На Цнянскім вaдасховішчы мінус пяць, але пробашч мінскай парафіі Маці
Божай Будслаўскай кс. Францішак Рудзь марозу не баіцца. Святар ужо не
першы год акунаецца ў зімную ваду, аднаўляючы абяцанні хросту. Гэтым
разам журналісты Catholic.by вырашылі падтрымаць святара маральна і
склалі яму кампанію. 15.00 на гадзінніку. Пакінуўшы машыну на аўтастаянцы, пешшу мы крочым у бок выратавальнай станцыі «Цнянская» — аднаго з двух месцаў, спецыяльна прыстасаваных тут для акунанняў. То там, то тут — па двое, па трое да станцыі таксама ідуць людзі. У большасці гэта мужчыны, але ёсць сярод іх і жанчыны, а таксама дзеці.
«На каталіцкі Хрост Пана ніхто для мяне аднаго рабіць палонку і яе асвячаць не будзе, таму ўжо шмат гадоў я проста далучаюся да акунанняў на Вадохрышча па праваслаўнай традыцыі», — распавядае кс. Францішак, прыгадваючы гісторыю сваіх акунанняў.
Жартам святар прызнаецца, што з юліянскім календаром, прынятым у Праваслаўнай Царкве, ён звязаны асаблівым чынам — 7 студзеня ў ксяндза Францішка дзень нараджэння.
«У нашай сям’і сем братоў і сястра, а я быў самы малодшы і, як гэта часта бывае, заўсёды раўняўся на сваіх старэйшых братоў. А яны не толькі не баяліся хадзіць на Імшу ў касцёл ў савецкі час, але і актыўна займаліся спортам, таксама акуналіся зімой — і я з імі».
Прыклад братоў — як спартыўны, так і духоўны — натхняў будучага святара не толькі ў дзяцінстве; на іх ён раўняўся і ў школе. Але святаром з усіх братоў стаў толькі Францішак — найменшы. Пра здаровы дух у здаровым целе
«Каб акунуцца, трэба найперш быць здаровым», — дадае святар. «Калі на працягу года займаешся спортам, то дастаткова толькі маральна падрыхтаваць сябе да зімной вады, — усміхаецца кс. Францішак. — А там прачытаў пра сябе “Ойча наш”, перахрысціўся і з галавой у палонку».
Ксёндз Францішак дадае, што нейкага канкрэтнага ўлюбёнага віду спорту ў яго няма: і ў футбол гуляць любіць, і на горных лыжах катацца, і на каньках ездзіць... Яшчэ з семінарыйных часоў, калі побач з семінарыяй стаяла школа, будучы святар любіў займацца на стадыёне на турніках.
«Лацінская прыказка нагадвае нам пра здаровы дух у здаровым целе. Але здаровае цела трэба фармаваць. І не толькі фізічна праз спорт, але і духоўна — пра духоўную моц цела таксама важна памятаць», — заключае святар.
Вось мы і на месцы. Ксёндз Францішак пераапранаецца ў белую кашулю для хросту і ідзе ў бок палонкі. І на «тры» — святар акунаецца з галавой...
Палонкі, спецыяльна прыстасаваныя тут на Вадохрышча, яшчэ напярэдадні вечарам асвячаў праваслаўны святар. У адну з палонак вядзе адмысловы масток, праз які з ручнікамі ў
руках, нібы пінгвіны, у гумовых тапках церушаць людзі. Тут жа на месцы дзяжураць урач, міліцыя і выратавальная служба.
«Сёння тут дзяжурыць уся наша змена — пяць чалавек, сярод якіх тры вадалазы, — расказвае Catholic.by начальнік выратавальнай станцыі “Цнянская” Георгій Жаброўскі (на фота ўнізе — справа). — Летась на Вадохрышча нас наведала каля трох тысяч чалавек, звычайна пасля 16.00 нават чэргі ўтвараюцца — пасля працы людзі заязджаюць і акунаюцца».
Ксёндз Францішак выходзіць з вады, саступаючы дарогу чарговым ахвотным акунуцца. «Якія мае адчуванні? Не ведаю, з чым іх параўнаць. На целе прыемнае лёгкае паколванне», — усміхаецца святар.
«Калі мы едзем у пілігрымку ў Ізраіль, то ў рацэ Ярдан таксама акунаемся, аднаўляючы абяцанні хросту. Акунанне ў беларускіх водах — яшчэ адзін знешні знак хрысціянскага сведчання», — заключае святар. Сёлета ксёндз Францішак Рудзь акунаўся адзін, але звычайна, паводле яго слоў, кампанію яму складаюць і некаторыя парафіяне. Ілья Лапато, Фота Віталія Палінеўскага
|