Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы
Беларусь
26.10.2015 18:53

Вясной гэтага года пачалася кругласутачная «Няспынная малітва за Беларусь». Вернікі розных канфесій паступова далучаліся да малітвы, абіраючы свае малітоўныя 60 хвілін за Радзіму.

Малітва працягваецца ўжо больш за паўгода, і яе ўдзельнікі ў асноўным мужна трываюць у ёй, нават калі іх час выпадае на чатыры раніцы. Але ці так усё лёгка, ці сапраўды атрымліваецца не забыцца на гэты час, ці няма знешніх ці ўнутраных перашкод?

Часам некаторыя людзі адмаўляюцца ад малітвы, на іх месца знаходзяцца новыя ахвотнікі.

У падтрымку і дзеля заахвочвання новых удзельнікаў гэтай важнай ініцыятывы прапаноўваем знаёмства з некаторымі людзьмі, якія трываюць у гэтым адказным абавязку.

Адным з першых, пра каго распавядзем, будзе Яўген Балагураў:


— Прывітанне, мяне завуць Яўген. Сам я паходжу з Бабруйска. Апошнім часам стала жыву ў Аўстрыі і пішу дысертацыю па прыкладной фізіцы. Цікаўлюся спортам, асабліва тэнісам, апошнім часам стаў займацца планерызмам.

— Чаму ты прыняў рашэнне маліцца за Беларусь?

— Бо наша краіна патрабуе малітвы. Думаю, што сённяшні час хіба самы цяжкі для краіны за 25 гадоў яе незалежнасці.

— Які рытм твайго жыцця?

— У асноўным жыццё праходзіць паміж працай: трэба адначасова выкладаць, працаваць над сваім праектам, пісаць дысертацыю. Стараюся, прынамсі, 3-4 разы на тыдзень удзельнічаць у святой Імшы, а таксама дапамагаць пры парафіі. Часам атрымліваецца пагуляць у тэніс ці выбрацца ў горы на адпачынак.

— Ці заўсёды атрымліваецца знайсці час для Пана?

— І так, і не. Стараюся рэгулярна маліцца раніцай і перад сном, але хочацца больш і больш часу прысвячаць Богу. Але клопаты, а часам і банальная стома разам з лянотай перашкаджаюць.

— Адкуль даведаўся пра «Няспынную малітву за Беларусь»?

— Здаецца, у Фэйсбуку пабачыў.

— Што для цябе Беларусь?

— Перш за ўсё гэта краіна, у якой я нарадзіўся. Таксама гэта мае родныя, стрыечная бабуля, якая ўжо адышла да Бога, але дзякуючы якой я вывучыў беларускую мову, захапіўся беларускай культурай і гісторыяй, а таксама пасля доўгіх разважанняў прыйшоў у Касцёл.

— Чаму трэба маліцца за Беларусь?

— Думаю, для таго, каб беларусы ўсвядомілі сябе беларусамі, а не прадстаўнікамі іншай нацыі ці тутэйшымі. Каб людзі пачалі адчуваць сябе гаспадарамі на сваёй зямлі, а не наймітамі. Каб беларусы адчулі сябе беларусамі, прынамсі, пацікавіліся тым, хто быў іх прадзед. І каб было больш хрысціян.

— Якія змены адбыліся ў табе за час малітвы?

— Не ведаю чаму, але раптам у свядомасці ўсплылі словы святога апостала Паўла, якія ён атрымаў ад Пана: «Досыць з цябе Маёй ласкі. Сіла — у слабасці».

— Наколькі, як ты думаеш, цябе хопіць?

— Спадзяюся, што надоўга, бо мой час малітвы якраз спалучаны з малітвай перад сном.

— Гадзіна ў малітве гэта шмат?

— І так, і не. Бо, як мы ведаем з Бібліі, трэба маліцца няспынна, але натуральна, што сэрцам, а не адмысловымі словамі. А калі маліцца адмыслова, напрыклад, Ружанец ці літанію чытаць, то, напэўна, не так ужо і шмат. За гэтую гадзіну можна як мінімум проста адпачыць ад мітусні. Але, натуральна, атрымліваеш значна больш, калі пачынаеш разважаць над кожным словам з малітвы ці над нейкім урыўкам з Бібліі.

— Пару словаў натхнення для тых, хто моліцца ці яшчэ толькі збіраецца далучыцца да «Няспыннай малітвы за Беларусь».

— Гадзіна малітвы — гэта добрая інвестыцыя, бо можна атрымаць вельмі шмат, прычым у самы кароткі тэрмін.

Усе, хто яшчэ не далучыўся да такой малітвы, але лічаць яе добрай і патрэбнай справай, якую трэба зрабіць часткай свайго жыцця, маюць магчымасць далучыцца да яе зараз:


Гадзіны, якія ўжо занятыя, можна паглядзець тут»»

Падрыхтавала Вольга С.

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.