Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пётр Рудкоўскі: каталіцкае сацыяльнае навучанне — прынагодная рэфлексія і душпастырскі пастулат
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага
25.03.2011 12:05

«Хочам перадусім падкрэсліць, што каталіцкае грамадскае навучанне з’яўляецца інтэгральнай часткай хрысціянскай канцэпцыі жыцця» — чытаем у энцыкліцы Яна ХХІІІ Mater et Magistra, выдадзенай 15 мая 1961 года.

Сёлета спаўняецца 50 год з дня выдання таго вакольніка. Гэтая акалічнасць навявае пытанні: у якой ступені каталіцкае навучанне ў справах грамадскай этыкі культывуецца намі сёння? Ці адчуваем адказнасць за этычнае вымярэнне грамадскага жыцця? Ці не ствараем для сябе канфармісцкага алібі, маўляў, грамадская этыка — гэта не наша справа?

Грамадская этыка — гэта наша справа. Такі пасыл адназначна вынікае з узгаданай энцыклікі благаслаўлёнага Яна ХХІІІ. «У сувязі з гэтым, — чытаем далей, — выражаем моцнае прагненне, каб каталіцкае грамадскае навучанне вывучалася ўсё больш і больш грунтоўна». Вывучэнне, нават грунтоўнае, будзе мець не дужа вялікую вартасць, калі не будзе суправаджацца папулярызацыяй, актуалізацыяй і адаптацыяй з улікам мясцовых выклікаў. Таму Папа падкрэслівае: «Няхай яно [каталіцкае грамадскае навучанне] распаўсюджваецца ўсімі сучаснымі сродкамі, якімі мы валодаем: праз штодзённую прэсу, перыёдыку, навуковыя і папулярныя публікацыі, а таксама праз радыё і тэлебачанне». Вядома ж, традыцыйныя для Касцёла сродкі: катэхізацыя, пропаведзі, прынагодныя пастырскія пасланні — таксама павінны брацца ў разлік.

Бягучы год — гэта таксама год беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ, асноватворцы новай канцэпцыі каталіцкага сацыяльнага вучэння, заснаванага на ідэях персаналізму. Гэта ён у сваёй першай — «праграмнай» — энцыкліцы Redemptor hominis з націскам сцвярджаў, што «чалавек — гэта дарога Касцёла, дарога яго штодзённага жыцця і досведу, яго апостальскай дзейнасці». Папа, які спазнаў «на сваёй скуры» механізм дзеяння двух таталітарызмаў, мог асабліва пранікнёна выкрываць «мір» і «стабільнасць», якія прапануюцца рэпрэсіўнымі сістэмамі, і ўказаць на ўмовы сапраўднага міру: «Мір у канчатковым плане зводзіцца да шанавання непарушных правоў чалавека (...), вайна ж нараджаецца ў выніку іх парушэння і суправаджаецца яшчэ большым парушэннем гэтых правоў». Крыху далей Папа заяўляе пра немагчымасць кампрамісу паміж Касцёлам і палітычным ладам, які абапіраецца на парушэнні правоў чалавека: «Касцёл яскрава сфармуляваў сваю пазіцыю адносна тых сістэмаў, якія, пад прэтэкстам абароны „вышэйшага дабра“, якім ёсць дабро дзяржавы, абмяжоўваюць правы грамадзян, пазбаўляюць іх тых неад’емных правоў, якія больш-менш у палове нашага стагоддзя былі сфармуляваны на міжнародным форуме».

Круглая гадавіна Mater et Magistra плюс беатыфікацыя Яна Паўла ІІ (а разам з гэтым таксама меншыя гадавіны сацыяльных энцыклік: Laborem exercens — 1981 г., Centesimus annus — 1991 г.) падштурхоўваюць не толькі да рэфлексіі, але ўяўляюць сабой маральны выклік. Таму, можа, было б добра трактаваць гэты год як неафіцыйны «год каталіцкага сацыяльнага навучання». Хацелася б заахвоціць усіх католікаў — як духоўнікаў, так і свецкіх — частку свайго часу і энергіі прысвяціць вывучэнню, творчаму асэнсаванню і папулярызацыі сацыяльнай этыкі. Перакананы, што гэта было б не менш каштоўным актам ушанавання Яна Паўла ІІ, чым пілігрымка на ўрачыстасці ягонай беатыфікацыі. Гэта быў бы таксама акт сапраўднай павагі да благаслаўлёнага Яна ХХІІІ, вялікага настаўніка і ініцыятара эпахальнага Сабору. Але перш за ўсё гэта быў бы акт паглыблення (або і аднаўлення!) сваёй хрысціянскай тоеснасці.

Са свайго боку, маю намер у рамках гэтай аўтарскай рубрыкі штотыдзень змяшчаць каментары да дакументаў Касцёла, прысвечаных сацыяльнай этыцы. Запрашаю таксама сачыць рубрыку «Вера & Socium» у квартальніку «Наша Вера», якая таксама прысвечана каталіцкаму сацыяльнаму вучэнню.

Пётр Рудкоўскі

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.