Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Віцэ-прэм'ер Наталля Качанава падчас сустрэчы з папскім легатам кардыналам Шонбарнам: «Ватыкан для Беларусі — асаблівы партнёр у міжнародных адносінах»
Беларусь
01.07.2016 16:32

1 ліпеня адбылася сустрэча намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Наталлі Качанавай з папскім легатам на ўрачыстасці ў Будславе кардыналам Крыстафам Шонбарнам OP. На сустрэчы, якая прайшла ў Савеце Міністраў Беларусі, прысутнічаў таксама Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.

«Ватыкан для нас — асаблівы партнёр у міжнародных адносінах», — адзначыла Наталля Качанава. Паводле яе слоў, у Беларусі робіцца ўсё неабходнае для стварэння спрыяльных умоў для вернікаў усіх канфесій.

«Вялікую працу з парафіянамі праводзіць Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і асабіста Мітрапаліт Кандрусевіч», — заявіла віцэ-прэм’ер.

Паводле яе слоў, Рыма-Каталіцкі Касцёл сёння займае актыўную пазіцыю ў міжканфесійным дыялогу, што было таксама адзначана падчас сустрэчы з Папам Рымскім Францішкам у межах нядаўняга візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан.



Беларусь зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Ватыканам у розных сферах — культуры, адукацыі, навуцы:

«Для нас важна, што ў музеях Ватыкана ў маі-ліпені 2016 года прайшла выстаўка “Іканапіс Беларусі XVII–XXI стст. з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, — працягнула Наталля Качанава. — У сваю чаргу запрашаем ватыканскі бок наведаць у верасні-кастрычніку 2016 года выстаўку праваслаўных і каталіцкіх ікон, якая пройдзе ў Мінску».

Таксама, дадала віцэ-прэм’ер, Беларусь падтрымлівае аб’яўленне Папам Францішкам 2016 года Годам Міласэрнасці.

«Гэта важна для кожнай краіны. Міласэрнасць, суперажыванне, любоў да бліжніх — гэта тыя ісціны, якія павінны быць у кожнага народа, у чалавека любога веравызнання», — выказала перакананне Наталля Качанава.



Па словах намесніка прэм’ер-міністра, адраджэнне лепшых духоўных традыцый беларускага народа цесна звязана з захаваннем і ўзнаўленнем хрысціянскіх святыняў, і сёлетнія ўрачыстасці, якія прымеркаваны да святкавання найбольш шануемага каталіцкімі вернікамі Беларусі абраза Маці Божай Будслаўскай, дазваляюць дакрануцца да святыняў глыбокай гісторыі.

Ад імя ўраду Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста Наталля Качанава выказала словы ўдзячнасці ў адрас Рыма-Каталіцкага Касцёла за міралюбівую палітыку, якая праводзіцца.



У сваю чаргу кардынал Крыстаф Шонбарн OP падзякаваў Наталлі Качанавай за цёплы прыём. Папскі легат звярнуў увагу на ролю ўраду ў стварэнні ўмоў для мірнага суіснавання прадстаўнікоў розных рэлігій і канфесій. «Рады бачыць, што развіццё міжканфесійнага дыялогу ў вашай краіне праходзіць у добрым рэчышчы», — сказаў іерарх.


Таксама кардынал Крыстаф Шонбарн адзначыў значнасць Беларусі ў пытаннях урэгулявання крызісу ва Украіне. «Папа Францішак робіць усё магчымае, каб узнавіць мір ва Украіне, — падкрэсліў пасланнік Святога Айца. — Беларусь можа адыграць вельмі важную ролю ў гэтым працэсе».

(IL) паводле матэрыялаў сайта Савета Міністраў Беларусі,
фота з сайта Савета Міністраў і Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.