Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першы кангрэс каталіцкіх СМІ ў Беларусі. Падвесці вынікі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.08.2012 22:12
Сабралася група актывістаў і добра правяла час. Гэты зборны прыклад звычайна выкарыстоўваюць для таго, каб патлумачыць маладым журналістам, як і пра якія падзеі з жыцця грамадства, у тым ліку касцёльнай супольнасці, не варта пісаць. А як пісаць і пра што? Чым сёння Касцёл можа быць цікавы свецкаму грамадству, як яму казаць, каб быць пачутым? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы католікі-журналісты. З 24 па 26 жніўня ў Гродне прайшоў І Кангрэс каталіцкіх СМІ Беларусі. 
 
Адказы на пытанні дапамагалі знайсці калегі з Польшчы, Украіны, Латвіі і Расіі. Відэапрывітанні да ўдзельнікаў кангрэса скіраваў старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Чэллі і кіраўнік прэс-службы Ватыкана кс. Федэрыка Ламбардзі. Ганаровым госцем кангрэса стаў вядомы польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі. 
 
Але не толькі гэтым быў адметны кангрэс: ён перш за ўсё даў магчымасць працаўнікам каталіцкіх СМІ падвесці вынікі папярэдняй працы, адзначыў тых, хто ствараў каталіцкія медыя ў 90-я гг., і ўрэшце дапамог убачыць перспектыву далейшага развіцця. Так адным з вынікаў працы форуму стане стварэнне працоўнай групы пры епіскапаце Беларусі па арганізацыі працы каталіцкіх СМІ.

Цікавыя эксперты і крэатыўныя ідэі выклікалі таксама значную зацікаўленасць з боку свецкіх СМІ і звычайных жыхароў Гродна. Па-сутнасці, кожны з нас штодня сутыкаецца са СМІ, хоць бы ніколі там не працаваў. Але мы шукаем інфармацыю, а праз сучасныя тэхналогіі становімся не толькі чытачамі, але і аўтарамі (у блогах, сацыяльных сетках), мы не толькі маем магчымасць каментаваць, але і ўплываць на кантэнт СМІ. Такім чынам, амаль кожны з нас (асабліва што датычыць маладых людзей) з’яўляецца аўтарам, а значыць тым, хто можа казаць пра сябе, свае погляды і перажыванні, і тым самым быць апосталам Хрыста праз СМІ. А для гэтага часам дастаткова паставіць пад артыкулам «лайк». 
 
Таму хочацца падзяліцца з вамі некаторымі думкамі, якія прагучалі на кангрэсе каталіцкіх СМІ ў Гродне. 

«Гора мне, калі я не абвяшчаю»
 
Гэтыя словы з Евангелля нагадаў прысутным Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Бо ад СМІ залежыць, як чалавек успрымае сябе і свет. 
 
«Сённяшні журналіст-католік павінен адлюстроўваць усе аспекты жыцця чалавека згодна з каталіцкім навучаннем і такім чынам дапамагаць фарміраванню асобы (…) Распаўсюджванне медыйнай культуры, несумненна, дае многа карысці. Яна прадстаўляе большы доступ да інфармацыі, новыя магчымасці пазнання, абмену і формаў салідарнасці, фарміравання такой культуры, у якой дасягненні чалавечай думкі і дзейнасці становяцца спадчынай усіх людзей», — адзначыў арцыпастыр на адкрыці кангрэса
 
Выступленне Мітрапаліта стала своеасаблівым рахункам сумлення для супрацоўнікаў беларускіх каталіцкіх СМІ, бо прымусіў задумацца над мэтамі дзейнасці, якасцю, своечасовасцю падаванай інфармацыі. Іерарх агучыў праблемы, якія дагэтуль стаяць перад каталіцкімі мас-медыя ў нашай краіне: недахоп кваліфікаваных кадраў, нежаданнне духоўных і свецкіх асоб супрацоўнічаць са СМІ і іншыя. 
 
«Кангрэс з аптымізмам успрыняў дасягненні Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў галіне выкарыстання мас-медыя, таксама і выявіў многа недахопаў у працы каталіцкіх медыя і далёка не да канца выкарыстаны іх патэнцыял. На гэта нельга закрываць вочы, калі мы хочам, каб медыя сапраўды сталі эфектыўнай прыладай новай евангелізацыі. Каталіцкая прысутнасць у інфапрасторы павінна быць больш бачнай, больш актыўнай і больш эфектыўнай. Гэта знак нашага часу і заданне, якое стаіць перад Касцёлам», — падкрэсліў Мітрапаліт на заканчэнне
 
Таму іерарх, будучы адказным за СМІ пры епіскапаце Беларусі, прапанаваў стварыць працоўную групу па арганізацыі працы каталіцкіх СМІ, прызначыць адказных за мас-медыя, забяспечыць прафесійную і духоўную фармацыю працаўнікоў СМІ, наладзіць супрацоўніцтва са свецкімі сродкамі інфармацыі.
 
Што ёсць інфармацыя?
 
Спытаў ва ўдзельнікаў спадар Кшыштаф Занусі. Сам жа ён упэўнены, што ў большай ступені чытачы фарміруюць СМІ, а не наадварот. Журналіст прапануе тое, што чытач, глядач, інтэрнаўт жадае атрымаць. 
 
Разам з тым СМІ, як і мастацтва, дапамаюць зрабіць чалавеку выбар, і тут важнае месца павінны займаць каталіцкія медыя, якія, як і іншыя, павінны сцвярджаць праўду, а не станавіцца таварам. 
 
Слова стала целам, чалавекам
 
Сваімі парадамі з беларускімі журналістамі падзяліўся і прэс-сакратар Рады епіскапатаў Еўропы Цьеры Банавентура:
1. Думайце глабальна і будзьце адкрытымі для свету
2. Нясіце свой вобраз хрысціяніна, будзьце мужнымі ў веры.
3. Пасланне хрысціянаў — Езус Хрыстус
4. Неабходна рухацца ад інстытута СМІ да рэальных зносінаў (Слова стала Целам, але не засталося толькі словам)
5. Зразумець: кім сёння з’яўляецца чалавек, якія яго страхі і спадзяванні? Каб пасля даць адказ, што рашэнне праблем — гэта Хрыстус.
6. «Не» імправізацыі і «так» творчасці і крэатыўнасці (але памятаць пра мэту). 
 
Касцёл — не сцяна, за якую трэба хавацца ад пытанняў
 
Ксёндз Мікалай Мышоўскі, галоўны рэдактар украінскага часопіса «Credo» прапанаваў паразважаць над новымі мас-медыя як шансам для новай евангелізацыі. Ніхто не будзе аспрэчваць, што сённяшняе пакаленне разважае інакш, чым папярэдняе. У гэтым важную ролю адыграваюць СМІ і тэхналогіі, якія сціраюць межы паміж краінамі і нават кантынентамі. Маладыя людзі большасць вольнага часу праводзяць у інтэрнэце, а значыць, як падкрэсліў святар, там павінен быць Касцёл. Не толькі быць (праз інфармацыю), але весці дыялог, адказваць на пытанні. 
 
PR — свет без лішніх словаў
 
Як тэхналогіі піяру дапамагаюць Касцёлу весці дыялог з грамадствам і быць цікавым у вачах нехрысціянаў? Піяр часта памылкова блытаюць з рэкламай ці прапагандай або ўспрымаюць як нешта адмоўнае. Насамрэч, гэта дыялог з грамадствам, гатоўнасць прыўносіць у яго хрысціянскія каштоўнасці і своечасова рэагаваць на патрэбы чалавека. Гэта і ёсць адносіны з грамадствам. 

Гэты пералік карысных думак, якія прагучалі на кангрэсе, можна працягваць і працягваць. Але галоўнае, каб кожны з нас, і мы, журналісты, і ў пэўнай ступені вы, шаноўныя чытачы, маглі правільна прымяніць атрыманы вопыт іншых і зрабіць крок наперад у асабістым і прафесійным развіцці. 
 
«“Бяда мне, калі б я не абвяшчаў Евангелле“», — кажа св. Павел, апостал. Кангрэс каталіцкіх СМІ, які завяршаецца, яшчэ раз пацвердзіў іх актуальнасць і неабходнасць у працэсе евангелізацыі для перадачы і ўмацавання веры. Сцвярджэнне св. апостала Пятра „Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага“ заахвочвае нас жыць гэтымі словамі. А каб імі жыць, іх трэба ведаць. Галоўным заданнем Касцёла і ёсць абвяшчэнне слова Божага, і дапамогай у гэтым з’яўляюцца медыя», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч у гаміліі на завяршэнне кангрэса
 
І з гэтымі словамі нельга не пагадзіцца.
 
P.S. Не забудзьце паставіць «лайк» пад артыкулам, калі ён даў вам штосьці карыснае, а не змарнаваў каштоўныя сем хвілін жыцця.  
 
Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.