«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы |
Беларусь |
21.01.2016 19:44 |
Вясной 2015 года пачалася кругласутачная «Няспынная малітва за Беларусь». Вернікі розных канфесій паступова далучаліся да малітвы, абіраючы свае малітоўныя 60 хвілін за Радзіму. Малітва працягваецца ўжо больш за паўгода, і яе ўдзельнікі ў асноўным мужна трываюць у ёй, нават калі іх час выпадае на чатыры раніцы. Але ці так усё лёгка, ці сапраўды атрымліваецца не забыцца пра гэты час, ці няма знешніх або ўнутраных перашкод? Часам некаторыя людзі адмаўляюцца ад малітвы, і на іх месца знаходзяцца новыя ахвотнікі. У падтрымку і дзеля заахвочвання новых удзельнікаў гэтай ініцыятывы прапануем знаёмства з некаторымі людзьмі, якія трываюць у гэтым адказным абавязку. Нашы чарговыя суразмоўцы — Кацярына Стасюлевіч і Павел Вільтоўскі. — Раскажыце крыху пра сябе. Каця: Мяне завуць Каця. Я лагапед. Працую з малымі дзеткамі да трох гадоў з асаблiвасцямi развiцця. Мая праца мне падабаецца, бо кожная сям’я, кожнае дзiця ўнiкальнае, да кожнага трэба падабраць свой ключык, ад многiх з іх я вучуся сама. Пасля працы займаюся са старэйшымі дзеткамі. Жыву ў Лагойску, працую ў Мінску, перамяшчаюся на машыне. Менавіта таму маё жыццё хуткае. Наведваю супольнасць «Эмаус», дзе мы молімся, разважаем над нядзельным Евангеллем, выязджаем на рэкалекцыі разам. Акрамя гэтага, я вучуся ў «Школе сямейнага жыцця», якая працуе пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Павел: Я працую сталяром-станочнікам. Вельмі захапляюся гісторыяй, сам сёлета завочна скончыў гістфак. З рэлігійнага жыцця ў мяне — рэкалекцыі ў Оршы, «Вінаграднік», «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі». Таксама я пачаў вучыцца ў аўташколе. Хутка буду ў Каці прасіць паруліць (смяецца — заўв. аўт.). — А чаму вы вырашылі маліцца за Беларусь? Павел: Бо ёсць патрэба ў малітве. Мы жывём у краіне, якую любім. Бог — наш Айцец, а паколькі мы з’яўляемся Яго дзецьмі, Ён дае нам самае лепшае. Таму мы павінны сцерагчы тое, што Ён даў, і не змарнаваць гэты дар. Мне падаецца, што малітва за Радзіму патрэбна ўсім нам не менш, чым малітва за сям’ю, за родных і каханых. Каця: Магчыма, калі б да сустрэчы з Паўлікам мне прапанавалі падобную малітву, я не пагадзілася б. Але Паўлік мяне запаліў беларускай мовай, культурай, гiсторыяй. Не скажу, што я была зусім адарваная ад яе і абыякавая, але зацікаўленасці часам не хапала. І свядомую адказнасць я адчула ўжо тады, калі пазнаёмілася з Паўлікам. — Адкуль вы даведаліся пра малітву? Павел: Мне сказала Каця. Каця: А я на фэйсбуку прачытала. — Які рытм вашага жыцця? Павел: Хуткі, сучасны. Мне трошкі прасцей, жывучы ў Мінску, усё пад бокам. Касі складаней, бо яна з Лагойска ўвесь час лётае, як тая пчолка. Каця: Вельмі хуткі. Пасля працы падпрацоўваю, таму часта ў Лагойску я толькі начую. Люблю назiраць за прыродай, глядзець на неба — гэта дапамагае мне збавiць тэмп. — Ці хапае часу для Бога? Каця: Не кожны дзень дастаткова малюся. Больш увагі аддаю малітве на супольнасці, або падчас малітвы за Беларусь, ці на выхадных і таксама па панядзелках, калі разам з Паўлам мы ўдзельнічаем у малітве за вяртанне касцёла святога Язэпа. Павел: Бога я сустракаю ў штодзённай малітве, у рэкалекцыях… Але, калі гляджу на сваё жыццё, заўважаю, што на малітву мог бы і больш часу вылучаць, але марнатраўства, камп’ютар, нейкія залежнасці, калі шчыра, забіраюць частку часу… Бо, напрыклад, калі назіраю за сваімі сябрамі, то гэтыя хлопцы значна больш часу вылучаюць для Бога, і гэта заўважна нават падчас працы. Напрыклад, у нас два перапынкі і мой супрацоўнік-пратэстант амаль кожны перапынак разгортвае Біблію (або перад працай зранку) і чытае Слова. Значыць, калі захацець, адгаворку можна знайсці, але, калі быць больш аб’ектыўным і шчырым, то трэба проста больш маліцца. — Што для вас Беларусь? Павел: Гэта жыццё. Гэта сям’я, сябры, касцёл, паветра… Усё навокал. Гэта ўсё жыццё і таксама гісторыя. Каця: Што яшчэ дадаць... Напэўна, Беларусь — гэта таксама мова. Я гэта зразумела пасля аднаго выпадку: перапісвалася з палякам па-руску (у яго сям'і нехта разумеў рускую), але аднойчы вырашыла напісаць па-беларуску, бо я — беларуска з Беларусі. Але сябры-палякі не зразумелі нашу мову i папрасілi пісаць па-руску. Гэта мяне вельмі здзівіла, а пасля прыйшло ўсведамленне, што беларуская мова — гэта асобная прыгожая мова. — Чаму трэба маліцца за Беларусь? Каця: Мне падаецца, што маліцца трэба заўжды. Калі чалавек сапраўды верыць, што Бог яго стварыў, то ён будзе імкнуцца падтрымліваць кантакт з Богам, каб жыць добра і шчасліва, каб мець духоўны стрыжань. Таму, нават калі ў краіне ўсё добра, усё роўна трэба маліцца і славіць Бога. — Якія перамены адбыліся або ў вас, або ў Беларусі за час Няспыннай малітвы? Павел: Цяплей стала ў Беларусі (смяюцца — заўв.аўт). Не ведаю, можа, людзі пачынаюць больш задумвацца пра сваё жыццё. Проста час ускладняецца. У людзей няма ўпэўненасці. Людзі пачынаюць паціху разважаць — хто мы такія, куды ідзём, да чаго прыйдзем. Станоўчае ў тым, што людзі ў такія часы пачынаюць думаць. Таму гэта таксама змены. Бо пачаць думаць — гэта ўжо першы крок, каб пачать нешта рабіць, змяняць у сабе. Наконт унутраных змен падчас малітвы: гэта малітва дамамагла мне стаць у праўдзе перад самім сабой. У маім жыцці ёсць моцныя патрыятычныя пачуцці, але заўважаю, што маленькая рэч — памаліцца паўгадзіны ў тыдзень — бывае вельмі цяжкой. Хочацца на яе «забіць» і неяк адысці, схавацца, прыкрыцца чым-небудзь. Праўда ў тым, што любоў і патрыятызм былі ў мяне на словах, а не на справах. Можа, каб прыгажэй выглядаць перад дзяўчынай — такі рыцар на кані. А тут проста і не трэба крычаць «вось я, ды мне», а проста прысвяціць час на малітву… Каця: Мне падаецца, што я з кожным разам усё больш адказна стала падыходзіць да гэтай малітвы. Інтэнцыі прадумваю, форму малітвы. Напрыклад, часам я малюся ў дарозе. Для гэтых умоў больш падыходзіць малітва праслаўлення: заўважаю, якую прыгажосць Бог стварыў навокал. Стараюся на працягу тыдня адзначаць для сябе як пазiтыўныя моманты, так і справы, дзе патрэбна большая малітва. — А як плануеце гадзінную малітву? Павел: Калі мы ў гэты час побач адзін з адным, то адведзеную нам гадзіну молімся разам. Калі паасобку, то вырашаем, як каму зручней, і молімся кожны па паўгадзіны. Каця: У нас даволі зручная гадзіна. Ужо вечарам перад сном. Звычайныя справы скончаны. Можна сказаць, «vip»-гадзіна (смяюцца – заўв. аўт). Павел: Звычайна, калі мы разам, то гэта малітва праз спевы. Ахвотна разам і спяваем. — На колькі вас хопіць? Каця: Пакуль хапае. Павел: Пакуль — так. Каця: Я не адчуваю, што маю эмацыйнае выгаранне. Сілы яшчэ ёсць. Напачатку, калі запісвалася на малітву, то тэрмін быў пазначаны некалькі месяцаў. Я падумала, што некалькі месяцаў спакойна можна вытрымаць. Пазней дзесьці на фэйсбуку прачытала: «Маліцца, пакуль Беларусь не аздаравіцца», — а гэта ж бясконца (смяецца — заўв. аўт.). І мне падумалася, што не вытрымаю. Але цяпер, калі ўжо ўвайшла ў смак, пачынаю ўсведамляць, што і так трэба маліцца ўсё жыццё, ёсць гэтая гадзіна ці не. Калі ж вызначаная гадзіна ёсць, то больш адказна да яе падыходжу, і гэта дысцыплінуе. — Гадзіна ў малітве — гэта шмат? Каця: Паўгадзіны — гэта ідэальна (усміхаецца — заўв. аўт.). Здараецца так, што хтосьці з нас моліцца гадзіну, а ў кагосьці не атрымліваецца. Каб сказаць, што асабліва цяжка, то — не. Гадзіна — гэта трошкі больш, чым паўгадзіны, а ўжо пасля паўгадзіны працэс ідзе хутчэй. Павел: У мяне бывае цяжкавата, але калі, як некаторыя святары раяць, падрыхтавацца да малітвы, запрашаць у яе Духа Святога, тады сапраўды адчуваецца, што яна пачынае ўсведамляцца не як нейкі абавязак і цяжар, а як прыемны час, час размовы з Богам, час размовы з Сябрам. Таму ўсё залежыць ад таго, як ты арганізуеш сваю малітву. Падрыхтоўка патрэбна паўсюль — ці сустракаешся з чалавекам, ці чакаеш гасцей. Калі падрыхтавацца, то тады значна лягчэй — Якая малітоўная патрэба самая важная зараз? Павел: Самыя вялікія патрэбы, якія ў нас ёсць, на маю думку, — гэта малітва аб вызваленні краіны ад алкагалізму, таксама шмат зайздрасці сярод людзей, нянавісці, непрабачэння, інтэрнэт-залежнасці, распусты, ды шмат чаго іншага. Вельмі кідаецца ў вочы непавага адзін да аднаго ў грамадстве. У людзей знікае павага да свайго асяроддзя, да іншых. Гэта бачна і ў падлетках, і ў людзях больш сталага веку. Шмат хамства, нянавісці, эгаізму... Каця: Мне падаецца, у нас вельмі шмат добрых людзей, але яны нясмелыя. Калі б ім крыху сілы і смеласці, калі б хтосьці іх запаліў, то людзі цягнуліся б рабіць дабро. Напрыклад, нядаўна быў выпадак. На нядзельнай святой Імшы, калі ксёндз прывітаўся «Пахвалёны Езус Хрыстус…», людзі не ведалі, трэба адказваць ці не. Гэта хрысціянскае прывітанне, і на яго ёсць стандартны адказ. А неяк было ціха і нясмела. Святар паўтарыў прывітанне, пакуль людзі не адказалі ўжо больш упэўнена. Павел: У людзей сапраўды бракуе веры. За дзесяцігоддзі, нават стагоддзі, людзей столькі падманвалі, што яны ўжо не вераць, што можа быць нехта, хто будзе служыць, не ўзвышаючы сябе; што можа быць хтосьці, хто будзе верны свайму слову, веры, ідэалам. Людзям бракуе прыкладаў, гэта і робіць веру слабой. — Пару слоў натхнення для тых, хто моліцца за Радзіму ці плануе далучыцца да «Няспыннай малітвы». Каця: Насамрэч, гэтая малітва не патрабуе шмат высілкаў, і чым больш людзей будзе маліцца, тым прасцей будзе. Мяне захапляе тое, што малітва трывае ўжо так доўга. І хочацца, каб яна працягвалася, бо гэта мае сэнс. Павел: Мне падаецца, людзям трэба не забывацца, дзеля чаго яны пачалі гэтую малітву. А пачыналася ўсё з любові. Не варта забываць сваю любоў да Беларусі, бо любоў умацоўвае і яднае, асабліва ў цяжкія моманты. Гадзіны, якія ўжо занятыя, можна паглядзець тут»» Матэрыялы на гэтую тэму: «Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Яўген Балагураў «Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы. Тамара Мінютка Падрыхтавала Вольга Севярынец
|