і годная. Яна карысная для нас саміх і, безумоўна, для Беларусі. Бог – носьбіт найвялікшай праўды, таму трэба звяртацца да Яго, каб гэтую праўду знайсці. Адзін чалавек наўрад ці справіцца, а калі ўсе разам глядзяць у адным накірунку, просяць аб адным і тым жа, то Бог пакажа рана ці позна той шлях, якім Ён хоча нас павесці.. Усе, хто яшчэ не далучыўся да такой малітвы, але лічаць яе добрай і
патрэбнай справай, якую трэба зрабіць часткай свайго жыцця, маюць
магчымасць далучыцца да яе зараз:
Гадзіны, якія ўжо занятыя, можна паглядзець тут»» Падрыхтавала Вольга Севярынец Матэрыялы на гэтую тэму: «Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Яўген Балагураў
|