Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Маці Божая ў Фаціме 13 мая 1917 г.: «Божая ласка заўсёды будзе вашым суцяшэннем»
Беларусь
13.05.2014 14:01

13 мая Касцёл адзначае ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы.

«Вам давядзецца шмат пакутаваць, але Божая ласка заўсёды будзе вашым суцяшэннем» - такія былі словы Маці Божай, якая 13 мая 97 год назад аб’явілася тром дзецям-пастушкам: Люцыі, Францішку і Жасінце — у Фаціме, невялікім мястэчку на ўскрайку Еўропы, у Партугаліі. Фацімскія аб’яўленні распачаліся 13 мая 1917 г. і працягваліся да 13 кастрычніка.

Фацімская вестка, якая несла трагедыю ці надзею, найперш была папярэджвальным знакам аб небяспеках, якія чакалі Еўропу. Менавіта такія словы і пытанне заключае і назва кнігі, прысвечаная гэтай падзеі ў гісторыі хрысціянства, Антоніо А. Барэллі “Фацімская вестка: трагедыя ці надзея?”.

Прыгадаем той момант, які апісвае першае Аб’яўленне Маці Божай, якому папярэднічала аб’яўленне Анёла:
«Трое дзяцей гулялі ў Кова да Ірыі, калі іх увагу прыцягнулі дзве ўспышкі святла, якія былі падобныя на маланку. Потым яны ўбачылі Маці Божую на зялёным дубку. Гэта была «Пані ва ўсім белым, якая зіхацела ясней за сонца, распаўсюджвала святло больш яркае і больш моцнае, чым кавалачак крышталю, напоўнены крышталёвай вадою, і была пранізана промнямі найярчэйшага сонца», — расказвае Люцыя. Яе неапісальнай прыгажосці твар не быў «ані сумным, ані радасным, але сур'ёзным», з выразам мяккага папроку. Яе рукі, складзеныя ў малітве, былі звернуты ўверх. З правай Яе рукі звісаў ружанец. Яе адзенне здавалася сатканым са святла. Сукенка ў Яе была белая, белым быў і Яе хітон, аблямаваны золатам, які ахінаў Яе з галавы да стопаў. Што датычыць абрысаў Яе твару, то Люцыя ніколі не апісвала іх, таму што немагчыма было засяродзіцца на гэтым нябесным твары — настолькі ён быў азораны. Візіянеры былі зусім побач з Маці Божай — прыблізна на адлегласці паўтара метра, — г.зн. знаходзіліся ў коле таго ж святла, якое атуляла Яе і зыходзіла ад Яе. Вось як адбывалася іх размова:

Маці Божая: «Не бойцеся, я не прычыню вам зла».

Люцыя: «Адкуль прыходзіш, Пані?»

Маці Божая: «Я — з Неба.» (І Найсвяцейшая Панна ўзняла руку, паказваючы на неба).

Люцыя: «Што Пані хоча ад мяне?»

Маці Божая: «Я прыйшла, каб папрасіць вас прыходзіць сюды шэсць месяцаў запар 13-га чысла ў гэты час. Я потым вам скажу, хто Я і чаго Я хачу. Потым Я вярнуся сюды сёмы раз».

Люцыя: «А я таксама пайду на Неба?»

Маці Божая:«Так, пойдзеш».

Люцыя: «А Жасінта?»

Маці Божая: «І яна таксама»

Люцыя: «А Францішак?»

Маці Божая: «Таксама. Але ён павінен будзе многа маліцца на ружанцы».

Люцыя: «А Марыя дас Невеш ужо на Небе?»

Маці Божая: «Так, яна там».

Люцыя:«І Амелія?»

Маці Божая: «Яна застанецца ў чысцы да канца свету. Ці хочаце ахвяраваць сябе Богу, прыняць кожнае цярпенне, якое Бог вам пашле, як перапрашэнне за ўсе грахі, што Яго абражаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?»

Люцыя: «Так, мы хочам гэтага».

Маці Божая: «Вам давядзецца шмат пакутаваць, але Божая ласка заўсёды будзе вашым суцяшэннем».

«Калі Яна вымавіла гэтыя апошнія словы «Божая ласка» і г.д., то, раскрыўшы далоні, Яна паслала нам такое моцнае святло, — піша сястра Люцыя, — што яно пранікла ў нашыя грудзі і ў самую глыбіню нашых душаў. Яна дала нам убачыць нас саміх у Богу, Які і быў гэтым святлом, — ясней, чым у лепшым з люстэрак. І тады ўнутранае натхненне кінула нас на калені і прымусіла паўтараць: «О Найсвяцейшая Тройца, пакланяюся Табе. Мой Божа, мой Божа, люблю Цябе ў Найсвяцейшым Сакрамэнце!»

Праз момант Найсвяцейшая Панна дадала:

«Маліцеся на ружанцы кожны дзень, каб выпрасіць спакой для свету і канец вайны».
Потым, — расказвае Люцыя, — Яна пачала плаўна ўздымацца ў кірунку ўсходу, пакуль нарэшце не знікла ў бязмежнай далечыні неба. Святло, якое атуляла Яе, здавалася, пракладвала Ёй шлях праз зоркі».

Паводле кнігі «Фацімская вестка: трагедыя ці надзея?».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.