Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Няспынная малітва за Беларусь» — знаёмімся з удзельнікамі ініцыятывы
Рознае
26.02.2016 07:09

Вясной 2015 года пачалася кругласутачная «Няспынная малітва за Беларусь». Вернікі розных канфесій паступова далучаліся да малітвы, абіраючы свае малітоўныя 60 хвілін за Радзіму.

Малітва працягваецца ўжо больш за паўгода, і яе ўдзельнікі ў асноўным мужна трываюць у ёй, нават калі іх час выпадае на чатыры раніцы. Але ці так усё лёгка, ці сапраўды атрымліваецца не забыцца пра гэты час, ці няма знешніх або ўнутраных перашкод?

Часам некаторыя людзі адмаўляюцца ад малітвы, і на іх месца знаходзяцца новыя ахвотнікі.

У падтрымку і дзеля заахвочвання новых удзельнікаў гэтай ініцыятывы прапануем знаёмства з некаторымі людзьмі, якія трываюць у гэтым адказным абавязку.

Наступная асоба — Арцём Сітнікаў.

— Раскажы пару словаў пра сябе. Чым займаешся? Чым цікавішся?

— Арцём Сітнікаў, 28 гадоў, хрысціянін, вернік Грэка-Каталіцкай Царквы. Спяваю ў хоры. Працую інжынерам у Інстытуце метралогіі, выпрабоўваю прыборы, каб вытворца мог атрымаць сертыфікат.

Сярод інтарэсаў: спевы, гітара, акарыны і розныя народныя інструменты, паэзія, пераклады, шляхецкія бальныя і народныя танцы, назіранне за птушкамі, паходы, падарожжы, валанцёрства.

— Чаму ты прыняў рашэнне маліцца за Беларусь?

— Бо гэта была ідэя супольнай непарыўнай малітвы. Я зразумеў, што гэта важна і нават  неабходна. І тут, у Беларусі, дзе двое або трое збяруцца разам у імя Пана, Ён пачуе.

— Які рытм твайго жыцця?

— Рытм рытмічны:

Ранак. Малітва. Сняданак.
Вароны. Трамвай. Кніга.
Праца. Камп’ютар. Лічбы.
Богаслужба. Сябры. Размовы.
Размовы. Размовы. Размовы...
Гарбата. Малітва. Сон.

— Ці заўсёды атрымліваецца знайсці час для Бога?

— Не заўсёды. Часта бракуе волі на малітву. Але стараюся думкамі заўсёды быць з Панам, усё вымяраць адносна Яго.

— Адкуль даведаўся пра «Няспынную малітву за Беларусь»?

— Падчас малітоўнай сяброўскай сустрэчы прапанавала мая сяброўка Вольга Севярынец.

— Што для цябе Беларусь?

— Адкажу досыць простымі словамі з песні Эдуарда Акуліна: «Гэта я, гэта ты, гэта мы».

Гэта мае родныя. Гэта мае браты і сёстры па веры. Гэта мае супрацоўнікі. Гэта проста мінакі. Гэта ўсе, хто тут, і ўсе не чужыя, бо мы ўсе ад Аднаго. І гэта кожная істотка, што тут жыве. Кожная раслінка, што тут расце. Усе нашы думкі і дзеянні. І, вядома ж, наступствы нашых дзеянняў.


— Чаму трэба маліцца за Беларусь?

— Бо наша краіна мае патрэбу найперш у нашых малітвах. Мы за яе адказныя перад Богам. Гэта натуральна.

— Якія перамены адбыліся ў табе за час малітвы?

— Цяжка мне самому адзначыць нейкія перамены. З кожнай малітвай Пан нас змяняе. Як канкрэтна, хай хто іншы скажа.

— Наколькі, як ты думаеш, цябе хопіць?

— Спадзяюся, для мяне гэта не стане чарговай «часовай акцыяй». Маліцца збіраюся і далей. Праўда, я не ўпэўнены, што ў такой жа форме і ў такі ж час. Але пакуль так.

Шчыра сказаць, не аднойчы я прасыпаў сваю «гадзіну». Было так, што, прачнуўшыся, не знаходзіў моцы, каб падняцца. Было так, што маліўся паўгадзіны альбо зусім крыху. Але ўсё адно не хачу кідаць гэтую справу. Нават хай мае малітвы будуць кволыя і нерэгулярныя. Пан вядзе.

— Гадзіна ў малітве — гэта шмат?

— І шмат, і няшмат.

Няшмат, бо гэта зусім не абцяжарвае. Скажу пра сябе. Калі пачынаю маліцца, ці то сваімі словамі, ці то па малітоўніку, узгадваючы пэўныя патрэбы пэўных людзей, ці то чытаю псальмы — час праходзіць досыць хутка. Пан жа па-за часам, з Ім час ідзе незаўважна. Проста варта аддаць Яму гэты час. Хаця мы і не маем ніякага часу, мы адно карыстаемся ім. Час належыць Богу.

І шмат, бо гэтага часу досыць, каб няспешна памаліцца, каб пабыць у прысутнасці Божай, не думаючы ні пра што іншае.

— Якая малітоўная патрэба зараз, на твой погляд, самая важная для нашай краіны?

— Каб мы змяняліся, бо заўжды ёсць куды. Бо мы вобраз Божы.

Каб мы былі сумленныя і некрывадушныя. Каб думалі пра іншых, каб вучыліся салідарнасці. Каб вучыліся думаць. І каб вучыліся вучыцца і памыляцца.

Каб любілі тое, што маем, але не прывязваліся да гэтага. Каб не апраўдвалі сваіх заганаў, называючы іх «традыцыямі і звычаямі». Каб пазбаўляліся ўсялякіх забабонаў, прыкмет і сваіх уласных «бажкоў». Бо вядома, што мы ўсе маем патрэбу ў пакланенні, усе да аднаго, і ўсе пакланяемся камусьці ці чамусьці. І было б добра, каб мы пакланяліся адзінаму ў Тройцы Богу, Богу-Творцу, які дае жыццё ўсяму сусвету.

Каб не баяліся сведчыць свету. Бо мы пакліканы да абвяшчэння Добрай Весткі. І найперш сваім жыццём сярод гэткіх жа людзей.

— Пару словаў натхнення для тых, хто моліцца ці яшчэ толькі збіраецца далучыцца да «Няспыннай малітвы за Беларусь».

— Я распавяду крыху пра маю першую малітву. Мы пачалі малітву ў красавіку 2015 года. Не памятаю дня, але гэта было адразу пасля Вялікадня. Я абраў гадзіну ў пятніцу ад 5-й да 6-й раніцы. І першая мая малітва выпала акурат тады, калі мы з сябрам начавалі ў Вільні ў Базыльянскіх мурах, дзе ўніяцкая царква Святой Тройцы. І гэта было па-свойму досыць сімвалічна і прыгожа. Ціхая веснавая прахалодная раніца. Невялікая ўтульная капліца. А праз дзверы — уваход у велізарную царкву, дзе адразу ледзянеюць пальцы і нос, а гукі спеваў ляцяць некуды ў вышыню і рэхам вяртаюцца, крыху прыпазніўшыся. Гэта была добрая малітва, было шмат падзякаў, шмат патрэбаў, гэта была размова з Езусам Хрыстом. Я нават і не заўважыў той гадзіны.

Дзякую Пану за такую магчымасць.

І дзякую за размову.

 
Падрыхтавала Вольга Севярынец


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона