Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Мінск — архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі]
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас святой Імшы для семінарыстаў
2010-09-06 13:52:01

6 верасня 2010 г., мінская архікатэдра

Глыбокапаважаныя семінарысты!

1.Шчыра вітаю ўсіх вас пасля летняга адпачынку і пастырскай практыкі ў парафіях Мінска-Магілёускай архідыяцэзіі. З Божай дапамогай вы распачынаеце новы год фармацыі да святарства. Сёння падчас гэтай св. Імшы ў мінскай катэдры мы сабраліся прасіць Божага благаслаўлення і дароў Духа Святога ўсім вам разам і кожнаму паасобку, каб Бог, які распачаў у вас добрую справу паклікання да святарства і святарскай фармацыі, яе паспяхова завяршыў.

 
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў гадавіну біскупскай сакры
2010-07-23 12:44:59

25 ліпеня 2010 г., Мінск

архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Стукайце, і вам будзе адчынена

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1.    Гэтыя словы сённяшняга Евангелля не пакідаюць чалавека без надзеі і заахвочваюць пакладаць яе ў Богу. Езус нагадвае пра тое, што калі нехта чагосьці настойліва дабіваецца, то ён таго і дасягне. Без станоўча акрэсленай мэты і імкнення да яе чалавек у жыцці нічога не дасягне. Галоўнай жа мэтай жыцця чалавека з’яўляецца дасягнуць шчаслівай вечнасці, да якой нас вядзе Касцёл. І таму нам трэба настойліва дабівацца гэтага, настойліва імкнуцца да дасягнення гэтай мэты, настойліва стукаць у дзверы Валадарства Божага.

2.    Што азначае стукаць у дзверы ў евангельскім сэнсе? Мы не ведаем, як выглядаюць дзверы Божага Валадарства і фізічна не можам стаяць перад імі. Але мы павінны ведаць, што такім стуканнем у дзверы Пана найперш з’яўляецца малітва. У народзе кажуць, што малітва прабівае нябёсы. Бог выслухоўвае малітву чалавека і выслухоўвае цэлыя народы. Каля 20 гадоў таму на Філіпінах была пагроза грамадзянскай вайны, і арцыбіскуп Манілы кардынал Джэймс Сін наказаў ва ўсіх сем’ях маліцца Ружанец у інтэнцыі міру. Такім чынам ён як быццам апаясаў Філіпіны малітвай Ружанца. І Бог уратаваў гэты край ад грамадзянскай вайны.

3.    Падчас пераследу веры ў нашай краіне вернікі таксама пакладалі сваю надзею ў малітве. Не было дастаткова касцёлаў, святароў, кансэкраваных асобаў, рэлігійнай літаратуры, мас-медыя і г.д., аднак вернікі трывалі ў малітве. Яны добра памяталі цуд у Кане Галілейскай, калі Езус перамяніў ваду ў віно. Таму яны, давяраючы заступніцтву Марыі, маліліся: «Пане Езу, мы не маем касцёлаў, не маем святароў, не маем законнікаў і законніц, не маем свабоды веравызнання. Учыні цуд, бо мы хочам Бога і хочам заставацца вернымі Яму». І Бог цудоўным чынам выслухаў іх малітвы. Сацыяльна-палітычныя перамены канца 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прынеслі якасныя змены ў сферы веравызнання.

4.    21 год таму, 25 ліпеня 1989 г., Слуга Божы Ян Павел II прызначыў першага пасля многіх дзесяцігоддзяў біскупа ў Беларусі. Здзейснілася мара святароў, якія чакалі і не маглі дачакацца, калі нарэшце на Беларусі будзе свая іерархія. Здзейснілася мара і вернікаў, якія, можа, ніколі ў сваім жыцці не бачылі біскупа. Для іх біскуп быў нейкай нерэальнай марай.

Памятаю, калі ў 1988 г. Прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп наведаў Беларусь, то на Савецкай плошчы ў Гродне перад Фарным касцёлам яго некалькі гадзін чакалі каля 30 тысяч чалавек. Адзін мой знаёмы спытаўся ўстарога чалавека, які знаходзіўся побач: ці не цяжка так доўга чакаць? А той адказаў, што апошні раз бачыў біскупа яшчэ перад II Сусветнай вайной, і таму для яго вялікім шчасцем з’яўляецца нават цэлы дзень чакаць. «Для мяне біскуп — гэта знак Касцёла», — сказаў той чалавек.

5.    Такім чынам, гэты просты чалавек выказаў вельмі важную праўду, якую яшчэ св. Ігнацы Антыяхійскі выразіў словамі: «Ubi episcopus — ibi Eccsia», што азначае: «Дзе біскуп — там і Касцёл».

Хрыстус заснаваў Касцёл як сакрамэнт паўсюднага збаўлення. У Касцёле Ён устанавіў іерархію, каб ад Яго імя здзяйснялася справа збаўлення чалавека. Апосталы, паслухмяныя наказу Хрыста абвяшчаць Евангелле, пайшлі да розных народаў. Яны абвяшчалі Божае слова і з тых, хто прымаў сакрамэнт хросту, стваралі хрысціянскія супольнасці, засноўвалі мясцовы лакальны Касцёл. Першым такі Касцёл у Антыёхіі заснаваў св. Пётр Апостал. Менавіта ў Антыёхіі паслядоўнікаў Хрыста ўпершыню сталі называць хрысціянамі.

Калі паглядзім на прыклад Апостала народаў св. Паўла, то ўбачым, як многа мясцовых Касцёлаў ён заснаваў.

Вядомы Святым Духам і для выканання місіі Прымата ў Хрыстовым Касцёле, апостал Пётр ідзе да сталіцы Рымскай імперыі. Там ён засноўвае хрысціянскую супольнасць. Да яго далучаецца св. апостал Павел. Яны ўдваіх, як крывавыя падмуркі Касцёла, там, у Рыме, аддаюць сваё жыццё за Хрыста і Касцёл.

Гісторыя заснавання ўсіх мясцовых Касцёлаў ці дыяцэзій звязана з тым ці іншым біскупам. Так было на пачатку хрысціянства. Так ёсць і ў наш час. Калі Святы Айцец засноўвае новую дыяцэзію, то адразу прызначае ў ёй біскупа. Калі, як у выпадку многіх краін былога Савецкага Саюза, у тым ліку і Беларусі, пасля многіх дзесяцігоддзяў пераследу з’явілася магчымасць адраджэння мясцовага Касцёла, то Папа прызначаў біскупа. Нездарма ў Каталіцкім Касцёле дыяцэзія называецца дыяцэзіяй біскупа ардынарыя. Біскуп часта ўжывае выраз «мая дыяцэзія». Такім чынам, мясцовы Касцёл атаясамліваецца з біскупам.

6.    25 ліпеня 1989 г. я ўпершыню пераступіў парог нашай мінскай катэдры. Тады тут была спартыўная зала. Дзяжурная нават не хацела мяне пусціць, даволі сурова сказала: «Сюда нельзя!» Аднак потым дазволіла. Я ўвайшоў у падзелены на тры паверхі касцёл, заглянуў у залу і ўбачыў спартсменаў, якія трэніраваліся. Ціха памаліўся, ведаючы, што гэта мая катэдра, хоць ніхто не ведаў і не мог нават дапусціць у думках, што тут зноў будзе дом малітвы. Я тады маліўся: «Божа, учыні цуд, каб гэты святы будынак стаў духоўнай спартыўнай залай, каб тут вернікі трэніравалі свой дух, каб сустракаліся з Богам». І сапраўды, Божае Нараджэнне 1990 г. мы адзначалі ўжо на трэцім паверсе катэдры. Якая гэта была радасць! Сакральны будынак, які доўгі час прафанаваўся, нанава выконвае свае функцыі! Хоць шлях да канчатковага вяртання катэдры быў яшчэ далёкі, аднак пачатак быў зроблены.

Бог шчодра благаславіў час майго паўтарагадовага біскупскага служэння ў Беларусі ў 1989-1991 гг. Тады ўдалося вярнуць каля 100 раней канфіскаваных касцёлаў, заснаваць духоўную семінарыю ў Гродне, выдаць на беларускай мове 50 тысяч асобнікаў парадку святой Імшы і 95 тысяч Катэхізісаў. Быў вялікі недахоп святароў, і яны прыехалі з дапамогай з-за мяжы.

7.    Пасля 16 з паловай гадоў служэння ў Расіі, дзе трэба было падымаць Касцёл з сапраўдных руінаў, я ізноў з радасцю вярнуўся на сваю Радзіму, каб працягнуць справу адраджэння Касцёла. Я удзячны ўсім, хто адбудоўваў і працягвае адбудоўваць Касцёл на нашай зямлі, найперш Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку, за здароўе якога мы молімся, бо ён знаходзіцца ў бальніцы.

Сёння, дзякуючы Богу за апеку і ласкі, якімі Ён адорвае мяне і наш Касцёл, разам з вамі, дарагія святары і кансэкраваныя асобы, члены касцёльных рухаў і вернікі, якім усім я бязмежна ўдзячны, імкнуся далей адраджаць і умацоўваць Касцёл у нашай бацькаўшчыне, найперш сваю Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію.

Прашу вас маліцца за мяне, каб мог годна і з моцай Божай выконваць свае абавязкі. Прашу таксама асабліва маліцца аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Без святароў біскуп не зможа рэалізаваць сваёй місіі. Біскуп разам са святарамі, кансэкраванымі асобамі і верным народам засноўвае мясцовы Касцёл. Таму, каб гэты Касцёл паспяхова развіваўся, мы ўсе павінны быць адзіным цэлым, найперш у малітве.

Няхай жа наша супольная малітва будзе нашым супольным стукам у дзверы Валадаства Божага. Няхай яна нас яднае і праб’е нябёсы ў вырашэнні праблем, якія сёння стаяць перад намі. Сярод гэтых праблем асаблівае месца займае тэндэнцыя ўвядзення прынцыпаў свецкага лібералізму ў рэлігійную практыку. Аднак трэба памятаць, што Езус сказаў: будзьце гарачымі або халоднымі. Сучасны свет патрабуе евангельскага радыкалізму, бо ніхто і нішто не можа змяніць Божага закону, які дадзены на хвалу Творцы нашага збаўлення. Божа, у 21-ю гадавіну сваёй біскупскай намінацыі, давяраючы сваё біскупскае служэнне Марыі, малю Цябе: адары мяне сваімі ласкамі і благаславі мяне, святароў, кансэкраваных асобаў, рухі і ўсіх вернікаў нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на далейшае служэнне на хвалу Богу і для збаўлення людзей!  Амэн.          

 
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да дзяцей у VI Велікодную нядзелю
2010-05-10 08:38:50
Мінская архікатэдра, 9 мая 2010 г.

Каб быць вечна шчаслівымі

Дарагія дзеці, ад усяго сэрца віншую вас, бо ўсе мы перажываем месяц май. А гэта азначае, што ўжо хутка скончыцца навучальны год і наступяць канікулы. Ці вы любіце іх? Упэўнены, што так, бо гэта час адпачынку перад новым навучальным годам.

Аднак сёння мы не будзем казаць пра канікулы. Хто ведае, які перыяд мы цяпер перажываем? Правільна, — Велікодны. Гэта час, калі мы святкуем Змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста. Езус прыйшоў у гэты свет, каб збавіць чалавецтва, каб адчыніць пасля граху нашых першых бацькоў брамы раю. Аднак, збавіўшы чалавецтва, Езус павінен быў вярнуцца ў дом свайго нябеснага Айца. У наступны чацвер мы будзем адзначаць свята Унебаўшэсця Пана, аб чым і нагадвае сённяшняе Евангелле.

А цяпер я хачу спытаць у вас: ці пераязжджала вашая сям’я калі-небудзь з аднаго месца жыхарства на іншае? Напэўна, такое здаралася з многімі. Бо ў наш час, калі гарады хутка разбудоўваюцца, людзі даволі часта змяняюць месца жыхарства.

Усе добра ведаюць, што пераезд на новае месца жыхарства  —  гэта нялёгкая справа: трэба пакінуць сяброў, перавесці многа рэчаў і пачаць абжывацца ў новых абставінах.

Адзін хлопчык так распавядае пра змену месца свайго жыхарства. Яго бацькі павінны былі пераехаць у другі горад, каб тата мог распачаць новую працу. Тата з мамай паехалі раней, каб падрыхтаваць і абсталяваць новае памяшканне. Хлопчык жа павінен быў застацца, бо пераезд адбываўся падчас навучальнага года. Ён застаўся са сваёй цёцяй, якая вельмі клапацілася пра яго, а бацькі кожны дзень тэлефанавалі сыну, каб той змог лягчэй перанесці расстане. Яны распавядалі яму, як выглядае іх новы дом, у якім яму абавязкова вельмі спадабаецца. Такія паводзіны бацькоў былі знакам любові і апекі над іх сынам.

Гэта гісторыя падобна да таго, што зрабіў для нас Езус. У сённяшнім Евангеллі Ён кажа апосталам, што адыдзе да дому свайго нябеснага Айца, але не пакіне іх адных, бо папросіць Айца паслаць Святога Духа, які будзе ім дапамагаць ва ўсім. Езус таксама паабяцаў, што вернецца напрыканцы часу, каб узяць людзей у вечнае шчасце, у неба, у новы дом.

Такім чынам, пасля Унебаўшэсця Езуса мы не засталіся адны, бо Дух Святы вядзе нас той дарогай, якую вызначыў Езус. А гэта дарога  —   любоў да Божага слова, аб чым таксама нагадвае сённяшняе Евангелле, гэта жыццё паводле яго навучання. Усё гэта азначае, што мы павінны жыць паводле Божых і касцёльных загадаў. Дарагія дзеці, спадзяюся, што вы ўсе іх добра ведаеце, бо вывучаеце на уроках катэхезы.

Адна гісторыя распавядае, як маленькая дзяўчынка ўпершыню ехала цягніком. Нягледзячы на тое, што з ёю былі бацькі, яна вельмі баялася. Настала ноч, і маці паклала яе спаць на верхнюю лаўку, кажучы, што тут будзе спакайней, бо Бог, які будзе клапаціцца пра яе, стане бліжэй. Аднак праз некаторы час дзяўчынка спыталася ў маці, ці побач яна. Мама адказала: «Так, я тут». Дзяўчынка замаўчала, але праз пэўны час зноў спыталася: «Тата, ты тут»? На што тата таксама адказаў станоўча. І так паўтаралася некалькі разоў. Сусед, які ехаў у тым жа купэ, хацеў ужо спаць і таму, раззлаваны, сказаў:  «Так, тут усе: і твая маці, і твой тата, і твой брацік, і твая цёця, усе, усе». Дзяўчынка ўсміхнулася і сказала: «Мама, гэта быў голас Бога» — і заснула.

Дзецям добра, калі з імі побач тата і мама. Мы ўсе з’яўляемся дзецьмі Божымі, і добра, калі мы жывём паводле навучання Бога, бо тады Ён сапраўды з намі.

Таму сёння звяртаюся да вас з вялікай просьбай: заўсёды будзьце добрымі, жывіце паводле Божага закону, любіце Бога і бліжняга, слухайцеся сваіх бацькоў, настаўнікаў у школе, старэйшых. Тады будзеце ўпэўнены, што Езус возьме вас да дому нябеснага Айца, каб там бачыць Бога тварам у твар, як мы бачым кожнага іншага чалавека, і быць вечна шчаслівымі. Амэн.










 
Гамілія кардынала Вальтэра Каспера ў мінскай архікатэдры
2009-11-08 18:18:38
8 лістапада 2009 г.


Найдастойнейшы арцыбіскуп,
паважаныя святары,
дарагія браты і сёстры!

Мяне перапаўняюць пачуцці вялікай радасці і ўдзячнасці, што ваш арцыбіскуп запрасіў мяне ў Мінск, каб разам з вамі, у вашай катэдры цэлебраваць Эўхарыстыю. Шчыра вітаю паважанага арцыбіскупа, вітаю святароў і ад усяго сэрца шчыра вітаю ўсіх вас!

Перш за ўсё жадаю перадаць усім вам сардэчнае прывітанне Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Аб гэтым Папа папрасіў мяне ў гэтую пятніцу падчас нашай з ім сустрэчы. Пантыфік таксама перадаў вам апостальскае благаслаўленне і прасіў запэўніць, што ён заўседы ў духоўнай лучнасці з вамі.

Гэта ўжо другі мой візіт у Мінск. Сёння я прыбыў, каб сустрэцца з Найдастойнейшым Мітрапалітам Філарэтам і выкладчыкамі Інстытута тэалогіі БДУ. На працягу шматлікіх гадоў адбываецца супрацоўніцтва паміж Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству, Мітрапалітам Філарэтам і Інстытутам тэалогіі. Мы сталі добрымі сябрамі і нас яднае адна мэта: разам працаваць, каб дасягнуць поўнай еднасці Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы.

Шлях да еднасці нялёгкі і, калі на гэта глядзець толькі з зямнога пункту гледжання, то ён да таго ж і вельмі далекі. Таму, паважаныя браты і сестры, мая радасць павялічваецца ад таго, што вы тут, у Мінску, у Беларусі, гэты працэс збліжэння актыўна падтрымліваеце і ўсебакова праяўляеце клопат аб ім. Ад усяго сэрца, паважаныя браты і сестры, выказваю вам за гэта шчырую ўдзячнасць. Найперш дзякую найдастойнешаму арцыбіскупу і ўсім вам за тое, што вы і ваш арцыпастыр робіце ў гэтым кірунку.

Еднасць хрысціянаў, асабліва паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой — гэта не толькі справа рук людскіх. Гэта воля і даручэнне Хрыста, які падчас Апошняй Вячэры, перад сваёй мукай і смерцю маліўся, «каб усе былі адно». Другі Ватыканскі Сабор адносна гэтага даручэння заявіў, што аднаўленне еднасці хрысціянаў — гэта адно з найважнейшых заданняў для яго. Далей Сабор кажа, што экуменічны рух — гэта ініцыятыва Духа Святога. Таму ўсе Святыя Айцы, а найперш Ян Павел ІІ і цяперашні папа Бэнэдыкт XVI асабліва падтрымлівалі экуменічны рух.

Я ведаю пра шматлікія цяжкасці і перашкоды, якія існуюць на шляху да еднасці. З абодвух бакоў відавочныя недавер і асуджэнне, памяць аб непрыемным вопыце з мінулага, а таксама пэўныя адрозненні ў традыцыях. Мы не хочам і не можам проста ўзяць і сцерці гэтыя адрозненні. Для нас, хрысціянаў, любоў — гэта найважнейшая запаведзь. Мы павінны быць гатовы прабачаць, пераадольваць асуджэнні праз лепшае пазнанне адно аднаго. Менавіта тады мы заўважым, што паміж намі — праваслаўнымі і католікамі — больш супольнага, чым таго, што раздзяляе. Мы верым у адзінага Бога, верым у Пана нашага Езуса Хрыста, які ёсць сапраўдным Богам і сапраўдным Чалавекам, мы маем тыя ж самыя сакрамэнты і разам праслаўляем шматлікіх святых, а асабліва Марыю, Маці Бога.

Гэтую супольную веру асабліва сення мы павінны вызнаваць разам. Мы ўсе разам жывём у секулярызаваным свеце, які нясе пагрозу кожнаму з нас. На змену камуністычна-дыялектычнаму матэрыялізму прыйшла новая пагроза — практычны матэрыялізм і рэлігійная абыякавасць. Таму сёння мы не можам сабе дазволіць быць супраць адно аднаго. Мы не можам быць абыякавымі адно да аднаго. Мы павінны быць разам і весці супрацоўніцтва. Сёння нашымі ворагамі з’яўляюцца не праваслаўныя хрысціяне, але практычны атэізм. Менавіта ён пагражае ўсім нам.

За апошнія гады нам многае ўдалося зрабіць на шляху збліжэння. Мы яшчэ не дасягнулі пастаўленай мэты, мы пачалі разам працаваць. Супольна мы абараняем хрысціянскія каштоўнасці нашай еўрапейскай культуры, годнасць чалавека, правы індывідуума, сям’ю, нясём дапамогу патрабуючым, змагаемся за сацыяльную справядлівасць. Адносна гэтых пытанняў праваслаўныя і каталіцкія хрысціяне маюць аднолькавае бачанне. Менавіта таму яны павінны разам выступаць і падтрымліваць адно аднаго.

Вы запытаецеся ў мяне: што я магу зрабіць для выканання гэтага вялікага задання? Якім павінен быць мой уклад?

Толькі што мы з вамі чулі прыгожы ўрывак з Евангелля, які ніколі не пакідае мяне абыякавым, калі я чую яго або чытаю. Езус, прабываючы ў святыні, сеў насупраць скарбонкі і назіраў за людзьмі, якія складалі ахвяраванні — вялікія і малыя. Прыйшла і бедная ўдава, якая не мела сродкаў на пражыццё. Яна ахвяравала дзве лепты, бо не мела больш. Яе ахвяра была складзена не з лішку, бо аддала яна ўсё, што мела. Тады Езус паклікаў сваіх вучняў і сказаў ім: «Гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку». Калі глядзець толькі звонку, яе ахвяра была нікчэмнай. Аднак яна аддала апошняе, усе свае сродкі на пражыццё, увесь свой пажытак.

Праз гэта Езус хоча сказаць нам, што знешняя веліч нашых спраў і ўчынкаў не мае значэння. Не мае вялікага значэння тое, каб ужо заўтра было напісана ў газетах аб тым, што мы робім нешта для Валадарства Божага, для еднасці хрысціянаў, і каб адразу атрымліваць за гэта пахвалу. Такі падыход да справы, накіраваны толькі на прызнанне і пахвалу, з’яўляецца крывадушным і несумленным, аб чым сведчыць сенняшняе Евангелле. Кожны павінен рабіць столькі, колькі ён можа зрабіць. Даць больш за тае, што мы маем, мы не можам. Бог не глядзіць на вонкавае, Бог глядзіць на сэрца чалавека! І калі мы ўсё, што мы можам зрабіць, чынім ад шчырага сэрца, менавіта тады гэта з’яўляецца добрым і вялікім, нягледзячы на тое, што знешне гэта здаецца малым і нязначным. Не велічыня сумы мае значэнне, але веліч любові.

Тое ж мы можам сказаць і пра наш уклад дзеля збліжэння Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы і наогул хрысціянаў. Менавіта непрыкметныя справы маюць значэнне. На першым месцы я пастаўлю малітву аб еднасці. Малітва — гэта самае найважнейшае. Малітва з’яўляецца сэрцам экуменізму. Мы, людзі, не можам учыніць еднасці, бо яна — дар Святога Духа. Маліцца, адзін або супольна з іншымі можа кожны хрысціянін. Менавіта праз малітву кожны можа ўнесці свой уклад да пажадання Хрыста: «каб усе былі адно». Таксама малітва Крыжовага шляху, які сёння будзе асвечаны, можа быць важным укладам.

Я хацеў бы назваць яшчэ адну канкрэтную магчымасць. Экуменічны дыялог вядзецца не толькі падчас тэалагічных канферэнцый. Ен адбываецца таксама і ў штодзённасці. У штодзённым жыцці вы ўсе сустракаеце шмат праваслаўных хрысціян: сярод суседзяў, на працы, а вельмі часта і ў сваіх сем’ях. Мы не павінны ўцякаць адно ад аднаго. Наадварот, мы павінны радасна вітаць адно аднаго, прымаць удзел у радасных і смутных здарэннях жыцця! Мы павінны цікавіцца адно адным, цікавіцца верай іншага чалавека, тым, як ён жыве сваёй верай, і пры гэтым паважаць і цаніць адно аднаго. Дзякуючы гэтаму мы можам шмат чаму навучыцца і дапамагчы адно аднаму. Найперш праз святкаванне вялікіх хрысціянскіх святаў: Божага Нараджэння, Вялікадня — мы павінны віншаваць і наведваць адно аднаго. Адным словам, мы павінны стаць братэрскай і сяброўскай супольнасцю, так як гэта і павінна быць у хрысціянаў.

Я ведаю, што многае з таго, аб чым я гаварыў, вы спраўды робіце. За гэта ўсім вам я шчыра дзякую. Такім чынам мы прымаем удзел у вялікім справе паяднання, якую распачаў сам Дух Святы. Жадаю ўсім вам і кожнаму ў прыватнасці тую вялікую любоў у вашых сэрцах, якой адзначылася бедная ўдава ў сённяшняга Евангелля. Жадаю шчодрага Божага благаслаўлення, знешняга і ўнутраннага росту, супакою і радасці. Божая ласка і супакой няхай будуць заўсёды з усімі Вамі! Амэн.

 
Мінск — архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
2008-09-03 14:06:46
Мінск — архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Адрас:
пл. Свабоды, 9
г.Мінск
Рэспубліка Беларусь
220030

Тэл.:     8 017 226 62 44 (сакрыстыя)
            8 017 203 65 41

E-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
Вэб-сайт:
katedra.by

 

вРасклад набажэнстваў (магчымы змены)

  • Св. Імша ў нядзелю — 08.15, 10.00, 11.30, 13.00, 18.30
  • Св. Імша ў будні — 07.15, 08.00, 18.30
  • Св. Імша ва ўрачыстасці — 07.15, 8.00, 12.00, 18.30
Адпусты: 12 верасня – Найсвяцейшага імя Марыі.

аЗ гісторыі парафіі

31 лiпеня 1700 – заснаванне касцёла айцамi езуiтамi.

16 сакавiка 1710 – кансэкрацыя касцёла, якую здзейснiў Вiленскi бiскуп Канстанты Казiмiр Бжастоўскi.

1773 – касцёл закону езуiтаў стаў парафiяльным.

28 красавiка 1798 – святыні нададзена годнасць Катэдральнага касцёла.

З красавiка 1905 – пэўны час пробашчам Катэдры быў ксёндз Зыгмунт Лазiнскi.

1948 – касцёл адабраны ў вернікаў i перададзены пад "Дом фiзкультуры".

1951 – касцёл цалкам спустошаны i перабудаваны.

9 снежня 1993 – паводле пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь будынак Мiнскай катэдры быў вернуты католiкам.

5 лютага 1994 – адбылося папярэдняе пасвячэнне святыні i на яе франтоне быў устаноўлены крыж.

З 16 жнiўня 1994 да 16 кастрычнiка 1997 – вялiся рэстаўрацыйныя работы.

28 верасня 1996 – у Мiнскай катэдры Імя Найсвяцейшай Марыi Панны адбылася iнаугурацыя Сiноду Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii i Пiнскай дыяцэзii.

21 кастрычніка 1997 – рэкансэкрацыя Мiнскай катэдры Імя Найсвяцейшай Марыi Панны.

10 снежня 2005 – урачыстае асвячэнне узноўленага галоўнага алтара, каранацыя абраза Імя Марыі Беззаганна Зачатай, асвячэнне новых арганаў.


 

Усяго 45 матэрыялаў адзначана цэтлікам Мінск — архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

<< Start < Previous 1 2 3 Next > End >>
Page 3 Of 3
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.