Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС з Беларусі сустрэліся з Папам Францішкам
Беларусь
20.04.2016 12:08

20 красавіка ў агульнай аўдыенцыі Папы Францішка прынялі ўдзел ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС з Беларусі і Украіны, агульнай колькасцю каля 50 чалавек. З Беларусі сярод іх прыбылі ў Ватыкан восем чалавек разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

У гэтым годзе адзначаецца 30-годдзе Чарнобыльскай катастрофы, і візіт ліквідатараў у Рым прымеркаваны да гэтай даты.

«Вітаю пілігрымаў, якія прыбылі з Украіны і Беларусі ў рамках міжнароднай канферэнцыі з нагоды 30-годдзя трагедыі ў Чарнобылі. Зноў узносячы малітвы за ахвяр гэтай катастрофы, выказваем нашу ўдзячнасць ратаўнікам і прызнанне за ўсе ініцыятывы, пакліканыя аблегчыць пакуты і выправіць прычыненую шкоду. Хрыстус уваскрос!» — сказаў Святы Айцец, словы якога прыводзіць беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.


На заканчэнне Папа падышоў да групы ліквідатараў і сфатаграфаваўся з імі. Таксама Пантыфік папрасіў іх маліцца за яго.

Званочак як сімвал

Беларускія ліквідатары перадалі Святому Айцу чарнобыльскі званочак, які з'яўляецца сімвалам Мінскага фонда дапамогі ахвярам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС «26 красавіка». На званочку з аднаго боку знаходзіцца цень чалавека на белай сцяне, як сімвал таго, што застаецца ад чалавека пасля згубнага дзеяння радыяцыі. На другім баку эмблема фонда – лічба 26.


Ліквідатары выказалі пры гэтым надзею, што слабы голас званочка дасць імпульс набату, які ў Каталіцкім Касцёле будзе гучаць па ўсім свеце як напамін аб Чарнобыльскай катастрофе. Таксама яны перадалі Пантыфіку мапу забруджаных тэрыторый Беларусі, якую зрабілі самі. 

(DN), (AG), (MV)
Фота Гжэгажа Галонзкі

  • Гісторыю Людмілы Кузьміной — ліквідатара з Беларусі, якая ўдзельнічала ў сустрэчы з Папам, можна прачытаць па спасылцы. 
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.