Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскім араторыі св. Яна Боско прайшла канферэнцыя «Асаблівая тэрыторыя дзяцінства»
Беларусь
22.05.2014 11:24
20 мая ў араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску ў межах Міжнароднага дня аховы дзяцей адбылася канферэнцыя па Моладзевай сацыяльна-праблемнай праграме «Асаблівая тэрыторыя дзяцінства», прысвечаная выхаванню дзяцей і моладзі.
У канферэнцыі ўдзельнічалі рэлігійная каталіцкая місія «Таварыства Святога Францішка Сальскага», салезіяне ксяндза Боско ў Беларусі; студэнты УА Беларускага Дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта; Акадэмія паслядыпломнай адукацыі; гарадское грамадскае аб’яднанне па папярэджанню жорсткага абыходжання з дзецьмі «Дзеці — не для насілля»; рэдакцыя псіхалагічнага і сацыяльна-педагагічнага часопіса «Дыялог».

Галоўнай мэтай канферэнцыі было пазнаёміцца з найбольш эфектыўнымі прэвентыўнымі формамі выхавання дзяцей і моладзі, а таксама пазнаёміць аўдыторыю з выхаваўчай сістэмай ксяндза Боско.

Адкрыла канферэнцыю дацэнт кафедры «Эканамічнай сацыялогіі» Галіна Бядуліна. У канферэнцыі прагучалі чатыры даклады, , пасля дакладу можна было задаваць пытанні.

Кс. Павел Шчарбіцкі SDB расказаў пра жыццё св. Яна Боско, а таксама пра прэвентыўную сістэму выхавання дзяцей і моладзі, якую распрацаваў кс. Боско. Салезіянскія аніматары Юлія Клевец і Ермак Вераніка распавялі, як яны ажыццяўляюць харызму св. Яна Боско ў гімназіі г. Смаргонь, дзе яны працуюць настаўнікамі. Гэтае выступленне пазітыўна ўзрушыла ўдзелькаў канферэнцыі і выклікала шмат пытанняў і дыскусію. Таксама падзялілася вопытам працы з дзецьмі Маргарыта Прахіна, старшыня праўлення Гарадскога грамадскага аб’яднання па папярэджанню жорсткага абыходжання з дзецьмі «Дзеці — не для насілля».

На працягу перапынку на каву можна было паразмаўляць і падзяліцца вопытам. Апошнім дакладчыкам быў Леанід Пергаменшчык, доктар псіхалагічных навук, дэкан факультэта псіхалогіі БДПУ, рэдактар часопіса «Дыялог», які падзяліўся ўражаннем ад пачутага і выказаў свой погляд адносна выхавання. У канцы экспертная камісія падвяла вынікі. Галоўны эксперт, Людміла Чурыла, намеснік дэкана факультэта прафесійнага развіцця кіруючых працаўнікоў адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дала высокую адзнаку канферэнцыі.

З заключным словам выступіў кс. Павел Шчарбіцкі SDB, які пажадаў усім прысутным, каб выхаванне стала стылем жыцця. Скончылася канферэнцыя па хрысціянскай традыцыі — малітвай.

Дзяніс Бобін і Ганна Семак, салезіянскія аніматары
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.