Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У чарговы раз у Івянцы праводзіцца «Музычная майстэрня»
Беларусь
23.07.2014 11:46
У Івянцы 21 ліпеня распачалася «Музычная майстэрня», якая сабрала каля 200 маладых людзей з усёй Беларусі, што любяць музыку. Для многіх з іх спеў — гэта адначасова і малітва, бо, як кажуць, хто спявае — той моліцца двойчы.
Многія з удзельнікаў майстэрні пераадолелі сотні кіламетраў, каб сустрэцца з музыкай і спевамі ў Івянцы, дзе ў хуткім часе адбудзецца Агульнабеларуская сустрэча моладзі. Сюды прыбыло і шмат сясцёр законных з розных супольнасцяў, якія, прывёзшы ў Івянец сваю моладзь, таксама актыўна ўключыліся ў працу майстэрні.

Моладзь, якая сабралася на мерапрыемстве, адзначае, што спеў для іх — спосаб, каб упрыгожыць уласнае жыццё і жыццё іншых. Нездарма кажуць, што спеў радуе сэрцы людзей, аб’ядноўвае іх у адно.

Заняткі па музыцы праходзяць у Івянцы ўжо больш за 10 гадоў. Айцец Лех Баханэк OFMConv, які кожны год прыкладвае шмат намаганняў, каб арганізаваць музычнае мерапрыемства, сам добра ўжо не памятае таго, у які раз Івянец прымае таленавітых людзей. Моладзь вельмі ахвотна сюды прыязджае, таму можна тут сyстрэць прадстаўнікоў і з Мінска, і Віцебска, і Гродна, і Бярозы, і Баранавіч і іншых мясцін. Зося, якая кіруе мерапрыемствам кожны год, прыехала сёлета са сваёй дачкой, якой толькі тры месяцы. Яна перакананая, што такія сустрэчы прыносяць вялікі плён, а таксама дапамагаюць наблізіцца да Бога, паглыбіць сваю асабістую малітву і ўзмацніць сувязь з Хрыстом.

На «Музычнай майстэрні» традыцыйна можна сустрэць Яна Паспяшальскага з Варшавы, які ўжо некалькі гадоў прыязджае ў Івянец, пераадольваючы больш за 500 кіламетраў. Ян Паспяшальскі — польскі музыка, кампазітар, публіцыст, аўтар радыё- і тэлепраграм. Кожны раз ён адзначае, што не можа не здзіўляцца той атмасферы, якая пануе ў Івянцы. Гэтае месца з кожным годам прыцягвае людзей, для якіх музыка — неад’емная частка жыцця.

Кожны год у Івянцы гасцінна прымаюць маладых людзей мясцовыя парафіяне, якія адчынілі дзверы сваіх дамоў і сэрц. Жанчыны, якія клапоцяцца пра кухню, каб ніхто не застаўся галодны, кажуць, што накармілі б яшчэ столькі ж людзей. Пробашча мясцовай супольнасці айца Леха цешыць тое, што шмат моладзі знаходзіць на час сустрэчы прытулак у мясцовым кляштары, і разам з парафіянамі ён таксама рады прымаць маладых вернікаў.
Сустрэчы з Богам спрыяе капліца «пастаяннай Адарацыі» пры касцёле ў Івянцы, дзе 24 гадзіны ў суткі адаруецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. Тут удзельнікі майстэрні пасля гучных спеваў могуць знайсці хвіліны цішыні, супакою і медытацыі.

«Музычная майстэрня» працягнецца да 25 ліпеня, пасля распачнецца Малітоўная сустрэча моладзі, якая пройдзе пад дэвізам «Шчаслівыя ўбогія духам».

Кс. Юрый Марціновіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.