Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Галоўны вораг сям’і. Частка 1
Хрысціянская сям'я. Старонка Віталя Булыгі
19.12.2011 16:15

Большасць людзей ужываюць алкаголь проста таму, што гэта з’яўляецца незразумелай традыцыяй нашага беларускага грамадства. Сёння кніжныя прылаўкі мільгаюць складанкамі тостаў на ўсе выпадкі жыцця. Аналізуючы падобныя выданні, разумееш: што б ні рабіў чалавек, дзе б ён ні знаходзіўся — заўсёды ёсць нагода выпіць.

Традыцыйныя тосты для многіх людзей з’яўляюцца прамым выкананнем «сучасных» звычаяў і традыцый, бо, калі не вып’еш за нешта ці за кагосьці, то не падтрымаеш «правільны» светапогляд і «найважнейшую» ідэалогію. Проста ўдумайцеся ў гэтыя заклікі: «за радзіму», «за здароўе», «за заслугі», «за рыбалку», «за нас, мужыкі», «п’ём за каханне», «за сямейнае шчасце»… У цвярозым розуме складана ўявіць, што сп’яну можна абараніць радзіму, кахаць, быць здаровым, дасягнуць гармоніі і дабрабыту ў сямейным жыцці. Адзінае, што магчымае ў алкагольным дурмане, — гэта ўгледзецца ў паплавок падчас рыбалкі, і то адным вокам!

Алкаголь і алкагольныя традыцыі ў нашым грамадстве засвойваюцца з самага ранняга дзяцінства, бо найважнейшыя падзеі ў сямейным жыцці ці сяброўскія вечарынкі — усё злучана з ужываннем алкаголю. Што ж казаць пра пахаванні, дзе адной з самых распаўсюджаных алкагольных сямейных традыцый з’яўляюцца беларускія памінкі. І вось прыехаў святар, памаліўся за нябожчыка і ад’ехаў, пахавалі нябожчыка, а затым пачынаюцца сапраўдныя п’яныя вячоркі, дзе людзі п’юць, у п’яным дурмане спрабуюць успомніць штосьці добрае пра памерлага, часам засынаюць за памінальным сталом, часам высвятляюць адносіны мардабоем і крыкамі. Большасць такіх памінак нагадваюць сучасныя беларускія вяселлі, а па «старадаўняй беларускай традыцыі» вяселле павінна быць «горкім» ад алкаголю і, безумоўна, павінна адбыцца бойка, якая можа скончыцца панажоўшчынай і нават смерцю. Тут у памяці ўсплывае яшчэ адна вясельная традыцыя: «Якое ж вяселле без бойкі?»

Сёння алкаголь у многіх нашых сем’ях з’яўляецца яшчэ адным «членам сям’і». На пытанне: «З якога ўзросту людзі пачынаюць ужываць алкаголь?» у кожнага з нас ёсць ужо гатовы адказ: «З падлеткавага ўзросту». І тут не трэба быць навукоўцам ці палітыкам, каб ведаць гэтую беларускую рэчаіснасць. У якасці прыкладу мы прывядзём горад Баранавічы, дзе ўлетку ў цэнтры горада, на пляцы ў 600 квадратных метраў, актыўна гандлююць 8 піўных ларкоў. Уся бяда нават не ў тым, што іх 8, а ў тым, што пасля 20 гадзін там сядзіць і ўпіваецца півам і джын-тонікамі моладзь. Шматлікія маладыя беларусы п’юць алкагольныя напоі ў вялікай колькасці і вельмі часта.
 
С2Н5ОН — формула этылавага спірту, які мы п’ём. З яго вырабляюць порах, пластмасы, сінтэтычны каўчук, ацэтон, воцатную кіслату, хлораль і шматлікія іншыя злучэнні. Алкаголь выклікае стан эйфарыі, уплывае на мазгавыя працэсы, правакуе скажэнні думак, пачуццяў, уплывае на паводзіны. Алкагалізм — гэта хвароба, і, як кожную хваробу, яго трэба лячыць. Лячэнне алкагалізму з’яўляецца доўгатэрміновым працэсам, пакутлівым як для самога хворага на алкагалізм (залежнага), так і для яго сям’і (сузалежных). Чым раней прыняты пэўныя меры па лячэнні гэтай цяжкай хваробы, тым меншая колькасць членаў сям’і залежнага будзе траўміравана наступствамі гэтай хваробы, бо пры алкагалізме аднаго членаа сям’і, напрыклад, бацькі, пакутуюць усе: жонка, дзеці, блізкія сваякі.

Калі мы хоць на хвіліну задумаемся над тым, колькі ў Беларусі сем’яў, якія пакутуюць ад наступстваў алкагалізму асобных яе членаў, то становіцца зразумела, што алкаголь — гэта не лакальны ці сямейны вораг. Алкаголь — гэта татальнае, грамадскае зло, бо калі ў грамадстве большасць хворых сем’яў, то і грамадства пакутуе ад гэтай алкагольнай заразы.

Дзе ж корань гэтага алкагольнага беларускага бедства? Адказ жудасны: «У рэкламах СМІ, у квітнеючых, у эканамічным сэнсе, алка-заводах, у грамадскай свядомасці, а затым ужо, па прынцыпе ланцужковай рэакцыі, — і ў сем’ях». Алкаголь гвалціць свядомасць чалавека, штурхае чалавека да граху.

У каго выццё? У каго стогн? У каго сваркі? У каго гора? У каго раны без прычыны? У каго барвовыя вочы? У тых, якія доўга сядзяць за віном. Праз час, як змей, яно ўкусіць і ўджаліць, як аспід; вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае, і ты будзеш, як спячы сярод мора. І скажаш калі прачнешся: «Ізноў буду шукаць таго ж» (пар. Прып 23, 29–35).

У свядомасці сучаснага беларуса дагэтуль функцыянуе жудаснае мноства міфаў, звязаных з алкаголем. Людзі надзяляюць алкаголь містыка-міфічнымі ўласцівасцямі і не жадаюць ведаць праўду.

Існуе міф пра тое, што толькі моцнае п’янства забівае клеткі мозгу. Але праўда ў тым, што не існуе выразнай мяжы бяспечнага спажывання алкаголю, таму што кожная выпіўка наносіць страты мозгу.

Некаторыя лічаць, што піва менш небяспечнае, чым моцныя напоі. І гэта таксама міф, таму што алкаголь прысутнічае таксама ў піве, у віне, у джын-тоніку. Алкагольныя праблемы ўзнікаюць ад ужывання любога алкагольнага напою незалежна ад яго мацунку. Наступствы залежаць ад доз, частаты, працягласці ўжывання алкаголю, а не ад паху напою.

Лічыцца, што дарагія напоі менш шкодныя, чым танныя. І дарма, бо ўсе алкагольныя напоі ўтрымоўваюць адзін і той жа этылавы спірт.

З нагоды распаўсюджанага меркавання пра тое, што алкаголь карысны для здароўя, хочацца падкрэсліць, што алкаголь, тытунь, марыхуана, какаін, гераін, барбітураты, амфетаміны ці галюцынагены — гэта наркотыкі. Ніводнае наркатычнае рэчыва не можа быць карысным ні ў малых, ні ў сярэдніх, ні ў вялікіх дозах. Алкаголь — абсалютна непрыдатны сродак для аздараўлення.

Алкаголь забівае душу, забівае арганізм, сям’ю, Касцёл, краіну… Ужыванне  алкагольных напояў змяняе ўспрыманне рэальнасці, памяншае здольнасць прымаць адказныя рашэнні, паслабляе маральную адчувальнасць і стрыманасць, прычыняе фізічныя захворванні і робіць сям’ю хворай і дысфункцыянальнай.

Асноўнае пытанне на сёння заключаецца не ў тым, як пакутуе ад алкаголю сям’я. Актуальных пытанняў мноства:

Як мы будзем супрацьстаяць гэтаму алкагольнаму злу і гвалтаванню?

Ці будзем мы маўчаць і заплюшчваць вочы на тое, што співаецца моладзь і многія людзі вакол нас? Ці працягнем ім сваю руку дапамогі?

Якія традыцыі варта ўмацоўваць у нашых сем’ях? Хрысціянскія ці алкагольныя?

Якой павінна быць палітыка і эканоміка нашай дзяржавы? Антыалкагольнай ці пра-алкагольнай? Бо пасля нас застанецца на зямлі толькі тое, што мы зрабілі.

Віталь Булыга

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.