Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Мяне штосьці штурхала быць святаром»: прамудрасці ксяндза прэлата Юзафа Трубовіча
Беларусь
28.01.2016 09:04

Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч, які 1 студзеня 2016 года адсвяткаваў 90-годдзе, сёння з’яўляецца самым пажылым святаром у Беларусі. Нягледзячы на гэта, ксёндз захаваў ясную памяць і выдатнае пачуццё гумару.

Ксяндзу Трубовічу належыць аўтарства дзвюх кніг: аўтабіяграфіі «Шлях звычайнага жыцця» (2006 г.) да 50-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння і кнігі «Як наконт праўды і рэальнасці?» (2013 г.), дзе звяртае ўвагу на навучанне Касцёла ў пытаннях веры.

Прыгадваючы падзеі са свайго жыцця, святар памятае кожную дэталь, кожнае імя, кожную падзею. Пра некаторыя з іх мы і пагутарылі.

Пра таямніцу паклікання

У дзяцінстве я быў міністрантам. І ўжо ў той час я ведаў, кім хачу стаць. У мяне не было пытання, што ў святарстве можна не вытрымаць, — мяне штосьці штурхала быць святаром. Усё тады было па-іншаму, не так, як цяпер. Гэта былі часы да Другога Ватыканскага Сабору, таму ўся Імша была на лаціне.

А пасля прыйшла вайна…

Пры немцах вучыліся па-беларуску

Я нарадзіўся ва ўсходніх крэсах — так тады называлі нашу тэрыторыю польскія ўлады. Нарадзіўся я праз шэсць гадоў пасля другой вайны (маецца на ўвазе савецка-польская вайна — заўв. аўт.). Скончыў шэсць класаў. Але былі яны на розных мовах. Спачатку я вучыўся ў польскай школе, пасля прыйшлі Саветы — усе прадметы былі па-руску, затым прыйшлі немцы — і ўсё стала па-беларуску, пасля пры Саветах ізноў руская школа…



Прыход Саветаў

Калі прыйшлі Саветы, мне было 12 гадоў. Памятаю, як яны ўвайшлі ў наш горад. Абадраныя, яны ўехалі на танках, страляючы ўгару з пісталетаў. Спявалі «Кацюшу», паказвалі нямое кіно ў кінатэатрах. І тады ў школе так вучылі пра Бога: адкуль пайшоў чалавек? З курыцы. А курыца? З жука. А жук? З балота… Мой аднакласнік Геранім аднойчы на Вялікдзень быў на Імшы і прапусціў праз гэта школу. Пасля настаўнік у яго пытаецца: ну, што, быў у касцёле? Як, Бога бачыў? А Геранім адказвае: а вы сэрца бачылі?

Такі пачатак быў з бальшавікамі…

Пра паступленне адразу на другі курс семінарыі

Я спрабаваў паступіць у семінарыю ў Рызе пасля 9 класа і пасля 10-га. Але мяне прасілі спачатку атрымаць сярэднюю адукацыю. Я школу скончыў у 1950-м, а семінарыю ў той год якраз і зачынілі…

Тады я пайшоў у радыётэхнікум, дзе правучыўся два гады. Праз пэўны час семінарыя ўсё ж адчынілася, але мяне спачатку не хацелі браць, прасілі скончыць каледж, каб хоць якая спецыяльнасць была. Але я сказаў, што ізноў пасля семінарыю зачыняць і ізноў не паспею (смяецца — заўв. аўт.). Так і паступіў, залічылі адразу на другі курс.

Калі паступаў, мая мама папярэджвала: час неспакойны. Але мне было няважна, у які час ісці.

У Рызе нас прапісвалі толькі на тры месяцы. А без прапіскі ніяк: таму правучышся тры месяцы, пасля паедзеш у іншае месца, пажывеш там нейкі час і вяртаешся зноў на тры месяцы...
Тады ў семінарыі вучылі пяць гадоў. У 1956 годзе я і скончыў семінарыю… Праз два гады пасля семінарыі мяне адправілі ў Ліепаю. Памятаю нават, як да мяне семінарыста на практыку прысылалі. Адтуль я ездзіў у семінарыю спавядаць...

Пра барацьбу з рэлігіяй

Калі ў мяне павінна была быць прыміцыйная святая Імша, не знайшлося касцёла для ўрачыстасцяў.



Касцёл у Плюсах (родная парафія святара — заўв. аўт.) быў разбураны, у святыні захоўвалі хлеб, зерне для жывёл. З былога табэрнакулюма адзін мужчына зладзіў будку для сабакі… Лаўкі былі выкінуты або забраны, камяні ўзяты для будоўлі дамоў. Той мужчына, які ўладкаваў у табэрнакулюме будку для сабакі, пасля загінуў — яму ў аварыі адрэзала галаву…

Два гады я стараўся, каб адрэстаўраваць касцёл у Плюсах. І за сем месяцаў мы гэта здолелі. Знайшоў майстроў для рамонту: уладкавалі амбону, пол…

Памятаю, як я таемна спавядаў у бальніцы, а калі пра мяне данеслі, то ўцякаў, каб не злавілі... Калі вучыў дзяцей рэлігіі, мяне выклікалі з-за гэтага да ўпаўнаважанага.

Пра фару Вітаўта

У мяне і сёння ёсць дакумент аб рашэнні камітэта аб зносе святыні… Жанчына, якая там працавала, казала, што салдаты ставілі міны ва ўсе фундаменты касцёла. Уцалелі толькі рэшткі з унутранага ўбрання святыні, тое, што паспелі схаваць вернікі. Напрыклад, фігура Маці Божай з галоўнага алтара ў сённяшнім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне была ўратавана з фары Вітаўта. Нібыта хацелі пасля адбудаваць фару, але затым ад гэтай ідэі адмовіліся…

Пра семінарыю ў Рызе

З усяго СССР там вучыліся прадстаўнікі шэрагу народнасцяў: украінцы, беларусы, палякі, немцы (з Казахстана), венгры, эстонцы, латышы, літоўцы... У мой час, калі я там выкладаў, у семінарыі вучылася 117 чалавек. Гэта 1988-91 гады.



У гэты час савецкая дзяржава ўжо шмат дзесяцігоддяў будавала камунізм, але вера людзей засталася. І калі паглядзець сёння — усе з тых семінарыстаў засталіся вернымі свайму пакліканню. У часы перабудовы — 31 семінарыст з Украіны, 20 з Беларусі. Ніхто не пакінуў святарства і ўсе працуюць да сёння.

Сёння ўсё па-іншаму. Дух святарства сёння не адчуваецца так яскрава, як тады. У былыя часы некаторыя кандыдаты ажно сем (!) гадоў дабіваліся паступлення ў семінарыю.

Пра імкненне быць святарамі

Мы хацелі быць святарамі, не думалі пра машыны ці іншыя выгады. Некаторыя семінарысты прайшлі і службу ў войску. Бацькі тых, хто сёння вучыцца ў семінарыі, родам з камунізму.

Вельмі хацелася б, каб усе працавалі для славы Божай і сваёй вечнасці. Калі святар не думае пра вечнасць, які ён святар?..
Я стаў святаром і ніколі не пашкадаваў аб гэтым. За час святарства даводзілася бачыць розныя прыклады. Бяда той парафіі, у якой праз святара кіруе яго маці ці сёстры, а ксёндз толькі любіць грошы...

Пра Другі Ватыканскі Сабор

Гэта не было нечакана. Гэтыя змены, прынятыя ў літургіі, адбываліся паступова. Некаторыя змены, праўда, падабаліся не ўсім святарам. Напрыклад, выкарыстанне гатычных арнатаў. Хтосьці лічыў, што апрануў на сябе дыван — сёння пра гэта ўжо ніхто не згадвае (усміхаецца — заўв. аўт.).



Супраціўлення рэформе не было, пакорныя святары былі пакорнымі Богу. Калі б святар вёў сябе неяк па-іншаму, ён згубіў бы свой аўтарытэт. А сёння, куды б ты ні паехаў, паўсюль Імша тая ж самая. Толькі мова іншая. Галоўнае ж, каб было адзінства з Богам.

Пра нацыянальныя мовы ў Касцёле

Святы Павел казаў: дайце людзям тое, што патрэбна. Моўная сітуацыя ў Касцёле ў Беларусі цікавая. Для старэйшага пакалення мова можа быць важнай, таму рэзкае пераключэнне ўсіх вернікаў на адну мову можа прынесці свае наступствы...

У Афрыцы ж ніхто не будзе маліцца па-польску.

Прыгадваю словы адной пажылой парафіянкі пасля Імшы на беларускай мове: я не адчуваю, што памалілася. Мова ў Касцёле — гэта пэўная традыцыя, і трэба проста пачакаць, калі яна пройдзе разам са сваім пакаленнем.

Мова — гэта багацце. Маліліся на лаціне — у касцёлах былі адмысловыя кніжыцы. Але ў любой справе важнае: калі не ведаеш, што ды як, – не ламай.

Гэта асабліва важна для святароў: калі прыйдзеш, агледзься першы час – пачакай год, не змяняй парадкаў адразу. Пройдзе час, агледзішся, тады рабі нейкія змяненні.

Святар-пенсіянер

З 1999 года я жыву ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (мкр-н Паўднёвы), куды мяне запрасіў кс. Ян Раманчук, калі, працуючы ў парафіі ў Каменцы, я захварэў.



Як і ўсе пажылыя людзі, я атрымліваю пенсію. Аднак лекі вельмі дарагія. Мне ўжо шмат гадоў, і я спадзяюся, што добры Бог ведае, што для мяне насамрэч патрэбна.

Што датычыць асабістага жыцця пенсіянера, то, хоць я і ксёндз, але ўжо знаходжуся на абочыне, як і ўсе пажылыя людзі. Бы той сцёрты часам гліняны гаршчок, які ў вёсцы хаваюць пад прыпечкам. Пакуль святароў-пенсіянераў у нас мала, аднак пройдзе час, і іх будзе шмат. Чаго сёння сапраўды бракуе – гэта арганізаванай малітвы аб пакліканнях да святарства. Бо аб пакліканні трэба маліцца Богу, да гэтага нас і заклікае Хрыстус...

Запісаў Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.