Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Нататкі місіянера: як святкуюць Дзень дзіцяці ў Афрыцы?
Беларусь
25.06.2013 10:48

Каралевай 2013 года і сапраўднай «Міні-міс дзіця Афрыкі» была аб’яўлена Сіта Карома. Дзяўчынцы 11 гадоў і яна вучыцца ў пятым класе пачатковай школы св. Аўгустына ў Цінтафоры. У падарунак ад салезіянаў Дона Боска і араторыя дзяўчынка атрымала паўмяшка рысу. Былі таксама і іншыя прызы для ўдзельніц: школьныя сумкі, зубныя пасты і шчоткі, насценныя гадзіннікі, школьныя чаравікі, ліхтарыкі для начнога чытання, мыла і інш.

Беларус Сяргей Гоман — святар-місіянер з Таварыства cв. Яна Боска. Ужо 12 гадоў ён працуе на місіях у Афрыцы. На Catholic.by святар дасылае свае фотасправаздачы з найбольш цікавых падзей са свайго жыцця на місіях. Cёння святар распавядае пра святкаванне Дня дзіцяці ў іх парафіі.

Наш моладзевы цэнтр салезіянаў Дона Боска ў С'ера-Леонэ — сапраўдны дом для моладзі ў нашай парафіі. І святкаванне з дзецьмі Дня дзіцяці — сталая традыцыя для нашага цэнтра.

Штогод 16 чэрвеня — гэта дзень, калі дзеці апранаюць традыцыйныя для афрыканскай культуры адзенні, дэманструючы сапраўдную прыгажосць Афрыкі.

Падрыхтоўку да Дня дзіцяці наш моладзевы цэнтр пачынае разам з аніматарамі. Праводзячы такія сустрэчы, мы хочам даць дзецям адчуць, што такое сапраўдная любоў да бліжняга. Сёлета Дзень дзіцяці мы святкавалі 15 чэрвеня ў суботу, таму што Сусветны Дзень дзіцяці выпадаў на нядзелю.

Напярэдадні на працягу тыдня аніматары рэгістравалі хлопчыкаў і дзяўчынак у араторыі. Пасля ўдзельнікі запрашаліся на сустрэчу, дзе ім распавядалі пра тыя заданні, якія іх будуць чакаюць у дзень спаборніцтваў.

Штодня дзеці прыходзілі кансультавацца з аніматарамі наконт падрыхтаванай для іх праграмы.

Само свята складалася з некалькіх частак. Першай часткай мерапрыемства стаў паказ фільма пад назвай «Sarafina», які спрабаваў дакладна распавесці пра тое, што адбывалася ў мястэчку Саўэта (у часы апартэіду — месца для прымусовага пражывання афрыканскага насельніцтва) падчас рэжыму апартэіду ў Паўднёвай Афрыцы.

Сярод іншых пунктаў праграмы ў гэты дзень былі прэзентацыя вершаў пра дзяцей у Афрыцы, тэатралізаванае прадстаўленне і групавы танец групы моладзі salamalaque з моладзевага цэнтра, танцавальнае спаборніцтва і конкурс пантамімы для дзяцей.

Галоўнай падзеяй стала каранацыя «Міс Дон Боска», якая ад моладзевага цэнтра атрымала тытул «Дзіця Афрыкі-2013». Удзельніцамі конкурсу сталі 10 дзяўчынак з дзіцячых садкоў і пачатковай школы. Гэтыя прыгожыя каралевы з’яўляліся на сцэне амаль як у сапраўдных конкурсах прыгажосці — у трох розных сукенках: школьнай форме, сукенцы ў нацыянальным стылі і сукенцы-афрыкане. Падтрымаць дзяўчынак-канкурсантак прыйшлі таксама іх бацькі.

Прэзентацыя атрымалася было вельмі яркай, на мерапрыемстве прысутнічала больш за 600 чалавек.

Аніматары, якія выступалі ў якасці суддзяў, сваё рашэнне вынеслі напрыканцы конкурсаў. Каралевай гэтага года і сапраўднай «Міс Афрыканскае дзіця» была аб’яўлена Сіта Карома. Дзяўчынцы 11 гадоў і яна вучыцца ў пятым класе пачатковай школы св. Аўгустына ў Цінтафоры. У падарунак ад салезіянаў Дона Боска і араторыя дзяўчынка атрымала паўмяшка рысу. Былі таксама і іншыя прызы для ўдзельніц: школьныя сумкі, зубныя пасты і шчоткі, насценныя гадзіннікі, школьныя чаравікі, ліхтарыкі для начнога чытання, мыла і інш. Агулам падарункі атрымалі 30 дзяцей.

(JLS)

Глядзі таксама:

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.