Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларуская моладзь рыхтуецца да сустрэчы з Папам у Мадрыдзе
Беларусь
21.02.2011 14:14

1 мільён маладых людзей з усяго свету — такая прыблізная колькасць удзельнікаў XXVI Сусветнага дня моладзі. Сёлета сустрэча са Святым Айцом будзе праходзіць у іспанскім Мадрыдзе з 16 па 21 жніўня. Каталіцкі Касцёл у Беларусі на сустрэчы будуць прадстаўляць юнакі і дзяўчаты з усіх дыяцэзій разам са сваімі душпастырамі і сёстрамі законнымі.

Прабыванне ў радасным чаканні пілігрымкі, вянцом якога стане малітва са Святым Айцом, — гэта яшчэ не ўсё, чым жывуць сёння патэнцыйныя ўдзельнікі СДМ. Душпастыры і каардынатары груп здзяйсняюць разам з маладымі людзьмі так званую пілігрымку духоўнай падрыхтоўкі да гэтага незвычайнага падарожжа.

Моладзь разважае над словамі Пантыфіка, якія ён скіроўвае ў сваім лісце да ўдзельнікаў сустрэчы, а таксама пры іншых нагодах, як, напрыклад, у пасланні на Сусветны дзень хворага. А што самае галоўнае, беларускія пілігрымы моляцца за падрыхтоўку СДМ, за Святога Айца, а таксама за маладых людзей, якім яны будуць даваць сведчанне сваёй веры падчас гэтай сустрэчы.

Варта адначыць, што моладзь актыўна дыскутуе на гэтую тэму і ў сацыяльных сетках. Некаторыя групы з Беларусі стварылі спецыяльныя старонкі і заснавалі агульны e-mail, праз які кожны можа падзяліцца разважаннямі ці дадаць новую інфармацыю адносна сустрэчы ў Мадрыдзе.

Па традыцыі для тых, хто не зможа прыняць удзел у СДМ у Мадрыдзе, з гэтай нагоды будзе арганізавана міждыяцэзіяльная сустрэча ў беларускім Івянцы (5–7 жніўня), а для вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі — дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Воранаве (7–10 мая).

Нябеснымі апекунамі СДМ у Мадрыдзе Ватыкан абраў святых, біяграфіі якіх ілюструюць асноўныя вехі гістарычнага шляху Каталіцкага Касцёла ў Іспаніі. Сярод іх, між іншым, Тэрэза Авільская і св. Ян ад Крыжа. Нябесным апекуном аб’яўлены таксама Слуга Божы Ян Павел ІІ, беатыфікацыя якога адбудзецца 1 мая гг.

Традыцыя правядзення Сусветнага дня моладзі распачалася з правядзення падобнай сустрэчы ў Рыме ў 1985 г. У 1986 г. папа Ян Павел ІІ прапанаваў рэгулярна праводзіць сустрэчы з моладдзю. З таго часу СДМ праходзяць раз у два гады.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.