Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пленэр памяці св. Яна Паўла ІІ у мінскім батанічным садзе: некалькі слоў для Цябе
Беларусь
29.04.2014 11:17

«Некалькі слоў для Цябе. Ян Павел ІІ. Пленэр у батанічным садзе», — прачытала Саша, якая 27 красавіка разам з бацькамі прыйшла, каб добра правесці час у Цэнтральным батанічным садзе ў Мінску. І, ходзячы шматлікімі алеямі каля экспазіцыйнай аранжарэі, Саша і яе бацькі, а таксама іншыя бацькі з Паўлікамі, Дзмітракамі, Лерамі і Ксюшамі… спыняліся і падыходзілі да групы моладзі з планшэтамі, фарбамі і алоўкамі, каб паглядзець і пачуць адказ на пытанне: «А што тут адбываецца?»

А моладзь у сваю чаргу апавядала пра зладжаны пленэр памяці Яна Паўла ІІ – у дзень яго кананізацыі, а таксама працягвала падрыхтаваныя канверты з надпісам, які і прачытала дзяўчынка Саша. У гэтых канвертах можна было знайсці цытаты з пасланняў новаабвешчанага святога альбо яго вершы з цыклу “Узбярэжжы, поўныя цішы”. Затым моладзь прапаноўвала паўдзельнічаць у пленэры, хоць дзецям і не трэба было прапаноўваць, бо, калі яны бачылі фарбы, то аўтаматычна цягнуліся да іх і гучна апавяшчалі бацькоў, што вельмі хочуць маляваць.

І, хтосьці на лаўцы, хтосьці пад дрэвам, цэлым бацькоўска-дзіцячым згуртаваннем малявалі. Часам распытвалі пра таго, каму быў прысвечаны гэты пленэр.

Кагорта моладзі выправілася да возера, дзе разам са скрыпачом таксама тварыла мастацтва.

Пасля заканчэння свайго малявання кожны ўдзельнік падыходзіў да валанцёраў-арганізатараў, апавядаў пра тое, што намаляваў. "Цэлую гісторыю малюнка часамі прыходзілася запісваць!" – адзначае адзін валанцёр. Удзельнікі пакідалі свае кантактныя дадзеныя, каб арганізатары-валанцёры маглі надалей паведаміць ім наступную інфармацыю.

Якую? Справа ў тым, што мэтай пленэру было распавесці ўдзельнікам пра такую гістарычную асобу, як Ян Павел ІІ, для тых, хто раней не сутыкаўся з ёй, а таксама падрыхтаваць выданне памяці яго кананізацыі. Гэтае выданне і плануецца аздобіць малюнкамі ўдзельнікаў пленэру, фотаздымкамі, якія рабіў фатограф Андрэй Кузняцоў, каментарамі да гэтых малюнкаў, якія давалі самі дзеці, цытатамі і вершамі новаабвешчанага святога. Кожнаму ўдзельніку плануецца падарыць па экзэмпляру кнігі разам з малюнкамі, якія пакідаліся ў валанцёраў для падрыхтоўкі выдання.

Такім чынам, пленэр прайшоў паспяхова, а часовая галерэйка з толькі што намаляваных творыкаў мастацтва налічвала каля 30 будучых ілюстрацый для кнігі. Канверты з назваю «Некалькі словаў для Цябе» разляцеліся па кватэрах горада, а добрая частка з іх паехала ў Жлобін, бо падчас пленэру арганізатараў-валанцёраў апанавала група школьнікаў якраз адтуль. Такім чынам, жлобінскія дзеці не мелі часу, каб гадзіну-паўтары прысвяціць пленэру, таму, паслухаўшы некалькі слоў пра Яна Паўла ІІ, з радасцю забралі амаль усе канверты, хтосьці нават два – "бо для сястрычкі трэба!" – і павезлі іх у свой горад, у свае сем’і.

Калі малюнкі былі схаваныя ў папкі, а фарбы з пэндзлямі ў каробкі, валанцёры-арганізатары былі згодныя нават на дабротны дождж, які, сапраўды, пакрыху распачынаўся…

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.