Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Будслаў вырушыла 16-я Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка
Беларусь
30.06.2015 14:57

28 чэрвеня ў Будслаў вырушыла 16-я Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка СМЕП-16. Пунктам пачатку пілігрымкі з’яўляецца г. Смаргонь.

У першы дзень было налічана 140 пілігрымаў, наперадзе ў якіх 108 кіламетраў шляху малітвы і ахвяры, разважанняў і радасці. Дэвізам і тэмай разважанняў пілігрымкі стаў дэвіз Салезіянскай Сям’і на юбілейны год святкавання 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боско: “Як ксёндз Боско: з моладзю, для моладзі”.
 
Адпраўной кропкай шляху стала святая Імша, якую ўзначаліў новапрызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Гэта была яго першая Імша ў якасці біскупа, разам са сваімі субратамі і ўсёй Салезіянскай Сям’ёй іерарх канцэлебраваў яе ў сваёй роднай парафіі.

Біскуп звярнуўся да сабраных з пастырскім словам, якое для пілігрымаў стала і канферэнцыяй першага дня. Разважанні датычыліся Добрага Пастыра, які аддае жыццё за сваіх авечак. У гэты першы дзень на працы ў групах пілігрымы абмяркоўвалі тэму “сапраўдная радасць” - радасць, якая базуецца на трывалых адносінах з Езусам, Добрым Пастырам. Прыкладам такіх адносін і такой радасці з’яўляецца св. Ян Боско, які моцна давяраў Богу. Маладыя людзі добра ведалі, што чым больш радасны іх пастыр, тым з большымі цяжкасцямі ён сустрэўся; але менавіта таму, что давяраў гэтыя цяжкасці Богу, святар быў вельмі радасны ад упэўненасці, што Пан блізка і дапаможа.

Такім чынам, арганізатары пілігрымкі прапанавалі ўдзельнікам вучыцца ад св. Яна Боско будаваць адносіны з Богам і быць добрымі пастырамі для патрабуючых. Быць “як ксёндз Боско” – гаворыцца ў першай частцы дэвізу пілігрымкі.

Наперадзе ў пілігрымаў яшчэ пяць дзён, пяць тэм і шмат магчымасцяў для навяртання.

Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.