Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Кандрусевіч]

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Заява арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага ў сувязі з прыняццем Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекта аб рэпрадуктыўных тэхналогіях
2011-05-03 09:59:37

У апошнія часы ва ўсім свеце многа ўвагі надаецца праблеме кланавання чалавечых эмбрыёнаў з мэтай «вытворчасці» чалавечых асобаў ці так званым рэпрадуктыўным тэхналогіям. Не адстае ў гэтым і Беларусь. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 27 красавіка 2011 г. у першым чытанні прыняла законапраект аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх ужыванні.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на рэзурэкцыю
2011-04-24 10:00:06
24 красавіка 2011 г., мінская архікатэдра

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Дарагія браты і сёстры!

1. У гэты радасны пасхальны ранак, калі б’юць званы і па вуліцах нашых гарадоў ідуць эўхарыстычныя працэсіі, ад усяго сэрца віншую вас са збаўчым святам Пасхі Хрыстовай гэтымі словамі вельмі добра нам вядомага пасхальнага прывітання. У ім праўда сённяшняга свята, што Хрыстус уваскрос і не трэба шукаць жывога сярод памерлых.

Напэўна, многія з нас, асабліва хто вывучае гісторыю, памятаюць або чыталі пра Мікалая Іванавіча Бухарына, які ў 30-гады мінулага ХХ ст. быў адным з лідараў Камуністычнай партыі і галоўным рэдактарам газеты «Праўда». І вось у 1930 г. ён паехаў у Кіеў, каб там правесці лекцыю на атэістычную тэму. Ён выкарыстаў усе магчымыя аргументы, нават цяжкую артылерыю, калі так можна выказацца, каб у пух і прах разграміць хрысціянства. Яму здавалася, што людзі прынялі яго доказы аб абсурднасці веры ў Бога.

Пасля гэтага Бухарын, задаволены, звярнуўся да людзей: «Можа, вы маеце нейкае пытанне?» У поўнай цішыні адзін чалавек падняўся, узышоў на сцэну, позіркам злева направа абвёў прысутных у зале людзей і ўсклікнуў: «Хрыстус уваскрос!» Уся велізарная зала ў адно адказала: «Сапраўды ўваскрос!»

2. Галоўнае пасланне Вялікадня — гэта праўда аб уваскрасенні Хрыста. Мы ўсе, хто прыйшоў на пасхальную рэзурэкцыйную працэсію і на гэтую св. Імшу прыйшлі сюды з цвёрдай верай у тое, што Хрыстус быў укрыжаваны, пахаваны і ўваскрос.

Адкуль жа мы ведаем пра гэта?

Калі мы верым у розныя гістарычныя факты, якія адбыліся значна раней да Хрыста, як, напрыклад, існаванне і навучанне грэчаскага філосафа Сакрата, які жыў у V ст. да нашай эры, то чаму не можам верыць у Хрыста і Яго гісторыю? Ніхто з вялікіх гісторыкаў сёння не сумняецца ў аўтэнтычнасці Евангелля. А гэта не што іншае як гісторыя Хрыста і нашага збаўлення, гісторыя ўваскрасення. Хрысціянская традыцыя таксама нагадвае пра ўваскрасенне Хрыста з памерлых.

Наступным, вельмі важным, аргументам з’яўляецца тое, што заснаваная Хрыстом рэлігія — хрысціянства — вытрымала пробу часам, пробу розных пераследаў і выпрабаванняў. Так было ў першыя стагоддзі хрысціянства, так было і зусім нядаўна, у мінулым стагоддзі на нашых землях. Аднак гісторыя яшчэ раз паказала, што не хто іншы, як Хрыстус, з’яўляецца Валадаром сусвету. Выпаленая сонцам атэізму зямля ізноў ажывае, каб стаць аазісам духоўнага жыцця. Ізноў яе арашае дождж Божай ласкі, які спадае, дзякуючы паслузе Касцёла.

І, нарэшце, кожны з нас не аднойчы, напэўна, зведаў дзеянне ўваскрослага Хрыста ў сваім жыцці, калі здавалася, што ўсё страчана і няма надзеі, вера яе вяртала і чалавек станавіўся на ногі. Разбітыя сем’і ядналіся. П’яніцы станавіліся цвярозымі, наркаманы — вылечваліся, тыя, хто вёў амаральны стыль жыцця, вярталіся да здаровага і маральнага.

Такой надзеяй нават скрозь слёзы жывём і мы сёння, бо сёлетняя Пасха азмрочана выбухам у мінскім метро. Колькі людзей тады не даехала да сваіх дамоў! Колькіх не дачакаліся дзеці і бацькі! Колькі параненых! А яны маглі б быць сёння тут і разам з намі раздзяляць радасць свята Уваскрасення Хрыста.

Галоўнае пасланне Пасхі заключаецца ў адным слове з пяці літар: «ЖЫЦЦЁ».

3. У сваім духоўным жыцці мы часта знаходзімся як быццам у нейкай шчыльна замкнёнай скрыні, як быццам у «турэмнай вежы». Праўда Пасхі заклікае нас да таго, каб мы выйшлі з яе.

Хто можа абмежаваць нашу ўнутраную свабоду? Ніхто, акрамя нас саміх. Хоць на самой справе мы часта супраціўляемся гэтаму. Мы не выкарыстоўваем шансаў, якія дае нам Божы Провід, каб жыць паводле Яго права. Як праз сіта перасейваем жыццёвыя сітуацыі, каб толькі зрабіць кар’еру і нярэдка коштам адыходу ад маральных нормаў. Рэчы малазначныя лічым вельмі важнымі. Чым больш мы заклапочаны зямнымі і часовымі справамі, тым больш яны становяцца тормазам у нашым духоўным жыцці. Мы як быццам самі сабе ўстаўляем палкі ў колы. Такім чынам, чым больш мы занепакоены тым, як уладкаваць наша зямное жыццё паводле нашых запатрабаванняў і імкненняў, тым больш мы заключаем сябе ў духоўную вязніцу.

У той жа час мы ўсе пакліканы да свабоды ў Хрысце і павінны да яе імкнуцца. А да яе вядзе нас паўстанне з нашых грахоў і слабасцяў.

Якая розніца паміж разорай і ровам? Гэта глыбіня. Таксама ад глыбіні нашага духоўнага жыцця залежыць наша хрысціянства — сапраўднае ці павярхоўнае, хрысціянства жывое ці памерлае.

4. Пасха выводзіць нас з гэтай ізаляцыі і духоўнай цямніцы. Пасха — гэта час адкрыцца на магчымасці хрысціянства.

У лясным пажары заўсёды ёсць месца, дзе пажар не дойдзе. Гэта тое месца, дзе пажар ужо адбыўся. Кальварыя і пусты гроб Езуса — гэта тое месца, дзе Божы суд над грахом спаліў яго, гэта месца, дзе мы былі адкуплены і дзе мы атрымалі новую надзею на жыццё вечнае.

Дарагія браты і сёстры! Адкрыемся на гэтую праўду, каб з духоўнага рабства перайсці да свабоды дзяцей Божых. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы Вячэры Пана
2011-04-21 11:17:33
21 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Эўхарыстыя — месца лячэння чалавека

Дарагія браты і сёстры!

1. Пасхальны Трыдуум, які мы распачынаем гэтай святой Імшой, знамянуе сабой Апошнюю Вячэру, збаўчую смерць Езуса і Яго Уваскрасенне. Гэтыя тры дні — Вялікі чацвер, Вялікая пятніца і Вялікая субота — з’яўляюцца вяршыняй літургічнай дзейнасці Касцёла.

Сёння, у Вялікі чацвер, мы ўспамінаем апошнюю сустрэчу Езуса з апосталамі перад Яго крыжовай смерцю і Уваскрасеннем. Яна была выключнай. З аднаго боку, яна ўпісвалася ў яўрэйскую традыцыю святкавання пасхальнай вячэры ў памяць аб цудоўным выйсці з егіпецкай няволі. З іншага ж — Апошняя Вячэра мае кардынальна іншы сэнс. Яна не замыкаецца на ўспамінах, але выходзіць наперад; не жыве гісторыяй, але вядзе ў будучыню. На наступны дзень Хрыстус будзе ўкрыжаваны за нашы грахі. Ён станецца ахвярным ягнём, каб праз сваю смерць і Уваскрасенне вызваліць чалавека з няволі граху і смерці.

2. Якой драматычнай павінна была быць гэтая сустрэча, калі Езус аб’явіў, што адзін з вучняў Яго выдасць і што Яго чакае блізкая смерць. Глыбокі сэнс гэтай смерці Езус упісвае ў знакі хлеба і віна, калі кажа: «Гэта Маё Цела, якое будзе выдадзена за вас. Гэта Мая Кроў, якая будзе праліта на адпушчэнне грахоў». Каб гэтую збаўчую смерць увекавечыць і ўчыніць прысутнай на алтарах свету да канца часу, Езус кажа апосталам: «Гэта чыніце на Маю памяць».

У гэтых словах і знаках мы бачым устанаўленне Эўхарыстыі — знаку прысутнасці Хрыста і Яго збаўчай Ахвяры пад відам хлеба і віна. Дзякуючы ёй Езус ідзе праз вякі да ўсіх народаў. Але каб гэта магло ажыццявіцца, Хрыстус кліча тых, якія праз тыя ж самыя словы і знакі  ўчыняць, што той самы Езус з Вячэрніка і Галгофы будзе Езусам заўсёды з намі — учора, сёння і навекі.  

3. Таму падчас гэтай святой Імшы сваімі думкамі мы пераносімся ў Вячэрнік, на тое святое месца, дзе Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і сакрамэнт святарства. Гэтыя два сакрамэнты непарыўна звязаны паміж сабой. Касцёл навучае, што святарства нараджаецца з Эўхарыстыі, а Эўхарыстыя цэлебруецца святаром. Без Эўхарыстыі няма святарства і без святарства няма Эўхарыстыі.

Падобна таму, як гэтыя два сакрамэнты былі ўстаноўлены ў адзін час, таксама яны прысутнічаюць разам у жыцці і дзеянні Касцёла. Таму сёння вернікі з удзячнасцю скіроўваюць свой позірк на Вячэрнік, бо там стаўся першы цуд перамены хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Чалавецтву быў дадзены духоўны хлеб з нябёсаў як хлеб жыцця вечнага.

У Вячэрніку таксама стаўся і другі цуд. Езус устанавіў апосталаў святарамі Новага Запавету, каб маглі дзейнічаць ад Яго імя. Простых людзей Ён якасна і анталагічна перамяніў у тых, якія сталі распарадчыкамі Ягонай ласкі. Езус добра ведаў, што пасля Яго Унебаўшэсця нехта павінен быў працягваць Ягоную справу, каб ласка збаўлення не засталася толькі дэпазітам, але магла дасягнуць чалавека. Гэты нехта — святар, падобны да іншых людзей і ў той жа час якасна іншы, анталагічна падобны да Хрыста.

4. Сённяшні дзень для святароў — гэта дзень, калі мы ўсведамляем, што падчас святарскіх пасвячэнняў атрымалі самы вялікі дар, які можа атрымаць чалавек: дар дзейнічаць ад імя Езуса. У той жа час мы ўсведамляем нашу адказнасць, бо Хрыстус дазволіў нам і нас абавязаў, каб мы былі Яго інструментамі ў выкананні Ягонай місіі збаўлення свету. Апякун святароў св. Ян Віянэй вучыць, што толькі дзякуючы святару справа збаўлення даходзіць да людзей.

Якое вялікае заданне і якая адказнасць! Нездарма вядомы польскі святар і публіцыст Ян Твардоўскі кажа: свайго святарства баюся, яго палохаюся, перад ім падаю і станаўлюся на калені.

5. Што азначае быць святаром? Паводле св. апостала Паўла, святар перадусім з’яўляецца распарадчыкам Божых таямніцаў. Дзякуючы сакрамэнтальнай паслузе святара, Хрыстус далей дзейнічае ў сваім Касцёле. Яго паслуга слова — гэта клопат, каб Езус мог быць пачутым і зразуметым у сучасным свеце. Сакрамэнтальная паслуга — гэта клопат, каб даць людзям Божую ласку, якая патрэбна для збаўлення. Паслуга служэння — гэта клопат пра аб’яднанне людзей у касцёльнай супольнасці. Святая Кацярына Сіенская кажа, што святар — гэта сасуд, з якога плыве Божая ласка. Дзякуючы святару Хрыстус прысутнічае сярод нас.

6. Каб лепей зразумець, якім чынам Езус прысутнічае сярод нас у літургіі, нам трэба акунуцца ў Божае слова, якое мы пачулі падчас гэтай святой Імшы.

Першае чытанне вядзе нас да пасхальнай вячэры, падчас якой яўрэі ўспаміналі цудоўнае выбаўленне з егіпецкай няволі. Гэта як быццам абяцанне нашага збаўлення ад смерці грахоўнай і пераходу ў жыццё ў Хрысце, а таксама правобраз Эўхарыстыі.

Другое чытанне распавядае пра ўстанаўленне Эўхарыстыі, якая паводле хрысціянскай традыцыі называецца ламаннем хлеба.

Евангелле нагадвае пра мыццё ног апосталам, чым Езус падкрэсліў значэнне любові, узаемнай дапамогі і пакорнага служэння іншым. Менавіта недахоп гэтага стаўся прычынай тэрарыстычнага акту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г.

7. Сённяшнія чытанні недвухсэнсоўна нагадваюць пра тое, што Хрыстус прысутны сярод людзей, калі яны слухаюць Божае слова, мыюць адзін аднаму ногі — гэта значыць здзяйсняюць учынкі міласэрнасці — і ломяцца хлебам, значыць удзельнічаюць у Эўхарыстыі. Гэтыя тры дзеянні характарызуюць сапраўдную хрысціянскую супольнасць. Таму мы павінны быць людзьмі, якія слухаюць Божае слова і апавядаюць яго іншым, служаць бліжнім і прымаюць удзел у Эўхарыстыі.

8. Падчас святой Імшы перад камуніяй святар праламляе кансэкраваную гостыю. Гэта момант, калі мы павінны прызнаць сваю слабасць. Будучы духоўна расколатымі нашымі грахамі, мы павінны даверыцца Хрысту, які прыходзіць да нас у ламанні хлеба ці Эўхарыстыі, каб аднавіць.

Гэтая Боская акцыя сярод нашых цяжкасцяў з’яўляецца галоўнай прычынай прысутнасці Езуса ў Эўхарыстыі. Хрыстус прысутны ў кавалку хлеба для таго, каб нас, зломленых злом, сцішаных баязлівасцю, паралізаваных няўпэўненасцю і спаленых грахом, духоўна ўмацаваць. Прысутны, бо мы Яго патрабуем. Прысутны, бо маем у Ім патрэбу і Ён можа нам дапамагчы.

9. Дзякуем Табе, Пане Езу, за хлеб Эўхарыстычны, хлеб, які ўзмацняе, хлеб, які гарантуе жыццё вечнае. Дзякуем Табе за сакрамэнт святарства, дзякуючы якому мы маем гэты хлеб. Адары наш Касцёл ласкай новых, добрых і святых пакліканняў да святарства. Дай нам ласку зразумець, што толькі ў Эўхарыстыі, аб’яднаныя гэтымі двума кавалкамі паламанага хлеба, мы зможам адчуваць сябе адноўленымі і ў бяспецы, каб быць шчаслівымі ў гэтым жыцці і дасягнуць вечнага. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Вялікую пятніцу
2011-04-21 09:46:09
22 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Дарагія браты і сёстры!

1. Сённяшняя літургія вядзе нас да крыжа, які ў часы Хрыста быў знакам ганьбы і інструментам жудаснай смерці. Дзякуючы смерці Хрыста ён стаў знакам збаўлення і надзеі.

Да Другога Ватыканскага Сабору ў літургіі пасля чытання мукі Езуса Хрыста не было казання. Апісанне мукі ўспрымалася ў абсалютнай цішыні. Нават прапускалася акламацыя напрыканцы: «Гэта слова Пана». У абноўленай літургіі пасля слоў «Езус аддаў духа» вернікі становяцца на калені і ў маўчанні разважаюць над таямніцай смерці Бога і чалавека Езуса Хрыста за нашы грахі.

Аднак у той жа час нам патрэбны адпаведныя разважанні, каб не ўспрыняць смерць Хрыста выключна інструментальна і не быць падобнымі да аднаго няверуючага вучня, які праваліў усе экзамены ў школе. Тады бацькі паслалі яго ў каталіцкую школу. Са здзіўленнем яны ўбачылі, што ён выправіўся, стаў дысцыплінаваным і пачаў вучыцца вельмі добра, так што выдатна закончыў школу. Тады яны спыталіся ў яго, як сталася, што з непаслухмянага гультая ён стаў выдатным вучнем. Хлопчык адказаў, што калі ўпершыню ўвайшоў у клас, то на сцяне ўбачыў крыж і на ім укрыжаванага. Тады адразу падумаў, што тут не жартуюць, і яму не хацелася апынуцца на месцы гэтага няшчаснага на крыжы.

2. Крыж дапамог хлопчыку змяніць у лепшы бок свае паводзіны і адносіны да вучобы. Аднак праўда крыжа зусім іншая. Езус на крыжы не для таго, каб палохаць малых дзяцей, але каб паказаць людзям бязмежную любоў да іх. Ён на крыжы не для таго, каб паказаць, што можа стацца з імі, калі не будуць сябе адпаведна весці. Ён там, каб паказаць людзям, што коштам сваіх цярпенняў і смерці ўжо заплаціў за іх грахі. Ён памёр на крыжы не за тое, што сам зрабіў, але за мае і твае грахі, дарагі брат і сястра, памёр, бо бязмежна любіць нас. Ён памёр на крыжы за нас.

«Памёр за нас». Мы настолькі прызвычаіліся да гэтых слоў, што яны, на жаль, не выклікаюць у нас вялікага ўражання, бо, па-першае, гэта было вельмі даўно, а па-другое, сучасны чалавек не вельмі заняты справай свайго збаўлення, не думае пра смерць і абмяжоўваецца праблемамі сённяшняга дня.       

3. Каб лепш зразумець сапраўдны сэнс і значэнне крыжовай смерці Хрыста, звернемся да наступнай выдуманай гісторыі пра чалавека, які аддаў жыццё за свайго брата.

Два браты жылі ў адным памяшканні. Старэйшы быў вельмі добры і справядлівы, сумленна працаваў і шанаваў Божы закон. Малодшы вёў разгульнае жыццё. Старэйшы шмат разоў стараўся направіць жыццёвы шлях свайго малодшага брата, аднак безвынікова. І вось аднойчы ноччу малодшы брат прыйшоў дадому з пісталетам і ў акрываўленым адзенні. «Я забіў яго, забіў, але я не хацеў гэтага», — мармытаў ён. Паліцыя акружыла дом. Было ясна, што злачынца не збяжыць, яго арыштуюць і, напэўна, пакараюць смерцю. «Я не хачу паміраць!» — лямантаваў малодшы брат. Паліцыя ўжо стукала ў дзверы. Тады старэйшы брат хутка пераадзеўся ў акрываўленае адзенне малодшага. Паліцыя арыштавала яго. Ён быў абвінавачаны ў смерці іншага чалавека і пакараны смерцю. Ён памёр за свайго брата. Гэта толькі выдуманая гісторыя, і сапраўдны злачынца павінен быць пакараны.

4. Ці мы не расцэньваем гэтае злачынства і смерць як гісторыю любові? Таксама і гісторыя цярпенняў і смерці Езуса Хрыста, аб чым мы пачулі падчас чытання Яго мукаў, — гэта гісторыя любові Бога да чалавека. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Бог ёсць любоў» вучыць, што крыжовая смерць Хрыста — гэта найвышэйшая любоў, якою Бог адарыў чалавека. Як мы павінны на яе адказаць?

Які адказ мы спадзяемся атрымаць ад малодшага брата на смерць старэйшага, якая выбавіла яго самога ад смерці? Зразумела, што ўдзячнасць. Гэтая ўдзячнасць таксама павінна праявіцца ў кардынальнай змене жыцця на лепшае, каб ніколі болей не чыніць зла.

Чаго Бог сёння чакае ад нас, калі мы разважаем пра крыжовую смерць Езуса і адаруем крыж? Удзячнасці і змены жыцця на лепшае, а таксама любові да Бога і бліжняга. Бо ўсё пройдзе, а любоў застанецца, і Бог будзе нас судзіць з любові.

Калі адзін з укрыжаваных разам з Езусам разбойнікаў шкадаваў за свае грахі і прасіў аб міласэрнасці, Езус выслухаў яго. Разбойнік, а не фарысеі, вучоныя ў пісанні і нават не апосталы, стаў першым збаўленым, бо першым на любоў Бога да чалавека адказаў любоўю.  
    
5. Дарагія браты і сёстры!

Калі наблізімся да крыжа, каб яго адараваць, калі яго абдымем і пацалуем, то ўслухаемся ў яго голас. У цішыні ён прамаўляе, і прамаўляе вельмі моцна. Мова крыжа — гэта мова бязмежнай любові Бога да чалавека, любові, якая прывяла Яго на крыж дзеля нас і нашага збаўлення.

Крыж таксама пытаецца: а ты, чалавек, як успрымаеш гэтую любоў, як на яе адказваеш, ці кідаешся ў абдымкі Божай міласэрнасці — гэтага лякарства ад хваробаў сучаснасці?

Які наш адказ? Як жаўнераў і іншых прысутных пры ўкрыжаванні, якія здзекаваліся над Ім і смяяліся, кажучы: «Іншых збаўляў, няхай сябе збавіць»? Ці злачынцы, які паверыў і звярнуўся да Езуса з дапамогай? Ад гэтага залежыць наш лёс, і ён вырашаецца сёння.

6. Пане Езу Хрыстэ! Стоячы пад Тваім крыжом, перапрашаю за яго знявагі, як падчас ганенняў на веру, так і ў наш час адыходу ад яе.

Дзякую Табе за тваю ахвяру і благаслаўляю Цябе, бо сваім крыжом Ты адкупіў свет. Дзякую і прашу: дай мне ласку заўсёды заставацца верным голасу крыжа і сілу не адмовіцца ад яго, бо ў ім мая надзея, нават насуперак надзеі. Амэн.    

 
Слова Мітрапаліта Кандрусевіча да святароў у Вялікі чацвер
2011-04-21 09:32:36

21 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Святар — знак Божай міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння

Глыбокапаважаныя святары!

1. У Год Божай міласэрнасці хачу падзяліцца некаторымі думкамі адносна ролі святара ў цэлебрацыі сакрамэнту пакаяння. Вядома, што толькі Бог можа адпусціць грахі, бо ніхто іншы не мае гэтай моцы. Таму мы і вызнаем грахі Богу. Аднак чынім гэта праз святара. Падобна як пры цэлебрацыі іншых сакрамэнтаў святар дзейнічае ад імя і моцаю Езуса Хрыста, таксама і ў святой споведзі ён становіцца інструментам Бога. Гэта вялікі дар пачуць з вуснаў святара: «Я адпускаю табе грахі ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога». Вельмі добра гэта ведаюць тыя людзі, якія перажылі часы пераследу, калі трэба было шукаць святара за многія сотні і нават тысячы кіламетраў, каб паспавядацца.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Вялікую сераду
2011-04-20 18:56:42
20 красавіка 2011 г., мінскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха)

Крыж — сімвал ці праўда жыцця?

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. У цэнтры велікапосных разважанняў знаходзіцца крыж, на якім здзейснілася збаўленне свету. Крыж на Галгофе паўстаў па жаданні чалавека, па жаданні тых людзей, якія асудзілі Езуса на крыжовую смерць. А ў той жа час на крыжы паміраў чалавек — нявінны Езус Хрыстус.

2. Сёння для нас, хрысціян, крыж з’яўляецца сімвалам. Уносім яго ў Вялікую пятніцу ў касцёл і адаруем. Ён вісіць на сценах нашых дамоў. Яго ставяць на скрыжаваннях дарог. Яго мы носім на шыі. Знакам крыжа распачынаем малітву і г. д.

Яшчэ не так даўно падчас ганенняў вернікі павінны былі бараніць крыж, калі яго забаранялі, ламалі, скідвалі з касцёлаў, палілі і г. д. Колькі людзей у абароне крыжа заплацілі сваім жыццём! Колькі, рызыкуючы, хавалі крыжы. І яшчэ цяпер здараюцца выпадкі, калі вернікі прыносяць крыж, які збераглі падчас пераследу.

Змяняюцца часы — і што мы маем? Усё часцей і часцей чуем, што ў тым ці іншым месцы збурылі крыжы на могілках, дзесьці спаганілі або парэзалі на кавалкі. Хто гэта чыніць? Людзі, якія жывуць сярод нас.

Здараюцца і іншыя выпадкі. Ведаем скандальную справу, калі Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў крыжы ў публічных школах Італіі. Як можна сабе ўявіць Італію, дзе на кожным кроку касцёл ці іншы знак хрысціянскай гісторыі, без крыжа? Дзякуй Богу, нядаўна гэтае рашэнне было адменена. Аднак сам факт заслугоўвае ўвагі і нагадвае пра тое, што ў імя паліткарэктнасці ў справах рэлігіі і ажыццяўлення палітыкі, паводле якой рэлігія павінна быць выключна прыватнай справай чалавека, распачаўся яе новы пераслед, асабліва хрысціянства. І сапраўды, кожны дзень у свеце гіне каля 380 хрысціян, а ў год — каля 130 тысяч.

3. Чым для нас, хрысціян, з’яўляецца крыж? Ён не можа быць толькі сімвалам. Нездарма Хрыстус казаў, што калі хтосьці хоча ісці за Ім, то няхай бярэ свой крыж і ідзе. Таму крыж павінен быць абавязковым элементам жыцця хрысціяніна. Хрысціянін павінен несці крыж свайго жыцця, не павінен уцякаць ад яго і не можа яго выкрэсліць са свайго жыцця.

Хрысціянства з’яўляецца рэлігіяй цярпення. Мяне пераследуюць, і вас будуць пераследаваць, — кажа Хрыстус. Мы не хочам болю і маем права ўцякаць ад цярпенняў. Гэта натуральна і па-чалавечы. Аднак цярпенне непазбежна. Яно павінна адкрываць вочы на рэчаіснасць. Дзякуючы цярпенням Хрыста мы лепей разумеем свае цярпенні. Тут дзейнічае натуральны прынцып: сыты галоднага не зразумее. Таму крыж вучыць нас перадусім ахвярнай любові, такой, якой жыў Езус.

4. Ці знікне крыж калі-небудзь? Ці знікнуць боль, цярпенне, слёзы? Напэўна, будуць новыя лекі, які паменшаць чалавечыя цярпенні і дазволяць лячыць хваробы. Напэўна, знойдуцца новыя забавы, каб выцерці слёзы і выклікаць хоць на хвіліну ўсмешку. Аднак гэта не завершыць чалавечага цярпення. Няма такой кнопкі, якая б выключыла цярпенні. Удар прыходзіць раптам, як у мінскім метро 11 красавіка 2011 г. Найчасцей датыкае нявінных і справядлівых. Можа, часам чалавек і скардзіцца, што цярпенне спадае на справядлівых і нявінных. Але так было і з Хрыстом.

Ні адзін светапогляд, акрамя хрысціянскага, не мае права гаварыць пра крыж, бо на крыжы памёр Хрыстус. Матэрыялісты пазбягаюць праблемы цярпенняў, а калі і нагадваюць пра іх, то з’едліва кажуць, што гэта хрысціянская філасофія цярпення. Не трэба баяцца гэтага, бо філасофія цярпення — гэта не абязбольваючая таблетка, а сам Хрыстус, які ідзе на Галгофу, Хрыстус, у якога верым, верым у сэнс Яго ахвярных цярпенняў. Філасофія цярпенняў Хрыста — гэта проста крыж, які Ён узяў і пайшоў на Галгофу. Гэта адначасова лекцыя, якую нам даў Хрыстус.

5. Крыж Хрыста быў дарам. Такім дарам павінен быць і крыж чалавечы, як казаў Ян Павел II. Менавіта крыж Яго канання стаў вялікім дарам чалавецтву, бо стаў сусветнымі рэкалекцыямі.

Крыж таксама з’яўляецца ўваскрасеннем, бо ён вучыць прабачаць. Успомнім словы Езуса: «Ойча, прабач ім, бо яны не ведаюць, што робяць». Вучачы нас прабачаць, крыж падымае нас з грабніцы грахоў.

Крыж з’яўляецца знакам паяднання. Успомнім, як Езус на просьбу так званага «добрага злодзея» памятаць аб ім у Яго валадарстве, адказаў: яшчэ сёння будзеш са Мной у раі. Гэта практычная ілюстрацыя споведзі, якая яднае з Богам, Касцёлам і людзьмі.

Сёння мы сузіраем закрыты крыж. Праз два дні, у Вялікую пятніцу, ён будзе адкрыты. Гэтым самым Касцёл жадае, каб мы нанава заўважылі яго як знак нашага збаўлення, як знак бязмежнай любові Бога да чалавека.

6. Усё гэта нагадвае, што крыж — гэта не толькі сімвал, не толькі дзве збітыя бэлькі. Крыж — гэта вера, надзея і любоў, гэта наша Евангелле.

Гледзячы на сучасны секулярызаваны свет, часам здаецца, што крыж, пастаўлены на Галгофе, вагаецца. Ці скалы сучаснасці слабыя? Чаму столькі сумніву ў нашай веры? А можа, нам дастаткова мець толькі сімвал?

Калі мы сапраўдныя хрысціяне, то перад крыжом павінны цвёрда сказаць: «Крыж — гэта не толькі сімвал, але знак збаўлення і надзеі».

Удзячныя Табе, Пане, за крыж і яго навуку, просім Цябе: адары нас ласкай  веры ў праўду крыжа, імкнення да навяртання, прыняцця цярпенняў, складання ахвяры і прабачэння. Амэн.

 
Слова Мітрапаліта Кандрусевіча да святароў у Вялікі чацвер
2011-04-20 09:49:44
21 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Святар — знак Божай міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння

Глыбокапаважаныя святары!

1. У Год Божай міласэрнасці хачу падзяліцца некаторымі думкамі адносна ролі святара ў цэлебрацыі сакрамэнту пакаяння. Вядома, што толькі Бог можа адпусціць грахі, бо ніхто іншы не мае гэтай моцы. Таму мы і вызнаем грахі Богу. Аднак чынім гэта праз святара. Падобна як пры цэлебрацыі іншых сакрамэнтаў святар дзейнічае ад імя і моцаю Езуса Хрыста, таксама і ў святой споведзі ён становіцца інструментам Бога. Гэта вялікі дар пачуць з вуснаў святара: «Я адпускаю табе грахі ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога». Вельмі добра гэта ведаюць тыя людзі, якія перажылі часы пераследу, калі трэба было шукаць святара за многія сотні і нават тысячы кіламетраў, каб паспавядацца.

Чалавек з’яўляецца цялесна-духоўнай асобай, і таму Бог прамаўляе да ўсяго чалавека, да цэлай асобы. Каб гэтая Божая мова была вернай і праўдзівай, сам Бог уцелавіўся, стаў чалавекам. А чалавек ведае, як прамаўляць да іншага чалавека, каб быць зразуметым. Уцелаўленне Бога — гэта знак Яго бязмежнай любові да чалавека. Усе сакрамэнты — гэта плён як уцелаўлення Бога, так і нашага збаўлення.

Ад часу ўцелаўлення Бог карыстаецца матэрыяльнымі знакамі, каб аб’явіць чалавеку сваю бязмежную любоў. Аднак у той жа час, карыстаючы з сакрамэнтаў ці іх цэлебруючы, мы павінны памятаць, што матэрыяльны знак, які дзейнічае на чалавечыя пачуцці, не мае моцы сам па сабе. Ён з’яўляецца толькі «інструментам», якім карыстаецца Бог; з’яўляецца начыннем, якое Ён выкарыстоўвае, каб уліць у нашыя сэрцы збаўчую ласку.

2. Таму цэлебрацыя сакрамэнтаў патрабуе веры, якая дазваляе бачыць сэрцам тое, што нам аб’яўлена Богам і змешчана ў знаках. Канцэнтрацыя выключна на знаках і незвяртанне ўвагі на Боскую рэчаіснасць вядзе да рэлігійнага фармалізму. У сувязі з гэтым як пры цэлебрацыі сакрамэнтаў, так і прымаючы іх, неабходна старацца, каб знешнія знакі не захілялі Божага дару ласкі, які яны нясуць.

У сакрамэнце пакаяння не святар адпускае грахі, хоць знешне ён гэта чыніць. У гэтым выпадку паслугу святара трэба прымаць як знак і не засяроджвацца на яго асобе. Здараецца, што калі пэнітэнт вызнае свае грахі з хваляваннем і нават бояззю, то ён нярэдка звяртае ўвагу толькі на святара — на яго паводзіны і словы.

Для асобаў, залежных ад меркавання іншых, асабліва ад думкі аўтарытэтаў, нават выпадковае слова падчас споведзі можа мець вельмі важнае, а нават рашучае значэнне. Святар, як і кожны чалавек, рэагуе па-чалавечы, і таму трэба адрозніваць тое, што толькі чалавечае ў яго словах, ад таго, што ў іх з’яўляецца знакам Божай міласэрнасці. Таму нам, святарам і катэхетам, трэба вучыць людзей, каб з вялікай пакорай і ўнутранай свабодай адносіліся да знаку, якім з’яўляецца святар. Спаведнік павінен старацца, каб яго суджэнне згаджалася з суджэннем Бога. Ён дзейнічае не ад свайго імя, а ад імя Хрыста. Паводле навучання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, святар падчас цэлебрацыі сакрамэнту пакаяння выконвае паслугу Добрага Пастыра, які шукае загубленай авечкі; паслугу добрага самараніна, які лечыць раны; Айца, які чакае марнатраўнага сына і прымае яго, калі той вяртаецца; справядлівага суддзі, які не зважае на асобу і чый суд справядлівы і адначасова міласэрны. Святар ёсць знакам і інструментам міласэрнай любові Бога адносна грэшніка (пар. ККЦ 1466).

Знакам міласэрнага суду з’яўляюцца не толькі словы суцяшэння ці пахвалы, але таксама і слушнага напаміну і нават дакору. Нездарма сам Бог кажа пра сябе: «Я, каго люблю, дакараю і караю; дык будзь руплівы і пакайся» (пар. Aп 3, 19). У сакрамэнце пакаяння святар — таксама як і Езус — з айцоўскай зычлівасцю і па-сяброўску можа сказаць: «Вось, ты выздаравеў. Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага» (Ян 5, 14).

3. Жыццёвая і пастырская практыка паказвае, што пэнітэнты, якія прыступаюць да споведзі шчыра і свабодна, прымаюць такія словы з удзячнасцю, хоць нярэдка гэта патрабуе ад іх вялікага напружання, высілку і нават ахвяры. Яны адчуваюць, што ў гэтых словах знаходзіцца праўда аб іх жыцці, якой яны дагэтуль, можа, не ўмелі дакладна назваць, але якую адчувалі ў сваім сэрцы. «Глядзі, каб не зруйнаваў сваю сям’ю, не стаў алкаголікам, наркаманам, злачынцам або разбэшчаным чалавекам ...» — гэтыя і падобныя словы, зычліва сказаныя пэнітэнту, могуць стаць сапраўдным знакам клопату пра яго дабро. Аднак яны павінны быць адпаведна сказаныя.

Божая перасцярога і дакор у выпадку споведзі даходзяць да пэнітэнта праз вусны святара. Аднак у словах апошняга не павінна быць нават ценю асабістых пачуццяў: напрыклад, незадаволенасці, злосці, эмацыянальнасці, спробы падпарадкаваць сабе іншых або маніпуляваць імі. Нават вельмі добрыя і патрэбныя словы святара, калі яны афарбаваны яго асабістымі пачуццямі, будуць гучаць непраўдзіва і не абудзяць даверу, асабліва ў далікатных і духоўна зраненых людзях. Такія людзі вельмі лёгка адчуваюць «фальшывы тон» святара.

Святар «прадстаўляе» Бога не толькі праз дадзеную яму ў Касцёле функцыю выконвання святарскай улады, але і праз асабістую святасць, якой павінен уздзейнічаць на пэнітэнта. Таму першым, хто павінен карыстацца з сакрамэнту пакаяння як інструменту ўласнага навяртання і перамены, павінен быць сам святар.

4. Служэнне спаведніка вельмі складанае і адказнае. Ён з’яўляецца «сведкам» інтымнага дыялога чалавека з Богам аб тым, што ў яго жыцці найбольш складанае і балючае — аб граху. Падчас споведзі чалавек адкрывае перад святаром сваю слабасць і духоўную беднасць. Таму спаведнік павінен усведамляць незвычайны давер як з боку Хрыста, які выбраў яго як «знак» прабачаючай Божай міласэрнасці, так і з боку пэнітэнта.

Таму, сядаючы ў канфесіянал, святар павінен памятаць аб тым, што праз яго паслугу найпаўней аб’яўляецца не толькі яго святарства, але і чалавецтва. Менавіта там чалавечая і духоўная індывідуальнасць пэнітэнта сустракаецца з індывідуальнасцю святара, якая для пэнітэнта з’яўляецца закрытай. Спосабам трактавання пэнітэнта і яго грахоў святар сведчыць пра сябе, пра сваю чалавечую паставу, духоўнае жыццё і святарства. Кожны спаведнік так абвяшчае Божую міласэрнасць грэшнікам, як сам яе успрымае, гэта значыць як сам спавядаецца, як разумее самога сябе ў святле Божага закону і сваіх абавязкаў.

Позірк спаведніка на грахі пэнітэнта — гэта адбітак позірку на свае грахі. Давер грахоў вернікаў Божай міласэрнасці з’яўляецца працягам уласнага даверу прабачаючай любові Бога. Добра выкананая паслуга спаведніка не дазваляе святару забыцца, кім ён ёсць на самой справе, — навучае папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://www.jezuici.pl/~jaugustyn/ oa_s_1.html). А Слуга Божы Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі аб прымірэнні «Reconciliatio et Paenitentia» падкрэслівае, што ўзровень духоўнага і апостальскага жыцця святара і яго запал залежаць ад трывалага і сумленнага асабістага карыстання з сакрамэнту пакаяння (пар. RP 31.VI).

Пры гэтым трэба памятаць, што пэнітэнт павінен адчуць не толькі ласку сакрамэнту пакаяння (як opus operatum), але таксама і асабістую святасць святара (як opus operantis). Менавіта святасць спаведніка дапамагае пэнітэнту ўбачыць у святары, як у люстэрку, «паслугу прабачаючага Бога» і Яго міласэрнасць.

5. Спаведнік таксама павінен шанаваць свабоду пэнітэнта, бо ўсе чалавечыя ўчынкі ў духоўнай галіне маюць сваю каштоўнасць толькі тады, калі абапіраюцца на свабодную волю. Спаведнік з’яўляецца не панам, а слугою Божага прабачэння. Таму якая-небудзь форма націску на пэнітэнта можа стаць прычынай неахвоты апошняга прыступаць да споведзі. Пэнітэнт «для святога спакою» можа згадзіцца са спаведнікам і прыняць яго наказ, аднак не выканае яго. Цяжкія і вышуканыя пакуты могуць быць прычынай таго, што чалавек адкладае або нават занядбоўвае споведзь. «Пастанаўленне выпраўлення», прынятае пад націскам спаведніка, звычайна не мае вялікай духоўнай каштоўнасці. Унутраная свабода заўсёды знаходзіцца ў цэнтры сустрэчы чалавека з Богам.

Неабходна таксама звярнуць увагу на адпаведную падрыхтоўку спаведніка, як з пункту гледжання маральнай тэалогіі, кананічнага права, літургікі, так і псіхалогіі і педагогікі. Гэтая падрыхтоўка павінна браць пад увагу абумоўленасці канкрэтнага сацыяльнага акружэння, у якім жыве чалавек. Хоць сакрамэнт пакаяння не можа ператварыцца ў псіхааналітычную ці тэрапеўтычную практыку, тым не менш псіхалагічная падрыхтоўка дапамагае спаведніку ў лепшым пазнанні пэнітэнта, а педагагічная — у духоўным кіраванні ім. Паводле папы Бэнэдыкта XVI, споведзь павінна мець педагагічную вартасць і стаць месцам асвячэння пэнітэнта (пар. http://www.zenit.org/article-26075?l=italian). Кожны ж святар павінен клапаціцца аб сваёй сталай фармацыі, бо з цягам часу з’яўляюцца новыя выклікі, і на іх трэба ўмець адказаць.

Часам можа стацца, што спаведнік не ведае, як паступіць. У такіх выпадках, пасля разважання над сітуацыяй і псіхічным станам пэнітэнта, неабходна, як рэкамендуе Слуга Божы Ян Павел II, скіраваць яго да іншага святара або прызначыць яму паўторную сустрэчу, каб мець час на кансультацыю. Пры ўсім гэтым павінна быць заўсёды захавана таямніца споведзі (пар. http://www.jezuici.pl/~jaugustyn/oa_s_1.html).

7. Далей неабходна звярнуць увагу на ўважлівасць і далікатнасць спаведніка. Трэба памятаць аб тым, што вызнанне грахоў — гэта заўсёды цяжкі працэс, які патрабуе ад пэнітэнта ўнутранага «прыніжэння». Аднак гэта «прыніжэнне» не перад святаром, а перад Богам, слугой якога ён з’яўляецца. Таму патрэбны пашана і далікатнасць, бо вельмі лёгка раніць чалавека, які адкрывае свае слабасці. Недахоп далікатнасці можа пакрыўдзіць чалавека так, што ён, ходзячы ў касцёл, не спавядаецца, бо баіцца чарговага ранення.

Споведзь — гэта не «прыватнае спатканне», а афіцыйная паслуга Касцёла. Таму спаведнік не мае права цікавіцца тымі сферамі жыцця пэнітэнта, якія не абавязковыя для ацэнкі яго жыцця.

8. Асаблівай справай з’яўляецца неабходнасць ахвяраваць адпаведную колькасць часу на споведзь. Пастырская практыка сведчыць аб тым, што ў касцёлах, дзе святары «прысутныя ў канфесіяналах», вернікі спавядаюцца рэгулярна, ахвотна і добра. Святар у канфесіянале — гэта знак Бога, які чакае грэшніка і гатовы ў кожную хвіліну яму дапамагчы. Шчодрасць у ахвяраванні часу пэнітэнтам з’яўляецца знакам шчодрасці Божай міласэрнасці і прабачэння. Адсутнасць святара ў канфесіянале вядзе да таго, што вернікі не спавядаюцца. Калі святар не мае часу спавядаць, то гэта не што іншае, як знак, што яго паслуга выконваецца без сапраўднага духоўнага распазнання.

Трэба таксама памятаць, што цэлебрацыя сакрамэнту пакаяння з’яўляецца цэлебрацыяй Касцёла, а таму неабходна заўсёды захоўваць літургічныя прадпісанні, якія датычаць парадку, месца цэлебрацыі, а таксама літургічнага адзення (комжа або альба і фіялетавая стула).

9. Напрыканцы трэба нагадаць фундаментальнаю хрысціянскую ісціну, што міласэрнасць павінна быць тым большай, чым большае маральнае падзенне пэнітэнта. У гэтым сэнсе спаведнік павінен наследаваць ціхага і пакорнага сэрцам Езуса. Таму, каб святар мог быць добрым спаведнікам, ён сам найперш павінен часта і з пакорай карыстацца з сакрамэнту пакаяння. У гэтым сэнсе маладыя святары павінны карыстацца ведамі і практыкай старэйшых.

10. Дарагія браты ў святарстве!

Слуга Божы Ян Павел II навучае, што спаведнік з’яўляецца настаўнікам і сведкам, а разам з нябесным Айцом — таксама і айцом Божага жыцця. Яго навучанне ёсць навучаннем Касцёла, бо ён дзейнічае «in persona Christi» і абвяшчае не сябе, а Езуса Хрыста. А заклікаючая да навяртання і гатовая да прабачэння міласэрная любоў Бога не ведае ні межаў, ні прасторы (пар. http://www.apostol.pl/janpawelii/listy-apostolskie/sakrament-spowiedzi-darem-mi%C5%82osierdzia-bo%C5%BCego).

Занепакоены выклікамі сучаснасці, папа Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што сённяшні свет жыве ў пазначаным геданістычнай і рэлятывісцкай ментальнасцю культурным кантэксце, які імкнецца да выключэння Бога з гарызонту жыцця, не спрыяе прыняццю духоўных каштоўнасцяў і не дапамагае ў адрозненні дабра ад зла і выпрацавання ў сабе пачуцця граху. У такой сітуацыі існуе пільная патрэба ў дзейнасці слуг Божай міласэрнасці (пар. http://www.opoka.org.pl/biblioteka/W/WP/benedykt_xvi/przemowienia/spowiednicy_11032010.html).

Сёння, у Вялікі чацвер, дзень устанаўлення Эўхарыстыі і святарства, узгадваючы свае святарскія пасвячэнні, дзякуючы якім мы сталі святарамі Новага Запавету і нам была даручана збаўчая місія прымірэння вернікаў з Богам, Касцёлам і іншымі людзьмі, яшчэ раз выкажам нашу ўдзячнасць Першасвятару Езусу Хрысту за тое, што Ён учыніў нас інструментамі Божай міласэрнасці ў Яго руках. Заданне выконвання гэтай узнёслай місіі няхай заахвоціць нас да належнай тэалагічнай, пастырскай, псіхалагічнай, культурнай і аскетычнай сталай фармацыі і ўзмацняе ў нас волю да поўнага прысвячэння сябе гэтаму служэнню.

Дзякуючы ўсім вам, дарагія слугі алтара і канфесіяналу, за ахвярнае пастырскае служэнне і давяраючы апецы Марыі — Маці Міласэрнасці і Маці святароў — прашу вернікаў маліцца за сваіх святароў, і ўсіх вас ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя «Reconciliatio et paenitentia» (RP)
2. Катехизис Католической Церкви. Москва «Рудомино» 1996 (ККЦ)
3. http://www.jezuici.pl/~jaugustyn/ oa_s_1.html
4. http://www.zenit.org/article-26075?l=italian
5. http://www.apostol.pl/janpawelii/listy-apostolskie/sakrament-spowiedzi-darem-mi%C5%82osierdzia-bo%C5%BCego
6.http://www.opoka.org.pl/biblioteka/W/WP/benedykt_xvi/przemowienia/spowiednicy_11032010.html.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы на Вялікдзень (радыётрансляцыя)
2011-04-19 13:51:36
24 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Хто ідзе да Хрыста, той ідзе да жыцця

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

1. Гэтымі словамі велікоднага прывітання сардэчна віншую ўсіх вас, дарагія радыёслухачы. Віншую ўсіх хрысціян — католікаў, праваслаўных, пратэстантаў, а таксама ўсіх людзей добрай волі.

Божы Провід дазваляе нам усім разам адзначаць свята святаў — Пасху Хрыстову. Гэта вялікі дар і адначасова заданне, каб імкнуцца да адзінства і разам сведчыць аб збаўчай праўдзе Уваскрасення, якое ёсць падмурак нашай веры і надзея на жыццё вечнае.

2. У сённяшнім Евангеллі мы пачулі, як «у першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго».

Велікоднае Евангелле вядзе нас да грабніцы, дзе было пахавана цела Езуса і дзе адбылася перамога жыцця над смерцю. Магдалена спяшаецца да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна. Цёмна было не толькі вакол яе, але і ў ёй, бо Езус, якому яна і іншыя даверыліся і ў якім мелі надзею, памёр на крыжы і быў пахаваны, як кожны іншы чалавек.

Аднак, як кажа сам Езус, вашы думкі — не мае думкі, і вашы дарогі — не мае дарогі. Падобна таму, як неба вышэй за зямлю, так і Божыя думкі і дарогі вышэй за нашы. Магдалена здзіўлена, бо камень, якім быў закрыты ўваход да грабніцы, адвалены. А Евангелле паводле Лукі кажа, што анёл, які знаходзіўся ўнутры магілы, сказаў жанчынам міраносіцам: «Каго вы шукаеце? Езуса з Назарэту? Яго няма тут, Ён уваскрос!» У Евангеллі паводле Мацвея анёл наказаў ім абвясціць пра гэта апосталам і сказаць, каб спяшаліся ў Галілею на спатканне з Ім.

Тое, што ўбачыла Магдалена і жанчыны міраносіцы, здзівіла іх, а словы анёла прагучалі як маланка з яснага неба. Бо, сапраўды, хто і калі бачыў, каб памерлы жыў?!

3. Пасля Вялікай пятніцы вучні Хрыста жылі смерцю, думалі пра смерць, і іх перспектывай таксама была смерць. Жанчыны міраносіцы таксама ішлі ўбачыць смерць. Аднак падзеі велікоднай раніцы нагадваюць пра тое, што калі нехта ідзе да Хрыста, то ідзе не да смерці, а да жыцця.

Я жыву, і вы будзеце жыць, — кажа Езус. Гэтае абяцанне рэалізавалася ў велікодную раніцу. Яна кажа нам, што толькі ў Хрысце мы можам мець новае жыццё. Калі Бог уваходзіць у жыццё чалавека, то чыніць гэта паводле сваёй волі. А тое, што чыніць, з’яўляецца найлепшым, што можа спаткаць чалавека на шляху веры, бо Бог хоча толькі дабра. Так сталася і ў велікодную раніцу, калі ў Езусе Хрысце Бог ажыццявіў свой план збаўлення чалавека.

Той раніцай у Ерузалеме нічога не прадказвала, што з надыходам дня зменіцца жыццё. Гэты горад, які называецца горадам Бога, быў сонны пасля яўрэйскіх пасхальных святаў і прадчуваў, што Бог сапраўды такі блізкі да людзей у сваёй дзейнасці, што нават бурыць брамы смерці, каб даць чалавеку абяцанне ўваскрасення.

4. Калі слухаем Евангелле пра ўваскрасенне, можа нарадзіцца пытанне пра таямнічасць гэтай падзеі. Без сведак, толькі адвалены камень, пусты гроб і голас анёла, што Хрыстус паўстаў з памерлых.

Пытанне пра таямнічасць звязана з чалавечым успрыманнем таго, што тады здарылася. Езус збавіў чалавецтва і паўстаў з памерлых. Напэўна, Ён мог бы ў сваёй славе стаць перад тымі, якія Яго не прынялі, нават аддалі на крыжовую смерць, каб паказаць, што менавіта Ён з’яўляецца Валадаром свету.

Калі б так было, яны далі б аб Ім такое сведчанне, што ўсе прызналі б у Ім Месію. Але тады не было б веры ў Яго. Бо аб’ектам веры не можа быць тое, што можна пацвердзіць. Божая воля і Божы план збаўлення іншы, чым яго сабе ўяўляе чалавек. Падобна таму, як Сын Божы прыйшоў у гэты свет здалёку ад людзей, у Бэтлееме, каб кожны чалавек меў такі ж шлях да веры ў Езуса Хрыста, так і Уваскрасенне наступіла, калі ўсе спалі, каб, абудзіўшыся, маглі таксама абудзіцца ў веры. Бог так запланаваў дзень Уваскрасення, каб гэтую радасную вестку кожны чалавек прыняў найперш верай.

Сведчаннем гэтай падзеі таксама з’яўляюцца пусты гроб Езуса і апосталы, якія вельмі хутка спаткаліся з Ім у Галілеі.

5. Таму з самага пачатку хрысціянства моцай Касцёла з’яўляецца вера ва ўваскрасенне Хрыста. Не ўлада, не грошы, нават не самая сучасная вайсковая зброя, а вера ў Евангелле аб Уваскрасенні з’яўляецца той сілай, якую не можа знішчыць ні час, ні хтосьці іншы, хто падымае руку на Касцёл. Гісторыя — гэтаму найлепшае сведчанне. Таксама і Касцёл у нашай краіне, які падчас ганенняў быў укрыжаваны і здавалася, што ўжо зусім знік, не памёр, а жыве і адраджаецца. Сёлета мы адзначаем 20-годдзе адраджэння яго структур і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Касцёл адраджаецца, бо Хрыста няма ў грабніцы, бо яна пустая. Езуса там няма, але Ён ёсць з намі, ёсць там, дзе двое або трое збіраюцца ў Яго імя.

6. Праз жанчын міраносіц Езус сказаў сваім вучням, каб ішлі ў Галілею на спатканне з Ім. Менавіта ў Галілеі Ён распачаў абвяшчаць Евангелле і там яго завяршае.

Галілея — гэта ўбогі край, дзе людзі вядуць манатонны стыль жыцця і зарабляюць на жыццё працай сваіх рук. Менавіта ў гэтай манатоннасці ўваскрослы Езус чакае апосталаў. Ён прыходзіць таксама да нас у манатоннасці нашага жыцця, прыходзіць у звычайныя, запоўненыя працай, навукай, хваробай, цярпеннем і смерцю дні. Прыходзіць, каб запоўніць нашу штодзённасць новым духам, у якім яна набудзе збаўчае вымярэнне. Такім чынам, уваскрослы Езус робіць старое новым, бо той, хто ў Хрысце, — новае стварэнне.

У сёлетняе свята Пасхі Езус таксама прыходзіць да нашай Галілеі тут, у Беларусі, бо Галілея — там, дзе мы жывём. Прыходзіць, каб аб’явіць нам сваю любоў і адарыць новым жыццём.

Таму свята Пасхі не павінна быць толькі ўспамінам той знакавай падзеі, якая змяніла бег гісторыі, абагачаючы яе ласкай уваскрасення як падмурку нашай веры і надзеі на жыццё вечнае, але павінна стаць часткай нашага жыцця. Вялікдзень — гэта Божы дар і адначасова заданне адкрыць дзверы сваіх сэрцаў Хрысту, як да гэтага заклікае Вялікі Папа Ян Павел II, які ўжо праз тыдзень будзе беатыфікаваны; адкрыць сэрцы на Добрую Навіну аб перамозе жыцця над смерцю, каб яна іх перамяніла і напоўніла велікодным зместам аб збаўленні чалавека і сапраўднай радасцю збаўленых дзяцей Божых, чаго ад усяго сэрца ўсім вам жадаю.

Радасных, поўных ласкі ўваскрослага Пана святаў Пасхі!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

 
Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас экуменічнага набажэнства ў межах канферэнцыі «25 год пасля Чарнобылю»
2011-04-18 08:40:18


Международная партнерская конференция «25 лет после Чернобыля»

Минск, 17 апреля 2011 г., минский православный храм в честь иконы Матери Божьей Всех скорбящих Радость

Возлюбленные во Христе братья и сестры!

1. Бог сотворил мир, в котором все было хорошо и гармонично. Первозданную гармонию нарушил грех Адама, в основе которого лежит непослушание воли Божией. С этого момента начались все беды человечества, которые поражают как самого человека, так и мир.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Пальмовую нядзелю
2011-04-18 08:23:42
17 красавіка 2011 г., мінская архікатэдра

Дарагія браты і сёстры!

1. Напэўна, не аднаму з нас і не адзін раз давялося весці машыну, думаючы, што едзем у добрым напрамку, а потым аказвалася, што рухаемся ў адваротным. Каб даехаць да мэты нашага падарожжа, нам трэба было развярнуцца і ехаць у іншы бок.

Штосьці падобнае і з галоўнай ідэяй Пальмовай нядзелі. Мы часта думаем як жыхары і госці Ерузалема, што Пальмовая нядзеля вядзе нас у адным напрамку, а насамрэч — зусім у іншым.     

2. Натоўп людзей у той дзень у Ерузалеме чакаў перамен. Рымская акупацыя была падобна да егіпецкай няволі, з якой іх прадзеды былі цудоўным чынам вызвалены. Наступаў тыдзень, калі габрэі святкавалі сваю Пасху. Эмоцыі нарасталі. Вялася падрыхтоўка да супольнага спажывання пасхальнай ежы, як кульмінацыйнага моманту святкавання вызвалення з егіпецкай няволі.

Такой самай надзеяй на вызваленне з рымскага гнёту жылі і габрэі ў часы Езуса Хрыста. Гэтую надзею яны ўсклалі на Яго падчас урачыстага ўваходу ў Ерузалем. Ён ведаў, што быў папулярным, бо карміў людзей, іх лячыў, уваскрашаў з памерлых, сваімі прамовамі захапляў сэрцы слухачоў.

3. Гэта быў не першы раз, калі натоўп шукаў лідара, і, напэўна, не апошні. Таму ён з такім энтузіязмам вітаў Езуса, які ўязжаў на асле ў Ерузалем пад гукі слоў: «Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны, хто прыходзіць у імя Пана». Тады здавалася, што дарога, якой ехаў Езус, вяла да вызвалення ад рымскай акупацыі і адраджэння палітычнай і эканамічнай моцы выбранага народу.

Аднак, паводле Божага плану, дарога Пальмовай нядзелі мела іншы сэнс, бо была дарогай, якая вяла да ахвяры. Гэта не быў шлях, які запланаваў натоўп, але які запланаваў Бог.

4. У радасным святкаванні Пальмовай нядзелі мы часта забываем, што ўжо праз некалькі дзён той самы натоўп людзей будзе жадаць смерці Езуса. Гэта нагадвае пра тое, што дарога Езуса вядзе зусім у іншым напрамку.

У першым чытанні Ісая прадказвае мучэнні і смерць Збаўцы. І так сталася. Можна задаць пытанне: чаму? Таму, што шлях, якім ішоў Езус, быў шляхам пакоры, любові, служэння іншым, надзеі і падтрымкі. Гэта быў шлях збаўлення, а не панавання. Гэта быў шлях Божага валадарства, а не зямнога валадара. Гэта быў шлях Божай, а не зямной хвалы. Гэта быў шлях праведнасці, а не рымскага гнёту.   

5. У сучасным цывілізаваным свеце чалавеку, які робіць добрыя ўчынкі і на гэтым шляху вылучаецца з іншых, шануюць, даюць узнагароды, нават прысуджаюць Нобелеўскія прэміі. Езус, аднак, не чакаў такой узнагароды. І як вынік гэтага, той самы натоўп, які з энтузіязмам вітаў Езуса, у сваёй злосці, баязлівасці і мітусні адвярнуўся ад Яго.

6. Такім чынам, шлях Езуса ў Ерузалем з трыумфальнага замяніўся ў шлях цярпення, якое Ён зносіў мужна і ад якога не адмовіўся, бо такі быў Божы план. Гэта была дарога не на пляц каранацыі, а на Галгофу. Адбылася, кажучы сучаснай мовай, дыверсіфікацыя дарогі, бо Божыя планы — не людскія. Дарога Езуса — гэта дарога ахвяры, праз якую прыйшло ў свет збаўленне і вечнае жыццё.

Калі крыж і ахвяра спадарожнічаюць жыццю чалавека, то яны асаблівым чынам сталі часткай жыцця нашага грамадства ў апошнія часы. Увесь свет перажывае разам з намі трагедыю мінскага метро, якая адбылася падчас Вялікага посту і якая ўпісваецца ў ахвяру Хрыста на Галгофе.  

Мы молімся, каб міласэрны Бог прыняў у сваё валадарства нявінна забітых, адарыў ласкай здароўя параненых і суцешыў смуткуючых. Таму, святкуючы Пальмовую нядзелю, нам трэба памятаць аб ахвярах гэтай трагедыі.

Пальмовая нядзеля ўводзіць нас у Вялікі тыдзень, прысвечаны разважанням пра крыжовы шлях, смерць і змёртвыхпаўстанне Хрыста. У сваім, часта далёкім ад вернасці Евангеллю, жыцці нам таксама неабходна змяніць яго напрамак і не баяцца прайсці сваім крыжовым шляхам разам з Хрыстом, каб ён стаўся шляхам збаўлення. Амэн.

 
Прывітальнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прымеркаванай да 80-годдзя Інстытута філасофіі НАН Беларусі
2011-04-14 14:26:18
14 красавіка 2011 г.

Глыбокапаважаны Анатоль Аркадзьевіч Лазарэвіч — дырэктар Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — члены навуковай рады, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, свету навукі і культуры, усе прысутныя. Дазвольце выказаць сардэчную ўдзячнасць за запрашэнне на святкаванне 80-годдзя вашага інстытута і выказаць свае шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні з гэтай нагоды.

З перспектывы вечнасці 80 гадоў — гэта нямнога. Аднак, беручы пад увагу гістарычныя абставіны, у якіх прыйшлося дзейнічаць інстытуту, — гэта шмат. За перыяд існавання ўстанова прайшла вялікі працэс станаўлення і пашырэння гарызонтаў сваёй дзейнасці. Сёння інстытут займаецца не толькі праблемамі класічнай філасофіі, але таксама рэлігіязнаўствам і філасофіяй рэлігіі. Такім чынам, абапіраючыся на рацыянальную логіку і веру, Інстытут філасофіі комплексна падыходзіць да праблематыкі быцця і да выпрацоўкі філасофскага погляду на свет, а таксама спрыяе развіццю адносін паміж навукай і верай.

У наш час, калі сучасны свет, з аднаго боку, усё больш і больш становіцца секулярным, а з іншага, адчувае патрэбу вечных каштоўнасцяў, вельмі важнымі становяцца адносіны грамадства з рэлігійнымі ўстановамі. З радасцю неабходна падкрэсліць, што ў Беларусі яны развіваюцца паспяхова і маюць пазітыўную дынаміку. Вялікая заслуга ў гэтым належыць Інстытуту філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які супрацоўнічае з рознымі рэлігійнымі арганізацыямі, у тым ліку і з Каталіцкім Касцёлам.

Упэўнены, што гэта супрацоўніцтва можа і павінна быць яшчэ больш актыўным і паспяховым. Ведаючы адкрытасць Інстытута філасофіі, спадзяюся на далейшае развіццё гэтых адносін на карысць нашага грамадства і фармавання новага чалавека ў адпаведнасці са знакамі часу, а таксама для яго духоўна-культурнага развіцця.

Кожная круглая дата ці юбілей — гэта добрая нагода для падвядзення вынікаў працы, для таго, каб заглянуць у будучыню і ствараць новыя планы. Безумоўна, Інстытут філасофіі можа па праву ганарыцца сваімі дасягненнямі. Аднак нельга толькі спачываць на лаўрах, трэба ісці наперад. Лацінская прыказка кажа: «Qui non progredit — regredit» («Хто не ідзе наперад, той адступае назад»). Упэўнены, што 80-гадовая праца інстытута будзе добрым падмуркам для далейшай навукова-даследчай працы.

Святкуючы юбілей беларускай філасофскай школы, ад усяго сэрца жадаю інстытуту, яго кіраўніцтву і супрацоўнікам моцнай любові да мудрасці, гэта значыць быць сапраўднымі філосафамі, каб вера і розум вялі да пазнання праўды, а праз яе — да  дабра.

Няхай Бог, Творца сусвету і самы дасканалы філосаф, адорыць усіх вас патрэбнымі дарамі і ласкамі і благаслаўляе на новыя дасягненні.  

У новы шлях і новую творчую будучыню Інстытут філасофіі!

Ad multos annos! На многія леты!

Дзякую за ўвагу.
 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на IV Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-04-01 12:39:59
3 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. IV Нядзеля Вялікага посту называецца нядзеляй «Laetare» ад лацінскага слова «радавацца». Сапраўды, трэба радавацца, бо ўсё бліжэй Вялікдзень — свята нашага збаўлення.

Сённяшнія чытанні нагадваюць нам, што толькі Бог дапамагае бачыць як вачыма цела, так і душы.  

Адна гісторыя распавядае пра тое, як аднойчы чалавек прыйшоў у школу для дзяцей са слабым зрокам. Вельмі ўзрушаны ўбачаным, ён сказаў: «Гэта павінна быць жудасна — ісці праз жыццё без вачэй». На гэта адна маленькая дзяўчынка адказала: «Яшчэ горш мець два вокі і заставацца сляпым». Так, сапраўды, слепата можа быць фізічная і духоўная. Гэтыя дзве формы слепаты і прадстаўлены ў сённяшнім Евангеллі.

2. Першае чытанне, узятае з Першай Кнігі Самуэля, распавядае пра выбар і намашчэнне Давіда на другога па чарзе караля Ізраэля. Менавіта ў гэтым чытанні мы бачым чалавечую слепату ў нашых суджэннях аб людзях і патрэбу Божай дапамогі, бо чалавек бачыць звонку, а Бог глядзіць у сэрца.  

У другім чытанні св. апостал Павел нагадвае хрысціянам аб іх новай адказнасці як дзяцей святла.

У Евангеллі Езус вучыць нас, што вера адкрывае вочы, і адначасова перасцерагае перад тымі, якія хоць і ведаюць праўду, але на самой справе з’яўляюцца сляпымі. Сляпы ад нараджэння ў Хрысце атрымлівае святло веры, а рэлігійна адукаваныя фарысеі застаюцца духоўна сляпымі.

3. Евангельская сцэна вылечвання сляпога прадстаўляе міласэрнасць Езуса як Святла свету. Габрэі верылі, што, калі прыйдзе Месія, то ён будзе лячыць розныя хваробы, у тым ліку і слепату. Езус даў беднаму сляпому не толькі ласку фізічнага бачання, але і святло веры.

Гэтая ж гісторыя нагадвае і пра тое, што ўпартасць фарысеяў і папярэдняе асуджэнне не дазволілі ім у пакорным Сыне чалавечым убачыць доўгачаканага Месію і здзейснены Ім цуд. Яны лічылі, што сляпым нараджаецца дзіця грэшных бацькоў, а ўчынены ў суботу цуд з’яўляецца грахом. Аднак вылечаны чалавек лічыў Езуса Богам, бо Ён зрабіў гэты цуд, і таму гэты чалавек праслаўляў Яго.

Духоўны прагрэс вылечанага Езусам чалавека нагадвае нам аб патрэбе Божай ласкі, каб мы маглі мець добры духоўны зрок.

4. Са старажытных часоў сённяшняя евангельская гісторыя асацыявалася з сакрамэнтам хросту. Як сляпы ўваходзіў у ваду Сілаама і, выйшаўшы, мог бачыць, так і пагружаныя ў ваду хросту выходзяць з яе духоўна здаровымі, вылечанымі з духоўнай слепаты, у якой усе нараджаюцца.

Езус дакарае фарысеяў, якія былі духоўна сляпымі, бо, нягледзячы на выдатную духоўную падрыхтоўку, у іх не было духа Хрыста. Тут існуе кантраст паміж тымі, якія ведаюць, што яны сляпыя, і тымі, якія прэтэндуюць на тое, што ўсё бачаць. На думку фарысеяў Езус, які ў суботу вылечыў сляпога, сам быў грэшнікам, бо яўрэі ў суботу не працуюць. Паводле іх меркавання Езус нават не меў права памазаць вочы сляпога слінай.

5. Хаця гістарычныя фарысеі даўно зніклі з нашага жыцця, тым не менш вельмі часта мы падобныя да іх. Гэта адна з хваробаў нашага часу. Такая слепата адмаўляецца бачыць Божую праўду і ёю жыць. Сучасная духоўная слепата нярэдка адмаўляецца нават прызнаць існаванне Бога і Яго закон. У сёлетнім Пасланні на Вялікі пост папа Бэнэдыкт ХVI падкрэслівае, што цуд аздараўлення сляпога з’яўляецца знакам Хрыста, які разам з фізічным зрокам хоча адкрыць наш унутраны зрок, каб наша вера станавілася ўсё больш глыбокай і каб мы маглі распазнаць у Ім нашага адзінага Збаўцу, які асвячае любы змрок і вядзе чалавека да жыцця «дзяцей святла».

6. Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Евангелля?

Найперш, трэба дазволіць Езусу вылечыць нашу духоўную слепату. Каб вылечыцца, хворы павінен паказацца лекару, каб яго агледзеў і прызначыў лячэнне. На жаль, чалавек не заўсёды так паступае і не заўсёды спяшаецца да лекара. Кажа, што, маўляў, само пройдзе, або лечыцца сваімі спосабамі. Найчасцей такое лячэнне завяршаецца трагедыяй.

У духоўным сэнсе мы маем нешта падобнае. Замест таго, каб жыць у святле Божай праўды, мы жадаем заставацца ў духоўнай цемры. Таму мы павінны прасіць Бога аб ласцы звярнуцца да нябеснага лекара — Езуса Хрыста — які дзейнічае праз святара, асабліва ў сакрамэнце пакаяння.

Далей, нам трэба пазбавіцца ад культурнай слепаты нашага часу. Сучасная культура нячулая да маральных праблем. Культура, мас-медыя, кіно, тэлебачанне, каштоўнасці вельмі часта сляпыя і імкнуцца толькі да самалюбавання і самазадавальнення. У імя правоў асобы вядуцца намаганні прадставіць рэлігію і рэлігійныя практыкі як асабістую справу чалавека.

Нарэшце, нам трэба маліцца аб ласцы добрага духоўнага зроку, каб мы маглі ведаць, чым на самой справе жывём і што ў нашым жыцці з’яўляецца галоўным, а асабліва — ці бачым мы ў штодзённым жыцці дзейнасць Бога.

7. Адзін аповед распавядае пра навяртанне да Бога чалавека, які калісьці быў няверуючым. Яго няверуючы сябар хоча даведацца, чаму ён так паступіў. Ён кажа: «Ты стаў веруючым ў Хрыста». «Так», – адказаў чалавек. — «Тады ты павінен ведаць аб Ім многа. Скажы, дзе Ён нарадзіўся?» — «Я не ведаю». —  «Колькі гадоў Ён меў, калі памёр?» — «Не ведаю». — «Як многа казанняў Ён прамовіў?» — «Не ведаю». — «Сапраўды, ты не многа ведаеш для чалавека, які навярнуўся да Хрыста». — «Гэта праўда, я не многа ведаю пра Яго. Аднак я ўсё ж такі нешта ведаю, і гэта вельмі важна для мяне. Тры гады таму я быў п’яніцай і мая сям’я была разбіта. Цяпер я перастаў піць, мая сям’я шчаслівая і дзеці мяне чакаюць кожны вечар. Усё гэта для мяне зрабіў Хрыстус, і гэта ўсё, што я ведаю пра Яго». Ці гэты адказ не падобны да таго, які даў вылечаны Езусам сляпы, кажучы: «Я быў сляпы, а цяпер бачу»?

Няхай жа сённяшняе Евангелле, якое нагадвае нам аб неабходнасці жыць як дзеці святла, якія шукаюць дабра, справядлівасці і праўды, заахвоціць нас, каб нашы велікапосныя малітвы і ахвяры сапраўды служылі вылечванню ад духоўнай слепаты і каб мы жылі як дзеці святла. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах малітоўнага чування моладзі
2011-04-01 10:43:12

2 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Гэтае салодкае слова «свабода»


Шаноўная моладзь, дарагія браты і сёстры!

1. Сёння, 2 красавіка, спаўняецца 6 год са смерці Вялікага Папы Яна Паўла II, які будзе беатыфікаваны 1 мая. Менавіта ён заснаваў традыцыю Сусветных дзён моладзі, якая працягваецца. Упершыню моладзь Беларусі і краін былога Савецкага Саюза прыняла ўдзел у такім форуме ў 1991 г. у Чэнстахове ў Польшчы. Дэвізам той гістарычнай сустрэчы былі словы з паслання св. апостала Паўла да Рымлянаў: «Вы прынялі Духа ўсынаўлення» (пар. Рым 8,15). Гэтымі словамі папа Вайтыла хацеў падкрэсліць, што сапраўдная свабода — гэта жыццё ў Духу Божым.

Мінула 20 гадоў з той вялікай падзеі ў жыцці маладых людзей усяго свету, таксама і Беларусі. Многія з іх сёння — гэта вашы мамы і таты, і яны, напэўна, з удзячнасцю Богу і радасцю ўспамінаюць тыя благаслаўлёныя хвіліны, якія іх вялі да свабоды ў Духу Божым.

Таму зразумела, што сённяшняе наша велікапоснае чуванне моладзі прысвечана свабодзе. Яго дэвіз — гэта словы св. апостала Паўла да Галатаў: «Дзеля свабоды вызваліў нас Хрыстус» (пар. Гал 5, 1).

Адыходзячы да дому Нябеснага Айца, папа Ян Павел II звярнуўся да сабранай на плошчы Св. Пятра моладзі са словамі: «Я вас шукаў, і вы прыйшлі». Папа нас шукаў і мы прыйшлі сёння, каб разважаць на тэму свабоды ў Хрысце.

2. Калі малады чалавек дасягае 16–18 гадоў і сваім знешнім выглядам усё больш і больш нагадвае дарослага, то ў яго адначасова ўзнікае жаданне пашырэння сферы свабоды дзеяння. Купіць піва ці схадзіць на фільм для дарослых ужо не з’яўляецца праблемай. Таксама прагулка пад ручку юнака з дзяўчынай па вуліцы не выклікае асаблівай увагі ў прахожых.

Ад такой нечаканай свабоды ў маладых людзей нярэдка кружыцца галава, і яны імкнуцца карыстацца з яе як мага больш. Але менавіта тады, як маланка з яснага неба, на іх спадае шэраг заўваг: «не дазволена», «забаронена», «яшчэ раз так зробіш, я табе пакажу» і г.д. Найперш бацькі, затым настаўнікі ў школе, святары ў касцёле і нават суседзі ці дворнікі маюць шмат заўваг адносна паводзінаў сучаснай моладзі.

Адзін малады чалавек так выказаўся пра рэакцыю старэйшых: «Яны дзейнічаюць, як снайперы, якія заўсёды трапляюць у тое, што найбольш прыемна і захапляе. Вазьму ў рукі кілішак з віном, адразу стрэл: „няможна, ты што, хочаш стаць алкаголікам?“ Пасля рамантычнай сустрэчы з дзяўчынай вяртаюся позна дахаты, дзе мяне ўжо чакае сямейны трыбунал у складзе бацькі як старшыні, маці як пракурора, і бабулі ў якасці публічнага абвініцеля. Такі суд імгненна выдае сваё рашэнне, якога нельга аправергнуць нават у Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбургу». 3. Маладыя спрабуюць вырашыць узнікшую праблему рознымі спосабамі. Адны выкарыстоўваюць метад: Богу свечку, а д’яблу агарак. Іншыя пакорна ківаюць галавой, а потым робяць сваё. Некаторыя проста стараюцца не быць там, дзе могуць пачуць забарону. Нарэшце, ёсць і такія, якія пытаюцца: а чаму забаронена? Чаму нельга курыць, піць алкаголь, займацца сексам перад шлюбам? Чаму?

4. На гэтыя і падобныя пытнані пастараемся адказаць сёння. Напэўна, некаторыя з вас бралі ўдзел у падобных дэбатах. Напрыклад: «Табе нельга глядзець такіх тэлевізійных фільмаў», — кажа дзед унуку. «А чаму?» — «Бо ў тваім узросце я іх не глядзеў». — «Але ж дзядуля, у тыя часы ў цябе не было яшчэ тэлевізара», — адказвае ўнук.

Пасля гэтага імгненна распачынаецца атака на маладога чалавека, якая супярэчыць усім нормам Дэкларацыі правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у выніку чаго непаслухмянага маладога чалавека закоўваюць у кайданы розных прадпісанняў, кажучы, што іх незахаванне з’яўляецца грахом.

5. Тэма граху не вельмі папулярная сярод сучасных маладых людзей. Яны не маюць ніякай ахвоты слухаць пра грэх, перасцярогу перад ім, пакаранне за яго і пекла. Сучасная прагрэсіўная моладзь жадае жыць у духу свабоды, талерантасці і сяброўства, а не слухаць маралі пра грэх.

Асабліва непапулярная сярод моладзі праўда пра першародны грэх. Некаторыя з іх кажуць, што гэта несправядліва. Чаму нехта павінен адказваць за тое, што некалі Адам і Ева збунтаваліся супраць Бога? Іншыя дадаюць, што чалавек па сваёй прыродзе добры, таму трэба перастаць казаць пра грэх і стварыць належныя ўмовы жыцця, каб не было войнаў, нянавісці і несправядлівасці.

Іншыя кажуць, што свет створаны недасканалым і несправядлівым. Чаму лес расце многія дзесяцігодзі, а згарэць можа за дзень? Чаму кветкі трэба старанна гадаваць, а зелле расце само? Чаму немагчыма аднолькава лёгка гадаваць прыдатныя і непрыдатныя расліны?

Падобныя праблемы датычаць і маральнага жыцця. Чаму, напрыклад, добры ўчынак патрабуе шмат намаганняў, а дрэнны здзяйсняецца лёгка?

6. На гэтыя і падобныя пытанні дапамагае адказаць праўда пра першародны грэх, які нагадвае нам пра тое, што наш свет з’яўляецца дэфектным і дэфармаваным.

Каб лепш зразумець сітацыю, у якой мы знаходзімся, можна выкарыстаць параўнанне з нахіленай падлогай. Прадставім сабе жыццё ў такім памяшканні. Усе рэчы стаяць крыва, коўзаюцца, падаюць на падлогу і разбіваюцца, хадзіць па ёй нязручна.

Такім нахіленым — у дрэнны бок — ёсць сучасны свет, як нахіленая вежа ў італьянскім горадзе Піза. Практыка штодзённага жыцця сведчыць, што нашы думкі, словы і ўчынкі як быццам самачынна накіроўваюцца ў дрэнны бок. Гэта і ёсць праяўленне першароднага граху. Калі мы чытаем біяграфіі святых, то нярэдка можам сустрэцца з фактамі духоўнай цемры і барацьбы са злом. Гэта сведчыць пра тое, што яны таксама жылі на нахіленай падлозе.

Нахіленая падлога — гэта знак таго, што нехта трымае нас у сваёй няволі. Гэта злы дух — д’ябал. Нашыя першыя бацькі — Адам і Ева — паддаліся яго прапагандзе і апынуліся на нахіленай падлозе свайго жыцця.

7. Нехта можа спытаць: а пры чым тут я? Я ж не прысутнічаў пры гэтым! У мяне ёсць алібі, і я не вінаваты.

Тут трэба памятаць, што ўсё чалавецтва з’яўлецца адной сям’ёй. Бог стварыў нас свабоднымі, але адказнымі адно за аднаго. Калі ў сям’і ёсць п’яніца ці наркаман, то нявінна церпяць усе яе члены. Чалавецтва падобна да групы звязаных паміж сабой альпіністаў. Калі адзін падае ўніз, то цягне за сабой іншых. Калі ўзыходзіць уверх, то і іншым падымацца лягчэй.

На жаль, нашыя першыя бацькі ўпалі, хоць тады яшчэ і не было гравітацыі граху, і пацягнулі за сабой нас. Адам і Ева некалі прайгралі злому духу сябе і сваіх дзяцей, у тым ліку і нас. Мы можам з гэтым згаджацца ці не, але так ёсць. Д’ябал трымае нас на прывязі, і калі мы хочам ісці ўверх, то ён цягне ўніз.

Славуты амерыканскі пісьменнік Марк Твен казаў, што не мае праблемаў з тэкстамі Святога Пісання, якіх не разумее, але мае праблемы са зразумелымі. Падобна і з хрысціянствам. Хрысціянамі становімся праз сакрамэнт хросту і разумеем, што сапраўднае хрысціянства патрабуе евангельскага радыкалізму, што насамрэч нялёгка ажыццявіць. Праблема ў тым, што падуладнаму ўплыву першароднага граху чалавеку нялёгка жыць Божай праўдай, асабліва ў наш час імкнення да абсалютнай свабоды.

8. У сучасным свеце нярэдка можна пачуць, што нядобрым жывецца лепш, чым добрым і сумленным. Адказ просты: нядобрыя не з’яўляюцца праблемай для злога духа. Яны, будучы ўласнасцю д’ябла, спакойна ляжаць на маральным дне. Праблемнымі з’яўляюцца тыя, якія хочуць вырвацца з яго абдымкаў. Менавіта іх ён атакуе найбольш. Нездарма св. апостал Ян піша, што д’ябал распачаў барацьбу з тымі, хто выконвае закон Божы (пар. Адкр 12, 17). Злы дух не змагаецца з тымі, хто свядома трывае ў граху. А калі ім не перашаджае, то, мяркуючы нашымі зямнымі катэгорыямі, яны больш шчаслівыя за тых, хто захоўвае Божы закон. Злы дух, які імкнецца авалодаць светам (пар. Ян 16, 11), мае сваіх сяброў і ворагаў, адных карае, іншых узнагароджвае. Але гэта толькі тут, на зямлі…

9. Адна гісторыя распавядае пра тое, як прынц нарадзіўся гарбатым. Ён вельмі саромеўся гэтага, бо хацеў быць стройным і прыгожым. Тады ён загадаў, каб вырабілі яго фігуру з бронзы, аднак не згорбленага, а выпраставанага. Пасля на працягу доўгага часу ён станавіўся побач з фігурай і стараўся выпраставацца. І гэта яму ўдалося, хоць прыказка і кажа, што толькі магіла выпрастае гарбатага.

Імкненне да свабоды паводзінаў, не зважаючы на маральныя нормы, чыніць нас духоўна гарбатымі. Давяраючы Божай ласцы, нам не трэба баяцца гэтага. Перад намі фігура Хрыста — самага дасканалага, духоўна выпраставанага чалавека. Нам трэба як мага часцей станавіцца бліжэй да Яго, каб духоўна выпраставацца і не баяцца жыць у свабодзе дзяцей Божых.

10. Дарагая моладзь!
Імкненне да свабоды, якое зачароўвае вас, з аднаго боку з’яўляецца натуральным і зразумелым, бо чалавек створаны для свабоды. Толькі тут трэба добра памятаць аб тым, што ён створаны для свабоды дзяцей Божых, для свабоды ў Божым законе, а не для свабоды ад яго. Таму паняцце свабоды нельга пераносіць на маральныя справы і імкнуцца да маральнага рэлятывізму, калі ўсё здаецца адносным. Трэба памятаць аб тым, што ў маральным сэнсе заўсёды існуе мяжа, якую не дазволена пераступіць, бо наступіць катастрофа, сведкамі чаго мы ўсё часцей і часцей з’яўляемся.

Таму, калі маладому чалавеку і здаецца, што яго закавалі ў путы ўсіх існуючых прадпісанняў і неміласэрна асуджаюць, то неабходна ўспомніць словы Святога Пісання аб тым, што шчасце чалавека ў боязі Бога (пар. Пс 127, 1), гэта азначае ў выкананні Яго закону.

Малады сучасны чалавек! Ты шукаеш свабоды і шчасця і ў мітусні сучаснага свету з яго выклікамі часта не ведаеш, дзе і як іх знайсці. У гэтым пошуку часта трапляеш у тупік і не ведаеш, як адтуль выйсці. У гэтай складанай сітуацыі даверся Богу, май надзею ў Ягоным законе, нават супраць надзеі (пар. Рым 4, 18). Адчыні дзверы свайго сэрца Хрысту — як заклікаў на пачатку свайго Пантыфікату Ян Павел II. Ён табе дапаможа ўтрымацца на нахіленай падлозе гэтага свету, каб не ўпасці і, жывучы паводле духа Евангелля, быць свабодным і шчаслівым. Амэн.


Выкарыстаная літаратура:

1.    http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/1978/
documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato_it.html.
 
Выступленне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на канферэнцыі «Неабходна абараняць жыццё»
2011-04-02 13:56:33

Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены, 2 красавіка 2011 г.

ЧАЛАВЕК ПАВІНЕН БАРАНІЦЬ ЖЫЦЦЁ

1. Ваша эксцэленцыя біскуп Антоні Дзям’янка, паважаныя духоўныя асобы, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, Міністэрства аховы здароўя, браты і сёстры!

Ад усяго сэрца вітаю вас на канферэнцыі, прысвечанай абароне жыцця. Дзякую Радзе па справах сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі за праяўленую ініцыятыву і практычную арганізацыю гэтага так патрэбнага Беларусі форуму.

Вельмі важна, што ў канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы. Пазіцыі католікаў і праваслаўных у справе сям’і, біяэтыкі і абароны жыцця блізкія. Тут, як і ў многіх іншых аспектах сацыяльнага вучэння, мы саратнікі.  

Удзел прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя пацвярджае заклапочанасць дзяржавы праблемай дэмаграфіі і здароўя нацыі.

2. Тэма канферэнцыі — «Неабходна абараняць жыццё» — з’яўляецца адной з найбольш актуальных для нашай краіны. За мінулы год насельніцтва Беларусі зменшылася на 19 тысяч чалавек (пар. http://news.tut.by/society/213333.html). Гэта пацвярджае тое, што, нягледзячы на многія намаганні як рэлігійных арганізацый, так і дзяржавы, дэмаграфічны крызіс працягваецца. І тут трэба паглядзець праўдзе ў вочы і адказаць на пытанне: чаму?

Найперш — гэта маральны аспект. Сучасныя сем’і маладзетныя. У гісторыю таксама канулі сем’і, якія складаліся з многіх пакаленняў. У пошуку выгоднага жыцця сучасныя сем’і не жадаюць мець шмат дзяцей. Калі для падтрымкі «status quo» насельніцтва трэба, каб адна сярэднестатыстычная жанчына нарадзіла 2,2 дзіцяці, то рэальна ў Беларусі яна нараджае толькі 1,23 дзіцяці (пар. http://whoyougle.ru/place/statistics/total-fertility-rate).

Другой вельмі вялікай праблемай з’яўляюцца аборты, якія на самой справе ёсць не што іншае, як забіццё самага безабароннага, бо ненароджанага, чалавека. Паводле дадзеных Фонду Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па народанасельніцтву, у 2006 г. у Беларусі колькасць абортаў на 100 народжаных дзяцей дасягнула 61, а ў 2007 г. — 45. Для параўнання: у Польшчы, дзе аборты абмежаваныя заканадаўствам, у 2006 г. гэты паказальнік складаў 0,09 (пар. http://un.by/ru/unfpa/reproductive_health/ resource_centre/statistican/number-of- abo.html). А хто ведае, колькі абортаў выклікаюць гарманальныя «пілюлі наступнай раніцы»?

Усё гэта не што іншае, як генацыд народу, бо рука Ірада ў найлепшых медыцынскіх кабінетах або праз выкарыстанне фармацэўтычных абартыўных прэпаратаў забівае ненароджаных дзяцей.

45% сем’яў разведзены (пар. http://newsby.org/by/2010/01/30/ text13047.htm). Расце колькасць самотных маці. Калі ў 1990 г. іх было 8,5%, то ў 2008 узрасло да 20% (пар. http://subscribe.ru/archive/science.news.demoscopenews/200910/20190911.html).

У многіх краінах свету прыняты законы, якія легалізуюць гомасексуальныя саюзы з правам усынаўлення дзяцей, а таксама законы аб эўтаназіі.

У Рэспубліцы Беларусь пашыраецца практыка штучнага апладнення. Яна маральна не можа быць апраўдана, бо забівае эмбрыёны, якія на самой справе ёсць зачатае жыццё. Кожны з нас калісьці быў эмбрыёнам.

Маральна непрымальнай з’яўляецца і практыка выкарыстоўвання зародкаў для вытворчасці амаложваючых прэпаратаў, якія ўсё больш і больш практыкуюцца ў шоў-бізнесе.  

Беларусь мае сумную рэпутацыю аднаго з сусветных лідэраў па самазабойствах: 5-е месца сярод мужчын і 20-е — сярод жанчын (пар. http://www.volk.by/content/belorusy-na-1-meste-v-mire-po-proizvodstvu-kartofelya-na-dushu-naseleniya).

Практыка штодзённага жыцця паказвае, што сужэнцы безадказна падыходзяць да справы заснавання сям’і і ў іх слаба развіта паняцце адказнага бацькоўства і мацярынства.

Усё гэта нагадвае пра тое, што паняцце інстытуту сям’і як Богам створанага адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, а таксама паняцце жыцця як самага вялікага Божага дару ў наш час дэвальвуецца і пастаўлена з ног на галаву. У сувязі з гэтым перад Касцёлам стаіць актуальная задача звяртаць большую ўвагу на навучанне аб сям’і і яе мэтах, ахове жыцця, належнай падрыхтоўцы моладзі да закладання сям’і і выхавання да адказнага мацярынства і бацькоўства ў адпаведнасці з сацыяльнай дактрынай.

Прыведзеныя вышэй анамаліі з дня на дзень становяцца ўсё больш актуальнымі. Сучасны ліберальны свет вядзе нябачную да гэтага часу прапаганду як супраць здаровага, традыцыйнага, Богам устаноўленага інстытуту сям’і, так і супраць Божага дару жыцця.

Такім чынам, можна сцвердзіць, што тое, з чым мы сёння сустракаемся ў галіне сям’і і жыцця чалавека, ужо не з’яўляецца свабодай жыцця паводле закону Божага, а ідэалогіяй, якая імкнецца навязаць сваё меркаванне. Секулярны светапогляд падрывае шанаванне чалавечага жыцця. Ненароджаныя дзеці становяцца ахвярай «патрабаванняў навукі» і «гандлёвым інтарэсам», а эўтаназія — не што іншае, як ахвяра так званага «гуманнага» заканчэння жыцця. Маральны рэлятывізм няздольны растлумачыць годнасць чалавечай асобы.

Акрамя маральнага аспекту, вельмі важным з’яўляецца і сацыяльны. Хаця ў Рэспубліцы Беларусь і нямала ўвагі ўдзяляецца матэрыяльнаму стымуляванню сям’і, тым не менш трэба больш комплексна падыходзіць да праблемы падтрымкі сям’і і гэтым самым аховы жыцця. Новыя мікрараёны нашых гарадоў растуць як грыбы пасля дажджу. Аднак у той жа час у іх няма добра развітой інфраструктуры, у тым ліку дзіцячых садкоў, школ, культурных і спартыўных аб’ектаў і г. д., што негатыўна адбіваецца на праграме планавання сучаснай сям’і. Большую ўвагу трэба звяртаць і на справу аховы мацярынства.

3. Сужэнства і сям’я з’яўляюцца падмуркам здаровага развіцця грамадскай супольнасці. Сям’я, як непарушны саюз мужчыны і жанчыны, адной з мэтаў якой з’яўляецца працяг і ахова жыцця, свой пачатак бярэ ад Створцы. Еўропа не будзе Еўропай, калі знікне або будзе дэфармавана сям’я, як кажа папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://www.rodzinakatolicka.pl/index.php/ wiadomoci/6-wiadomosci/18250-wgierska-konstytucja-ma-chroni-ycie).

Перафразоўваючы гэтыя словы, можна сказаць, што калі не будзе пераможаны крызіс сям’і і абароны жыцця, то не будзе Беларусі як нацыі, застануцца толькі яе былыя, заселеныя іншымі народамі тэрыторыі.

У сувязі з гэтым перад Касцёлам стаіць актуальная задача звяртаць асаблівую ўвагу на навучанне аб сям’і і яе мэтах, абароне жыцця, належнай падрыхтоўцы моладзі да стварэння сям’і і іх выхавання да адказнага мацярынства і бацькоўства, а таксама дапамагаць сям’і ў адпаведнасці з сацыяльнай дактрынай.

4. Абарона жыцця ад зачацця да натуральнай смерці з’яўляецца абавязкам кожнага чалавека. Для будавання цывілізацыі жыцця неабходна адназначная пазіцыя адносна зачацця чалавечай асобы, антыканцэпцыі, абортаў, штучнага апладнення.

У сучасным свеце мы з’яўляемся сведкамі непрыняцця фундаментальнага права на жыццё як ненароджанага чалавека, так і таго, хто знаходзіцца каля мэты свайго жыцця. Паводле «новай маральнасці» права на жыццё можа мець чалавек, які дарасце да пэўных стандартаў, а менавіта будзе незалежным і патрэбным для іншых. Само існаванне чалавека перастае быць дастатковай прычынай, каб шанаваць яго права на жыццё. Гэта асаблівая пагроза для безабароннага ненароджанага чалавека. Яго лёс — гэткае шэкспіраўскае «to be or not to be» — «быць ці не быць» — аддадзены на волю іншых, тых, ад каго ён залежыць.

У Апостальскай Адгартацыі «Ecclesia in Europa» («Касцёл у Еўропе») Ян Павел II, які 1 мая гг. будзе ўзнесены да хвалы алтара, падкрэслівае, што дэмаграфічны крызіс з’яўляецца знакам «культуры смерці», якая прасякае сучаснае грамадства (пар. ЕЕ 95). Папа заклікае да мабілізацыі намаганняў у галіне абароны жыцця, бо будучыня Еўропы залежыць ад абароны і прапаганды каштоўнасці жыцця, якое з’яўляецца коранем нашай культурнай спадчыны. Еўропе трэба вярнуць яе сапраўдную годнасць, звязаную з тым, што яна з’яўляецца месцам, дзе прызнаецца непераўзыдзеная годнасць кожнай чалавечай асобы (пар. ЕЕ 96).

Гэтыя словы Вялікага Папы можна аднесці і да нашай краіны, дзе пануе абыякавасць адносна справы абароны жыцця і ўсё мацней раздаецца нямы крык забіваемых ва ўлонні маці дзяцей. Заклік да прапаганды і аховы жыцця павінен падкрэсліць для нас існуючую дэвальвацыю яго каштоўнасці і паслядоўнае нежаданне перадаваць Божы дар жыцця, што вядзе да вымірання.

Падчас свайго візіту ў Злучаныя Штаты Амерыкі ў 1993 г. папа Ян Павел II нагадаў, што калі Амерыка хоча быць вялікай краінай, то павінна бараніць жыццё (пар. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii /speeches/ 1993/august/documents/hf_jp-ii_spe_19930812_welcome-denver-gmg_it.html).

Жадаючы поспехаў у працы канферэнцыі, хачу адрасаваць гэтыя словы нашай Бацькаўшчыне: Беларусь, калі хочаш быць вялікай, то захоўвай жыццё, бо наша будучыня залежыць ад абароны і прапаганды яго каштоўнасцяў (пар. ЕЕ 96).

Дзякую за ўвагу.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1.    Ян Павел II. Апостальская Адгартацыя «Ecclesia in Europa» (EE).
2.    http://news.tut.by/society/213333.html.
3.    http://whoyougle.ru/place/statistics/total-fertility-rate.
4.    http://un.by/ru/unfpa/reproductive_health/resource_centre/statistican/number-of- abo.html.
5.    http://newsby.org/by/2010/01/30/ text13047.htm.
6.    http://subscribe.ru/archive/science.news.demoscopenews/200910/20190911.html.
7.    http://www.volk.by/content/belorusy-na-1-meste-v-mire-po-proizvodstvu-kartofelya-na-dushu-naseleniya.
8.    http://www.rodzinakatolicka.pl/index.php/wiadomoci/6-wiadomosci/ 18250-wgierska-konstytucja-ma-chroni-ycie.
9.    http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/speeches/1993/ august/documents/hf_jp-ii_spe_19930812_welcome-denver-gmg_it.html.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на III Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-03-24 09:06:03
27 сакавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Дарагія браты і сёстры!

1. Усе сённяшнія чытанні засяроджаны на сакрамэнце хросту і новым жыцці, якое вынікае з гэтага сакрамэнту. Сімвал вады выкарыстоўваецца, каб прадставіць адносіны чалавека з Богам. Вада сімвалізуе Дух Божы, які прыходзіць да нас у гэтым сакрамэнце. Падобна як вада заспакойвае цялесную смагу чалавека, так і Дух Божы заспакойвае яго духоўную смагу.

Як вада ў пустыні заспакойвала смагу праходзячых па ёй яўрэяў і падтрымлівала іх жыццё, таксама і вада, якую прапануе Езус і крыніцай якой Ён з’яўляецца, на самой справе ёсць жыццядайнай вадой для тых, хто прымае Яго як Пана і Збаўцу.

Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як Езус каля Якубавай студні ў пустыні прабудзіў у самаранцы, якая была грэшніцай і не паходзіла з выбранага народу, прагненне загубленай цэласнасці як Божага стварэння, якое можа адрадзіць толькі Ён. Вада, якую прапануе Езус, вядзе да навяртання і адпушчэння грахоў.

2. На шляху з Юдэі да Галілеі, дзе Езус абвяшчаў Евангелле, недалёка ад Самарыі, знаходзілася Якубава студня. Вядома, што вада ў пустыні мае вялікае значэнне нават і ў наш час, не гаворачы пра часы Езуса Хрыста. Таму студні ў тыя часы насілі імёны тых, хто іх заснаваў.

Менавіта пры гэтай студні Езус спатыкае грэшную жанчыну. Калі Ён разам з вучнямі прыйшоў да студні, быў поўдзень і было вельмі горача. Яму вельмі хацелася піць, аднак Ён не меў чым зачарпнуць вады. Езус паслаў вучняў у горад, каб купілі ежы, а сам чакаў. І вось у гэты час да студні прыходзіць узяць вады грэшная самаранка, якая жыла ўжо з пяццю мужчынамі і цяпер мела шостага палюбоўніка.

Тут трэба нагадаць пра тое, што яўрэі не любілі самаранаў, бо лічылі іх здраднікамі іўдаізму. Паміж імі былі варожыя адносіны. Можам сабе ўявіць, што адчувала ў сваім сэрцы гэтая жанчына, як нашчадак адрынутага яўрэямі народу. Болей таго, яна чакала пагарды, бо была жанчынай, а ў тыя часы на Усходзе мужчыны сістэматычна прыніжалі жанчын. Яна вяла распуснае жыццё, таму для саміх жа самаранаў была сацыяльнай праказай.

І вось каля Якубавай студні для яе настаў момант «праўды». Езус казаў, што прыйшоў шукаць маральна хворых і іх лячыць. Таму Ён ахвотна размаўляе з гэтай жанчынай, бо хоча ёй дапамагчы. І не толькі размаўляе, але, як добры псіхолаг, паступова шляхам дыялогу вядзе яе ад ігнаравання да духоўнага прасвятлення, або, кажучы сучаснай мовай, катэхізуе яе. Ён хацеў вызваліць яе з рабства граху і змяніць накірунак яе жыцця, хацеў даць ёй жывую ваду. Напрыканцы размовы Ён аб’явіў, што з’яўляецца Месіяй, што пераканала жанчыну паверыць Яму. Шлях яе навяртання меў некалькі стадый. Найперш, яна назвала Яго яўрэем. Потым панам. Далей прарокам. І нарэшце Месіяй. Крок за крокам Езус вёў яе да веры. Такім чынам, Ён моцна ўвайшоў у яе жыццё, і яно сапраўды якасна змянілася. Самаранка не толькі паверыла, але і прывяла да Езуса іншых людзей.

3. Якія высновы мы, людзі ўжо XXI стагоддзя, павінны зрабіць з сённяшняга Евангелля?

Найперш трэба дазволіць Езусу ўвайсці ў наша асабістае жыццё, каб Ён мог там дзейнічаць. Гэта асабліва важна падчас Вялікага посту, калі Езус жадае ўвайсці ў наша «прыватнае» жыццё. Сучаснаму чалавеку з яго індывідуалізмам гэта, напэўна, нялёгка. Мы часта, асабліва за мяжой, можам бачыць надпісы: «прыватная ўласнасць». Часам гэта набывае форму абсурду. Аднойчы ў Лос-Анжэлесе на могілках таксама бачыў таблічку з надпісам: «Private property» і далей імя і прозвішча пахаванага там чалавека. Смешна, але факт. Чалавек ужо не жыве, але існуе яго прыватная ўласнасць.

Хрыстус жадае ўвайсці ў наша прыватнае жыццё не для таго, каб паставіць нас у нязручную сітуацыю або асудзіць. Не, Ён жадае нас вызваліць і змяніць, жадае ахвяраваць нам тое, што нам найбольш патрэбна, а менавіта самога сябе, сваю ласку і дары Духа Святога, як жывую ваду. Гэтую жывую ваду мы знаходзім у сакрамэнтах, малітве і слове Божым.

Далей, нам трэба быць сведкамі Езуса, як Яго сведкай з публічнай грэшніцы стала самаранка. Нам трэба стаць «Езусавымі» ва ўсіх абставінах нашага жыцця таксама для тых, хто не хоча іншага.

Нам трэба быць адкрытымі на іншых людзей і прыняць іх такімі, якімі яны ёсць, як гэта рабіў Езус, бо мы ўсе дзеці Божыя. Гэта будзе шлях да нашага духоўнага ўваскрашэння і ўваскрашэння нашых братоў і сясцёр.

Нам трэба пакінуць свае грахі і злыя звычкі: сужэнскую нявернасць, алкагалізм, наркаманію, грахі супраць Божага дару жыцця, амаральныя і несправядлівыя ўчынкі і г. д., усё тое, што не дапускае нашых адносін з Богам — як гэта зрабіла самаранка, каб навярнуцца і жыць верай у Бога.

4. Мы добра ведаем, што чалавек можа даволі доўга жыць без ежы. Аднак без вады не можа. Вада з’яўляецца неабходнай для жыцця. У пэўным сэнсе вада — гэта жыццё. Дзе няма вады, там няма і жыцця. Нездарма вучоныя шукаюць ваду на Марсе, каб даказаць, што там ёсць нейкая форма жыцця. Кактусы і вярблюды, некаторыя карлікавыя дрэвы і пустынная трава прыстасаваныя да жыцця ў абставінах з малой колькасцю вады. Але не чалавек. Недахоп вады вядзе яго да смерці. Нездарма Езус выкарыстаў ваду і смагу для духоўнага навучання пры Якубавай студні. Калі смага цела з’яўляецца адзнакай наступаючай смерці, то смага душы з’яўляецца знакам духоўнай смерці.

Мы ўсе пакліканы да жыцця, і хрысціянства — гэта рэлігія жыцця. Таму выкарыстаем час Вялікага посту, каб наблізіцца да крыніцы жывой вады, якой ёсць Езус, напіцца з яе і тым самым, будучы памерлымі духоўна, уваскрэснуць да жыцця ў ласцы, якая патрэбна да збаўлення. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на II Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-03-21 10:28:39
20 сакавіка 2011 г., мінская архікатэдра

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Другая нядзеля Вялікага посту часта называецца нядзеляй перамянення Пана, аб чым нагадвае сённяшняе Евангелле. А першае і другое сённяшнія літургічныя чытанні вельмі добра ўводзяць нас у таямніцу перамянення. Праз гэтыя чытанні Касцёл нагадвае нам пра абяцанні хросту, якім распачалася наша сакрамэнтальная пілігрымка на хвалу Бога і дзеля нашага збаўлення.

2. Першае чытанне з кнігі Быцця распавядае пра пакліканне Абрагама стаць айцом Божага народу. З’яўленне Абрагама на сцэне гісторыі чалавецтва знамянуе сабой новую эру. Праз Абрагама, які меў на той час 75 гадоў, Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, каб змяніць яе будучыню. Бог паклікаў Абрагама, каб са сваёй сям’ёй ён пакінуў айчыну і пайшоў туды, куды Ён яго пашле.

Гэты біблейскі аповед кажа нам пра тое, што ініцыятарам гэтай гісторыі быў не Абрагам, а Бог. Калі мы былі пакліканы да хрысціянства, гэта таксама не наша заслуга, але выбар самога Бога.

Згода Абрагама, або, ужываючы мову Новага Запавету, яго «fiat», ахоплівае два Божыя наказы. Першы — гэта адмаўленне ад мінулага язычніцкага жыцця. Другі — эмігрыраваць са сваёй радзімы, з дома свайго айца ў зямлю, якую Бог укажа. Калі мы становімся хрысціянамі, то таксама пакліканы адмовіцца ад нашага мінулага. Трэба пакінуць старога чалавека і ў Хрысце стаць новым стварэннем. Таму хрысціянскае жыццё — гэта духоўная пілігрымка ў сакрамэнтальным жыцці Касцёла да духоўнай дасканаласці.

Абрагам не супраціўляўся Богу, не казаў, што ўжо стары, а згадзіўся на Божую прапанову без усялякіх умоваў. Без Абрагама і без Божага народу не было б Збаўцы, які выйшаў з гэтага народу. Прыклад Абрагама — гэта прыклад для нас, хрысціян, каб заўсёды і без умоваў прымаць Божую волю. Згода з Божай воляй прынясе вялікі плён. Так было з Абрагамам. Так было і з Марыяй. Менавіта яе «fiat» даў пачатак ажыццяўленню збаўчага плану Бога.

3. У другім чытанні св. апостал Павел нагадвае, што Бог кліча кожнага з нас, бо хоча, каб мы былі святымі і не баяліся цярпець за праўду Евангелля. Для гэтага Ён умацоўвае нас сваімі сакрамэнтамі.

4. Евангелле распавядае пра перамяненне Пана на гары Табор. Езус перамяняецца ў прысутнасці апосталаў Пятра, Яна і Якуба. Яго твар становіцца ясным, як сонца, а адзенне белым, як святло. Якой была мэта гэтага перамянення? Можна вылучыць наступныя тры.

Па-першае, Бог Айцец аб’явіў апосталам Божае сыноўства Езуса Хрыста.

Па-другое, твар Езуса, як сонца, і адзенне, як святло, азначае, што Хрыстус — святло свету, якое асвятляе ўсіх людзей.

Па-трэцяе, перамяненне Хрыста прадказвае Яго вечнае валадарства.

Калі падчас перамянення з’явіліся Майсей і Ілля, то Пётр мог успомніць зіхатлівы твар Майсея, калі той атрымаў ад Бога табліцы з дзесяццю Божымі запаведзямі на гары Сінай. Пётр таксама мог пры гэтым падумаць, што Езус  на гары Табор дасць новы закон. Майсей і Ілля былі сімваламі закона і прарокаў. Аднак Езус прыйшоў не для таго, каб адмяніць закон, а каб яго выканаць. Ён стаўся выкананнем і закону, і прадказання прарокаў.

Трэба адзначыць яшчэ адзін элемент перамянення Пана на гары Табор — а менавіта голас Божы, які сказаў: «Гэта Мой Сын умілаваны, Яго слухайце».

5. Такім чынам, мы бачым, што ўсе сённяшнія чытанні вядуць нас да асобы Езуса Хрыста, у якім нашае збаўленне.

Сваім перамяненнем Езус адкрыў сваю славу, якую Ён мае на нябёсах. Да гэтай славы мы ўсе пакліканы. Аднак шлях да яе вядзе праз нашае духоўнае перамяненне. Апостал Пётр быў так зачараваны перамяненнем Хрыста, што ўсклікнуў: «Як добра нам тут быць!» Добра і нам быць у Касцёле, бо тут ёсць Езус. Таму нам нельга змарнаваць час Вялікага посту на дарэмныя справы. Трэба выкарыстаць яго для нашага духоўнага перамянення праз пост, малітву, міласціну, праз духоўныя рэкалекцыі і сакрамэнт споведзі. Міласэрны Бог чакае, толькі нам не трэба баяцца кінуцца ў Яго абдымкі.

6. Вядомы пратэстанцкі прапаведнік Біл Грэм казаў, што ён не можа назваць час, калі адчуў навяртанне. Яго жонка казала, што яна ўвесь час узрастала ў веры і таму таксама не можа сказаць, калі дакладна гэты працэс распачаўся. На пытанне вядомага англіканскага евангеліста і тэолага XVIII стагоддзя Джона Уэслі да не менш вядомага маравійскага місіянера таго часу Мікалаўса Людвіга фон Цінцэндорфа, калі ён быў збаўлены, той адказаў, што быў збаўлены заўсёды. На такое ж пытанне іншы каталіцкі святар адказаў, што быў збаўлены 2000 гадоў таму на гары Галгофе Езусам Хрыстом. І гэты адказ з’яўляецца найбольш правільным. У яго святле і ў святле сённяшніх біблейскіх чытанняў, асабліва Евангелля, найбольшае значэнне мае не тое, калі мы пачалі верыць, але ў што і ў каго мы верым.

Мы называем сябе хрысціянамі і такімі моцаю хросту з’яўляемся. Аднак заўсёды застаецца пытанне: якімі хрысціянамі мы з’яўляемся і ў якога Бога мы верым? Таму што Бог сучаснага чалавека — гэта вельмі часта матэрыяльныя каштоўнасці, пошук прыемнасцяў, імкненне да ўлады, алкагалізм, наркаманія, амаральнае жыццё і г. д.

Таму нам неабходна выкарыстаць час Вялікага посту на наша перамяненне. Няхай жа гэты час ласкі і збаўлення стане гарой Табор, каб мы сапраўды перамянілі сваё жыццё, а гэта настане толькі тады, калі мы па прыкладзе Абрагама, Марыі і Езуса скажам сваё «fiat» Богу, за што Ён потым скажа нам сваё «fiat»: слуга верны, увайдзі ў Маё Валадарства. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на I Нядзелю Вялікага посту, Год А
2011-03-11 12:07:39
Сорак дзён вяртання

13 сакавіка 2011 г., мінская архікатэдра

Дарагія браты і сёстры!

1. Некалькі дзён таму, пазначаныя попелам, мы распачалі новы літургічны перыяд — Вялікі пост, як новы духоўны шлях падрыхтоўкі да святкавання пасхальнай таямніцы.

У першыя стагоддзі хрысціянства сорак дзён Вялікага посту азначалі час падрыхтоўкі да сакрамэнту хросту, які звычайна ўдзяляўся ў вігілію Пасхі. Гэта было вельмі сімвалічна. Пасха азначае перамогу жыцця над смерцю. Таксама і хрост вядзе да ўваскрашэння з грахоў і да новага жыцця ў Хрысце.

Такая практыка была вельмі важнай у духоўным плане. Як Езус сорак дзён рыхтаваўся да выканання сваёй місіі, так і тыя, хто адчуў хрысціянскае пакліканне, рыхтаваліся стаць хрысціянамі.

З часам, аднак, усё часцей сакрамэнт хросту ўдзяляўся дзецям. Таму перыяд Вялікага посту пачаў выкарыстоўвацца для духоўнага аднаўлення і вяртання да Бога праз экзамен жыцця ў святле навучання Хрыста. Так Касцёл разумее гэты час і заклікае людзей да навяртання і крочання за Хрыстом. Вялікі пост прыгадвае нам праўду аб тым, што сэнс хрысціянскага жыцця не толькі ў захаванні Божага закону, але і ў жыцці Хрыстом, якога трэба спаткаць, прыняць і наследаваць.

2. Напэўна, не адзін з нас чытаў розныя гісторыі пра людзей, якія імкнуліся быць багатымі і на самой справе такімі станавіліся. Аднак нярэдка яны канчалі жыццё самагубствам або гінулі ў змаганнях за дабрабыт.

Два тысячагоддзі таму адзін галілеянін сказаў: што дасягне чалавек, калі нават завалодае ўсім светам, але страціць душу? Гэты галілеянін —  Хрыстус. У Ім ёсць штосьці такое, што ўжо на працягу дваццаці стагоддзяў зачароўвае чалавецтва. Ён надае новае значэнне часу і месцу, культуры і традыцыям, нацыянальнасцям і мовам. У Ім ёсць штосьці такое, што прамаўляе да нас вельмі ясна, асабліва ў сённяшнім Евангеллі пра спакушэнне.

Адразу пасля свайго хросту ў водах Ярдану, калі Бог Айцец сказаў, што Ён — Сын Яго ўмілаваны, якога трэба слухаць, Езус быў выведзены Духам у пустыню. Там Ён пасціўся на працягу сарака дзён і начэй і потым павінен быў супрацьстаяць спакусам злога духа. Праблема не ў тым, што Езус мог завалодаць усім светам, як Яму прапанаваў д’ябал, але ў тым, як бы Ён ім валодаў, а менавіта — сваёю моцай ці моцай злога духа?

На пачатку Езус быў спакушаны неналежным выкарыстаннем моцы. Далей — неналежнай папулярнасцю. І нарэшце — неналежным спосабам супрацоўніцтва. Такім чынам, на безжыццёвых Юдэйскіх узгорках Езус змагаўся сам з сабою, а менавіта паміж тым, каб быць Валадаром сусвету моцаю злога духа або стаць ім праз паслухмянасць волі Нябеснага Айца.
 
3. Праблема, узнятая Езусам два тысячагоддзі таму, з’яўляецца адной з самых вялікіх у сучаснасці і той, на якую мы не надта звяртаем увагу. Усе хочуць мець уладу, быць багатымі і шчаслівымі. У той жа час далёка не ўсе задумваюцца над тым, як з маральнага пункту гледжання яны імкнуцца ўсё гэта дасягнуць і як будуць гэтым карыстацца. Што для іх самае галоўнае — улада, багацце, танная папулярнасць, пошук задавальненняў і г. д. ці сапраўднае хрысціянскае жыццё згодна з маральнымі прынцыпамі?

На гэтыя і падобныя пытанні мы павінны адказаць падчас Вялікага посту, праходзячы спецыяльныя велікапосныя курсы хрысціянскай фармацыі. Сорак дзён — гэта не малы час, каб навучыцца чамусьці добраму, адмовіцца ад злога і ад дрэнных звычак.

Аднак, па праўдзе кажучы, калі нават велікодныя яйкі могуць сапсавацца, то і многія нашы велікапосныя намаганні не прынясуць плёну, калі мы не паставім перад сабой адпаведнай мэты. Вялікі пост вядзе нас да Пасхі, калі мы разважаем аб праўдзе Уваскрасення Езуса Хрыста. Таму наша ўваскрашэнне з грахоў павінна стаць мэтай Вялікага посту, каб мы не паддаліся спакусам і па прыкладзе Езуса Хрыста маглі іх адкінуць. І тут сучаснаму чалавеку ёсць аб чым падумаць у яго імкненні быць вялікім.

Адна гісторыя апавядае пра вельмі вядомага пратэстанцкага прапаведніка. Аднойчы вечарам ён рыхтаваўся да нядзельнага казання. Яго малы сын папрасіў тату, каб той паклаў яго спаць. На гэта пастар адказаў: «Ідзі да ложка, а я праз некалькі хвілін прыйду». Аднак потым ён так захапіўся падрыхтоўкай да казання, што пра сваё абяцанне ўспомніў значна пазней, калі яго сын ужо спаў. Безумоўна, вельмі важным было казанне, але значна важнейшым было сямейнае жыццё і выхаванне маладога пакалення праз выкананне дадзенага слова.

Падобная гісторыя вельмі часта паўтараецца ў нашым жыцці. Спакуса перамагае нас, калі мы не да канца асэнсоўваем тое, што робім. Імкнёмся працаваць, каб зарабіць і ўтрымаць сям’ю. Здаецца, што гэта вельмі добра. Аднак нярэдка працуем і ў нядзелю. Гэтым самым занядбоўваем нядзельную Імшу, не маем часу для сям’і, не даём добрага прыкладу дзецям і не маем часу на іх выхаванне. Потым дзівімся, што распадаецца сям’я і дзеці растуць не такімі, якімі мы іх хочам бачыць.

Бог аб’яўляе свой закон, і толькі ад нас залежыць выбар паміж дабром і злом, жыццём і смерцю.

4. Не хлебам адным жыве чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых, — так адказаў Езус на спакусы злога духа. Хоць багацце, улада, задавальненні з’яўляюцца хлебам, якога шукае сучасны чалавек і якім захапляецца, аднак трэба памятаць і пра духоўнае жыццё.

Таму час Вялікага посту павінен быць прысвечаны вяртанню да Бога. Свабода ад Бога робіць чалавека бездухоўным целам і выганяе з раю, з «духоўна экалагічнага» жыцця. Вядома, што калі ў свеце жывёлаў парушаецца экалагічная раўнавага, то яны нішчаць адно аднаго. Падобна і чалавечы свет без Бога становіцца халодным і бяздушным, жорсткім і несправядлівым. Гэтую праўду трэба ўсвядоміць на пачатку Вялікага посту, каб яго саракадзённая пілігрымка стала пілігрымкай вяртання да Бога і гэтым самым вяртання да «духоўна экалагічнага» жыцця, здольнага захаваць створаны Творцам парадак і гармонію ў адносінах паміж людзьмі і з Богам.

У гэтай велікапоснай пілігрымцы нам трэба прыняць запрашэнне Езуса ісці за Ім праз жыццё паводле евангельскага радыкалізму, каб адмовіцца ад старога чалавека і апрануцца ў Хрыста, паўтарыўшы разам са св. апосталам Паўлам: жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстус.

Няхай жа лекцыя першай нядзелі Вялікага посту — нядзелі спакушэння — дапаможа нам рашуча выказацца за Бога і перамагчы ў барацьбе са спакусамі, каб назаўсёды застацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, за што Хрыстус узнагародзіць вечным шчасцем у небе. Амэн.

 
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас святой Імшы ў 10-ю гадавіну руху «Маці ў малітве»
2011-02-06 14:00:00
6 лютага 2011 г., мінскі касцёл св. Сымона і св. Алены

Вы — святло свету, вы — соль зямлі

1. Дарагія браты і сёстры, члены руху «Маці ў малітве», які адзначае 10-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі, і ўсе прысутныя на гэтай святой Імшы. Гэтымі словамі сённяшняга Евангелля Езус звярнуўся да апосталаў і сваіх слухачоў, жадаючы нагадаць іх місію ў свеце, а менавіта: быць Яго святлом і соллю.

Існуе шмат спосабаў заахвоціць чалавека нешта ўчыніць, каб перамагчы самога сябе. Гісторыя спорту вельмі добра сведчыць пра гэта. Яна можа распавесці шмат выпадкаў, калі здавалася, што ўжо немагчыма выйграць матч ці стаць алімпійскім чэмпіёнам, аднак трэнер знаходзіў такія словы, якія дапамагалі спартсменам знайсці сілы вышэй іх магчымасцяў і выйграць.

2. Сапраўды, існуе многа тэорый як матываваць чалавека. Гэта можна зрабіць праз абвінавачванне, страх ці нават ганьбу. Але гэта не метад, якім карыстаўся Езус. Ён матываваў праз пазітыўнае пасланне надзеі і заахвочванне.

Задумаемся над сённяшнім пасланнем Езуса: «Вы — святло свету». Ці гэтыя словы не шакіравалі яго слухачоў? Вакол так многа сялян, якія цяжка працуюць, рыбакоў і ненавісных мытнікаў, а Езус ім кажа, што яны — святло свету. Напэўна, гэта гучала як нейкі абсурд. Толькі Езус мог бачыць, што і праз стракаты натоўп людзей Бог можа змяніць свет, хоць у той час гэта магло здавацца ні больш як балбатнёй.

«Вы — святло свету», — сказаў Езус сваім слухачам і яны, нягледзячы на шматлікія перашкоды і грэх, якому былі падвержаны як і ўсе іншыя людзі, сталі гэтым святлом. Дастаткова ўспомніць толькі апосталаў. Яны ўсе, акрамя Яна, разбегліся падчас крыжовай смерці Езуса, аднак потым мужна сведчылі аб Ім і нават аддалі сваё жыццё за Хрыста. У духоўнай цемры язычніцтва таго часу яны былі сапраўдным духоўным святлом сучаснага ім свету. А колькі людзей пайшло за імі? Аб гэтым ведае толькі Бог.

3. Тых жа людзй Езус таксама назваў соллю зямлі. Мы добра ведаем, што соль змяняе смак ежы і захоўвае прадукты ад сапсавання. У маральным сэнсе гэтыя словы, напэўна, цяжкія да зразумення. Бо як самыя сапсаваныя і недасканалыя людзі маглі ўберагчы іншых ад іх праблем?

4. Сёння Езус звяртаецца да нас з тымі ж самымі словамі: вы — святло свету, вы — соль зямлі. «Мы?» — спытаюцца многія? Мы, якіх больш прыцягвае свецкі і ліберальны, чым духоўны стыль жыцця можам быць святлом у нашым свеце і яго соллю? Што гэта азначае, і як імі быць?

Ёсць некалькі накірункаў, каб на самой справе стаць святлом свету і соллю зямлі ў наш час.
  • Найперш нам, як хрысціянам, трэба адчуваць сваю адказнасць за маральны лёс грамадства і свету. Нельга казаць, што мяне не датычыць амаральнае жыццё суседа ці знаёмага. Не, не трэба крычаць на ўвесь голас і на ўвесь свет, што такі або іншы чалавек жыве амаральна. Але нашым абавязкам з’яўляецца яго папярэдзіць і перасцерагчы ад той небяспекі, якая пагражае яму. У маральнай тэалогіі гэта называецца братэрскім напамінам.
  • Далей, нам самім трэба мець нешта такое, чаго свет так патрабуе ў наш час. Гэта не што іншае, як глыбокая вера і яе сведчанне. Недастаткова толькі вучыць ці маралізаваць, як кажуць некаторыя, але трэба сваім жыццём сведчыць Евангелле. Гэта і будзе святло і соль, якіх так патрабуе сучасны свет. Ён патрабуе святла, каб не хадзіць у маральнай цемры. Патрабуе солі, каб захаваць яго ад маральнага сапсавання і даць яму смак хрысціянства.
  • Нарэшце, трэба памятаць аб тым, што мы не з’яўляемся крыніцай святла, але толькі яго рэфлектарамі. Добрым прыкладам могуць служыць дарожныя люмінісцэнтныя знакі. Калі мы едзем ноччу, то яны адбіваюць святло лямпаў аўтамабіля, і мы іх добра бачым і ведаем, як трэба ехаць, каб не заблукаць або не трапіць у аварыю. Яны на самой справе не з’яўляюцца крыніцай святла, бо ёй з’яўляюцца лямпы, аднак менавіта яны, як люстра, перадаюць яго назад.
4. У адным аповедзе кажацца пра тое, як маці мыш вырашыла вучыць сваіх дзяцей мышынай мудрасці. Яна вывела іх з нары і павяла па пакоях памяшкання. Нечакана яна ўбачыла ката, які спакойна драмаў на сонцы. «Вядзіце сябе ціха», — прашаптала маці дзецям. І яны пайшлі далей. Аднак калі былі насупраць ката, той нечакана прабудзіўся і падняў сваю лапу, каб схапіць мыш. Тады маці мыш пачала брахаць як сабака. Кот спалохаўся і збег. Пасля гэтага маці сказала малым: «Дзеці, вы, напэўна, зразумелі ўрок: часам добра ведаць яшчэ адну мову».

Таксама і з намі. Добра ведаць яшчэ адну мову. Святло і соль — гэта Божая  мова, мова Божай ласкі, мова надзеі і любові. І калі гэта мова будзе перакладзена на дзеянне, то стане самай прыгожай мовай у свеце. Мы пакліканы быць святлом свету і соллю зямлі, пакліканы размаўляць Божай мовай.

5. Падчас гэтай св. Імшы мы таксама молімся за рух «Маці ў малітве». Гэта міжнародны малітоўны рух маці, якія моляцца за сваіх дзяцей. Ён быў заснаваны ў 1984 г. і дзейнічае ў больш чым 90 краінах свету.

Сёння члены руху «Маці ў малітве» адзначаюць 10-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі. За гэты параўнальна невялікі час яны здабылі сабе вялікую папулярнасць. Малітва — гэта найперш размова чалавека з Богам. І Бог выслухоўвае яе, калі гэта патрэбна нашаму збаўленню. Часам мы наракаем, што так шмат молімся, а Бог не выслухоўвае. У такім выпадку трэба спытаць сябе, а ці не было б яшчэ горш, калі б мы не маліліся? Трэба памятаць, што нашы думкі і планы — не думкі і планы Бога, і мы іх не ведаем. Молячыся і просячы Бога, мы заўсёды павінны згаджацца з Яго воляй. Прыклад гэтаму даў нам сам Езус Хрыстус у малітве «Ойча наш» і перад сваёй крыжовай смерцю.

Малітва кожнага чалавека мае вялікае значэнне, але малітва маці — гэта асаблівая малітва. Маці заўсёды памятае пра сваё дзіця і жадае яму шчасця. Гэта шчасце не прыйдзе толькі праз задавальненне матэрыяльных патрэбаў дзіцяці, але таксама і духоўных. І тут, напэўна, многія маці маюць вялікія праблемы са сваімі дзецьмі. Як многа моладзі сёння вядзе сябе амаральна. Як многа ўжывае наркотыкі. Як многа жыве разбэшчана. Як многа чыніць розныя злачынствы і дапускае гвалт. Гэтыя і многія іншыя анамаліі сучаснай моладзі адбіваюцца болем і раздзіраюць сэрца маці. Меч болю прабівае іх сэрцы, як прабіў сэрца Марыі. Толькі тут ёсць якасная розніца: Марыя цярпела, бачачы здзекі над яе Сынам. Сучасныя маці церпяць з-за амаральнага жыцця сваіх дзяцей. Падчас крыжовага шляху Езуса Хрыста ерузалемскія жанчыны плакалі над Ім. Ён, аднак, заклікаў іх плакаць над сваімі дзецьмі.

Прайшло больш 2000 гадоў з таго часу, але праблема засталася і, можа, нават стала больш актуальнай. Яна засталася не таму, што Евангелле не здольнае змяніць свет, але таму, што людзі яго не прымаюць. Яны не хочуць быць святлом свету і соллю зямлі.

6. Дарагія вернікі, асабліва члены руху «Маці ў малітве». Не пераставайце маліцца за сваіх дзяцей і за моладзь. Будзьце ім і ўсяму нашаму грамадству святлом і соллю. Не дазвольце, каб сучасны чалавек хадзіў у духоўнай цемры і духоўна псаваўся. Мы створаны для вышэйшых рэчаў — быць дзецьмі Божымі і жыць свабодай дзяцей Божых.

Няхай сённяшняе слова Божае натхніць нас да жыцця праўдай Евангелля, якае змяняе свет на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей. Амэн.

 
З гаміліі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў свята Ахвяравання Пана
2011-02-02 20:30:00
2 лютага 2011 г., мінская архікатэдра

Ахвяраванне Пана з’яўляецца адным з найстаражытнейшых святаў. Ужо ў IV стагоддзі (адразу пасля завяршэння пераследу хрысціянства) яно адзначалася ў Ерузалеме. У V ст. у Рыме адбываліся працэсіі з запаленымі свечкамі, а само свята ў Касцёле на Захадзе было ўведзена ў VII ст.

Паводле Закона Майсея кожнае дзіця мужчынскага роду павінна было быць ахвяравана Богу. Выконваючы гэты закон, Марыя з Юзафам прынеслі Езуса ў Ерузелемскую святыню.

Менавіта тады адбылася сустрэча прадстаўнікоў Старога Запавету — старца Сімяона і Ганны — з Езусам. Тады Сімяон сказаў вельмі важныя словы, што яго вочы ўбачылі Збаўленне свету, і што Езус будзе святлом на асвятленне язычнікаў. Ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні азначае заканчэнне часу Старога Запавету і распачацце Новага. Сэнс сённяшняга свята перадаюць словы старца Сімяона аб паўсюднасці збаўлення, бо Езус з’яўляецца таксама і «святлом для асвятлення язычнікаў» (пар.Лк 2, 32).

У нашай традыцыі гэтае свята мае выразны Марыйны характар і вельмі часта называецца святам Маці Божай Грамнічнай. Падобна таму, як Марыя прынесла Дзіцятка Езуса ў Ерузалемскую святыню, прыносіць і людзям святло, якім з’яўляецца яе Сын. Сёння ў нашых касцёлах асвячаюцца свечкі. Як знак даверу Марыі, яны запальваюцца пры розных акалічнасцях: у буру, навальніцу, пры пажары, а таксама пры памерлым.

Свечка з’яўляецца неад’емным знакам хрысціяніна і спадарожнічае яму праз усё жыццё. Першы раз ён атрымлівае яе падчас сакрамэнту хросту. Потым з ёй прымае першую Камунію. Некалі падчас шлюбу сужэнцы таксама  трымалі запаленыя свечкі. Трымаюць яе і кансэкраваныя асобы пры складанні законных шлюбаў. І нарэшце: канаючаму чалавеку ў рукі ўкладаюць запаленую свечку.

Запаленая свечка з’яўляецца знакам Хрыста, знакам трывання пры Ім, знакам нашай веры, нашага чування.

Запаленая свечка таксама азначае хрысціяніна, які свеціць святлом Хрыста і жыве верай у Яго. У сучасным свеце зла, духоўнай цемры, рэлігійнай абыякавасці мы павінны быць сапраўднымі Божымі ліхтарамі, быць святлом свету і паказваць напрамак пілігрымавання да дому Нябеснага Айца.

А як з намі? Колькі хрысціян у наш час жыве пры пагашаным святле, у змроку? Колькі людзей запальваюць свае жыццёвыя лямпы толькі некалькі разоў на год? Колькі схавала іх пад сталом? А можа лямпы нашага жыцця курэюць?

Святы апостал Павел кажа: вы з’яўляецеся святлом свету. Таму нам трэба ісці і «свяціць» маральным жыццём, а не курэць. Толькі тады мы будзем здольнымі змяніць аблічча зямлі. Таму, давяраючы сябе Божай Маці, нам трэба дазволіць Богу дзейнічаць усёй Яго моцай у нас, трэба наблізіцца да Яго святла і даць Езусу магчымасць весці нас, бо толькі Ён мае словы жыцця вечнага.

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на ІV Звычайную нядзелю, Год А
2011-01-26 14:32:51


30 студзеня 2011 г., Мінск, парафія св. Яна Хрысціцеля

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. «Кожны чалавек шукае шчасця» — казаў славуты грэчаскі філосаф Арыстоцель. Ён таксама нагадваў пра веру людзей, а ўсё тое, што яны робяць у сваім жыцці, павінна прынесці ім шчасце ў той ці іншай форме.  Аднак праблема ў тым, што насамрэч так ёсць не заўсёды.

 

Усяго 212 матэрыялаў адзначана цэтлікам Кандрусевіч.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.