Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае сёння. «Прызнанне Папам Палесціны дае надзею нашаму народу»
Беларусь
21.05.2015 12:10
Хрысціянка Майс Камсіе з Віфлеема ў інтэрв’ю Catholic.by распавяла пра становішча католікаў у Палесціне і дала ацэнку словам Папы Францішка пра прызнанне гэтай краіны.
 
З Майс Камсіе мы сустракаемся ў нямецкім Бундэстагу, дзе маладая палесцінка праходзіць практыку. Нагодай для размовы сталі нядаўнія словы Папы Францішка, які ўпершыню назваў Палесціну «дзяржавай Палесціна», а не «палесцінскімі тэрыторыямі». 
 
Майс Камсіе хутка споўніцца 26. Дзяўчына жыве ў Віфлееме, дзе скончыла мясцовы ўніверсітэт па спецыяльнасці «акаўтынг і бізнес-адміністраванне». Сёння яна вучыцца ў магістратуры нямецкага Люнеберга.
 
«У Палесціну мая сям’я пераехала, калі мне было тры гады. Мой тата — праваслаўны, а мама, выхаваная ў Савецкім Саюзе, на той час не наведвала царкву. З пераездам у Палесціну маме было не проста, таму што прыналежнасць да пэўнай рэлігійнай супольнасці вельмі важнае ў нас. У Палесціне ж сёння жыве 98 працэнтаў мусульман і толькі 2 працэнты хрысціян», распавядае Майс Камсіе. «Хрысціянскія гарады» Палесціны — Віфлеем, Рамала і Наблюс. 
 
 Майс Камсіе падчас практыкі ў нямецкім Бундэстагу (май 2015)
 
Паводле слоў Майс, рэлігія адыгрывае ў рэгіёне вялікую ролю і ўплывае на жыццё кожнага палесцінца. Хрысціяне і мусульмане ж суіснуюць дастаткова мірна: адзінае істотнае адрозненне — у немагчымасці шлюбу адно з адным.
 
«У нас вельмі кансерватыўнае грамадства, важную ролю ў якім адыгрывае прыналежнасць да адпаведнай рэлігійнай супольнасці, — тлумачыць дзяўчына. — Калі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій захочуць узяць шлюб, сітуацыя будзе не такая балючая, як калі б шлюб узялі мусульманін і хрысціянка. Згодна з традыцыяй, жонка павінна прыняць рэлігію мужа, а гэта азначае яе выхад з хрысціянскай супольнасці... Гэта выклікае ў сваю чаргу вялікую хвалю крытыкі».
 
Майс Камсіе прызнаецца, што ў цэлым жыццё ў Палесціне, нягледзячы на складанае становішча ў адносінах з Ізраілем, збольшага спакойнае. 
 
«Канешне, ваенную прысутнасць Ізраіля адчувае кожны палесцінец. Ізраіль кантралюе ў Палесціне літаральна ўсё, ды й эканамічна мы цалкам залежым ад іх. Але калі пазбягаць “гарачых” тэрыторый, як у сектары Газа, і жыць у Заходняй Іарданіі, то пра няпростае ваеннае становішча будуць нагадваць збольшага толькі цяжкасці падчас пераездаў з аднаго горада ў іншы, бо ехаць даводзіцца ў аб’езд, затрачваючы больш часу».
 
«Выхадныя ў школе — па пятніцах і нядзелях»
 
У Віфлееме Майс скончыла прыватную каталіцкую школу для дзяўчынак. Школай апякуюцца манахіні супольнасці св. Юзафа з Францыі: кансэкраваныя асобы ўваходзяць у адміністрацыю школы, а таксама выкладаюць рэлігію ў школе.
 
Майс дадае, што, нягледзячы на «каталіцкі» статус установы, вучацца ў ёй дзяўчынкі і іншых хрысціянскіх канфесій, а таксама дзяўчаты-мусульманкі. У кожным з 12 класаў — па 25-30 чалавек. 
 
«Паколькі ў школах вучацца дзеці як мусульман, так і хрысціян, то мы святкуем святы абедзвюх рэлігій. Пры гэтым вольнымі ад вучобы днямі з’яўляюцца пятніца і нядзеля. Нядзеля — хрысціянскі выхадны, пятніца — мусульманскі. А вось субота — працоўная», — усміхаецца дзяўчына.
 
 
Урокі рэлігіі пры гэтым выкладаліся з улікам веравызнання: дзяўчынкі-мусульманкі наведвалі заняткі па вывучэнні ісламу, дзяўчаты-хрысціянкі — па хрысціянству. Астатнія прадметы былі аднолькавымі для ўсіх, як, напрыклад, абавязковыя англійская, французская і арабская мовы. 
 
«Наша школа была вельмі суровай у плане дысцыпліны, — прыгадвае Майс. — У нас была свая ўніформа, і кантралявалі нас дастаткова строга, каб усё адпавядала норме — літаральна кожны сантыметр спадніцы».
 
«Прызнанне Палесціны Ватыканам вельмі важнае для нас» 
 
«Я асабіста была вельмі ўзрадавана навіне з Ватыкана, — прызнаецца Майс Камсіе. — Людзі ў Палесціне вельмі ўдзячныя Пантыфіку за Яго словы, гэта дае надзею нашаму народу». Майс таксама прыгадвае, што палесцінцы па-сапраўднаму ганарацца кананізацыяй першых у гісторыі Касцёла дзвюх манахінь, якія паходзяць з Палесціны.
 
Даведка17 мая Папа Францішак кананізаваў чатырох жанчын, дзве з якіх — палесцінкі. Мары-Альфансін Гатас (1843-1929) заснавала ў Ерузалеме папулярную сёння супольнасць Сясцёр Найсвяцейшага Ружанца, а Марыям Бавардзі (1846-1878) стала першай палесцінскай манахіняй Кармэлю ў Віфлееме.
 
 
Дзяўчына дадае, што ўчынак Пантыфіка — вельмі патрэбны яе краіне крок салідарнасці з боку Папы, а прызнанне Палесціны Ватыканам у асобе Святога Айца — вялікі поспех для палесцінцаў. 
 
«З таго часу, як пачалася вайна, людзі ў Палесціне змагаюцца за сваё жыццё. Аднак гісторыя супрацьстаяння паказала, што, калі адказваць насіллем на насілле, канфлікт не вырашыцца, — разважае дзяўчына. — Таму толькі міжнародны ціск на Ізраіль можа змяніць сітуацыю». 
 
Майс лічыць, што прызнанне Палесціны Ізраілем магчыма, але для гэтага палесцінцам патрэбна падтрымка на міжнародным узроўні. І салідарнасць Ватыкана ў гэтых умовах — вельмі важны крок.
 
«Яшчэ я добра запомніла паведамленні журналістаў пра прыём нашага Прэзідэнта ў Ватыкане, — дадае напрыканцы Майс. — У нефармальнай размове Пантыфік распытваў і пра хрысціян у сектары Газа, становішча якіх вельмі цяжкае. Той выказаны інтарэс з боку Папы засведчыў, што яму не абыякавыя лёсы нашых хрысціян. Гэта вельмі мяне ўразіла, і як палесцінка я вельмі ўдзячная Папу Францішку».
 
Даведка Сatholic.by:
 
Дзяржава Палесціна — часткова прызнаная ў свеце дзяржава на Бліжнім Усходзе. Тэрыторыя краіны падзелена на дзве часткі: сектар Газа і Заходні бераг ракі Ярдан. Паводле інфармацыі за 2014 год дзяржаву Палесціну прызналі 135 са 193 краін-членаў ААН.
 
 Ілья Лапато, фота аўтара
 
Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
 
Таксама ў рубрыцы: 
  
 
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.