Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Раман Генрыка Сянкевіча «Quo vadis» упершыню гучыць у эфіры Ватыканскага радыё па-беларуску
Беларусь
29.01.2016 10:10

Урыўкі з кнігі польскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Генрыка Сянкевіча, у перакладзе на беларускую мову гучаць у эфіры беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кожны панядзелак у рубрыцы «Літаратурная старонка».

Беларускі пераклад

Знакаміты раман «Quo vadis» (Куды ідзеш) у 1956 годзе на беларускую лацінку пераклаў адзін са стваральнікаў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё ксёндз Пётр Татарыновіч. Пазней яго версію перавыдалі ў беларускай кірыліцы.

Сёння гэты раман у эфіры Ватыканскага радыё агучвае дыктар Першага канала Беларускага радыё акцёр Алег Вінярскі, які таксама займаецца і адаптацыяй тэксту да сучаснай беларускай мовы.



«Я працую з кірылічным тэкстам і вельмі цешуся, што ў ім захаваліся ўсе лацінізмы і паланізмы, якія пакідаў перакладчык ксёндз Татарыновіч. Гэта захоўвае атмасферу арыгінала, — прызнаецца ў размове з Catholic.by Алег Вінярскі. — Аднак гэты тэкст разлічаны больш для чытання сам-насам — вачыма. Для таго, каб яго агучыць, патрэбна пэўная рэдактарская праца».

Алег Вінярскі прызнаўся, што сэнс некаторых слоў пры падрыхтоўцы матэрыяла яму даводзілася спраўджваць у слоўніках.

«Я не рэдактар і не філолаг, але быў вельмі зацікаўлены, каб тэкст загучаў добра на слых, не страціўшы свой смак, але адначасова быў набліжаны да нашага сучаснага чалавека і быў яму зразумелым», — адзначае ён.

 Адкрыць у новым акне Download (2Мб)

 Адкрыць у новым акне Download (2Мб)


Жанр аўдыёкнігі

На сёння ў эфіры ўжо прагучала дзевяць ўрыўкаў з кнігі Сянкевіча. Сам дыктар называе сваю працу над агучваннем рамана — фарматам, набліжаным да аўдыёкнігі.

Праца над раманам «Quo vadis» стала працягам супрацоўніцтва беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё з акцёрам Алегам Вінярскім, якая пачалася ў лістападзе 2014 года з агучвання «Кветачак св. Францішка».


фота Віталія Палінеўскага

«У хрысціянскай тэматыцы я ўжо не навічок, — працягвае Алег Вінярскі. — На Беларускім радыё ў свой час я агучваў тэксты чатырох Евангелляў на рускай мове па замове Беларускага Экзархату. Таксама я працаваў над шэрагам матэрыялаў хрысціянскай тэматыкі. Дзякуючы працы з Юрыем Гарулёвым і агучванню фільмаў для “Magnificat”, я назапасіў пэўны вопыт і ў тэме каталіцтва».

Дыктар дадае, што агучванне «Кветачак» святога Францішка Асізскага шмат у чым паўплывала на знаёмства з асобай святога. «Трэба было знайсці эквівалент голасу для св. Францішка, над запісам тэксту мы працавалі амаль год. Я атрымаў вялікую карысць, паглыбляючыся ў змест твораў і спасцігаючы біяграфію святога».

«Слухачы любяць дыктара Вінярскага»

«З прыходам Алега Вінярскага наша “Літаратурная старонка” атрымала новае дыханне, — адзначыў у каментарыі для Catholic.by кіраўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня. — Гэта адчуваем і мы, як калектыў, і нашы пастаянныя слухачы, якія накіроўваюць водгукі, шматлікія і вельмі станоўчыя. Ведаю таксама, што многія пачалі слухаць “Літаратурную старонку”, калі яе пачаў весці менавіта Алег, — і святары, і вернікі, прычым не толькі католікі, і не заўсёды толькі веруючыя».

Паводле слоў кс. Аляксандра Амяльчэні, голас Алега Вінярскага і манера яго падачы вельмі беларускія — лагодна кладуцца на вуха, дакранаючыся душы слухача.

«Мне здаецца, католікі любяць Вінярскага асабліва, таму што і яго голас, і манера падачы вельмі арганічна ўпісваюцца ў рэлігійны матэрыял — суіснуюць вельмі арганічна, — лічыць кс. Аляксандр. — Таму я, як кіраўнік беларускай рэдакцыі, вельмі цаню наша супрацоўніцтва. Спадзяюся, што і для Алега досвед працы з рэлігійным матэрыялам вельмі карысны».


Карціна італьянскага мастака Анібале Карачы «Domine, quo vadis?» 

Запіс працягнецца больш за год

Кніга пераносіць чытачоў у Рымскую імперыю ў часы імператара Нерона. У творы паказваецца жыццё першых хрысціян рымскай супольнасці і першыя ганенні хрысціян у Рымскай імперыі, пад якія трапляюць таксама апосталы Пётр і Павел. Раман перакладаўся больш чым на 50 моў свету, у тым ліку на арабскую і японскую.

Запіс беларускай аўдыёверсіі «Quo vadis» яшчэ не скончаны. Паводле слоў Алега Вінярскага, пакуль запісана толькі шэсць частак з 75.

«З улікам таго, што выдаткаваны эфірны час займае толькі дзесяць хвілін, мяркую, што праца расцягнецца не на адзін год, — дадае акцёр. — Але чытаць Сянкевіча па-беларуску было маёй марай. Пераклад ксяндза Татарыновіча гучыць не горш за арыгінал — святар зрабіў сапраўдны подзвіг. Я вельмі рады, што наша мова гарманічна ўліваецца ў моўнае багацце радыёэфіру Ватыкана, дзе ўпершыню па-беларуску гучыць і гэты вялікі твор!»

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.