Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Міністэрства культуры абвергла інфармацыю па рэстаўрацыі касцёла ў Мсціславе па праграме COMUS
Беларусь
01.03.2017 16:17

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе не будзе рэстаўравацца на сродкі Еўрапейскага Саюза па праграме COMUS.


Старажытны Мсціслаў. Фота Wikimedia Commons (c)

Пра гэта ў размове з журналістам Catholic.by распавяла Наталля Хвір, начальнік аддзела Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры.

Наталля Хвір з’яўляецца нацыянальным каардынатарам праекта COMUS ад Беларусі.

«Інфармацыя пра рэстаўрацыю касцёла ў Мсціславе Еўрапейскім саюзам не адпавядае рэчаіснасці. Мсціслаў сапраўды з’яўляецца пілотным горадам гэтай праграмы, але грашовыя сродкі прадугледжаны на тэхнічную падтрымку праекта і не будуць накіраваны на рэстаўрацыю святыні», — патлумачыла спецыяліст.

Што такое COMUS?

COMUS — праграма, распрацаваная Еўрапейскім саюзам і Радай Еўропы і падтрымлівае ўдзел грамадства ў аднаўленні гістарычных гарадоў. У праекце прымаюць удзел пяць краін — Арменія, Грузія, Малдова, Украіна і Беларусь. Наша краіна далучылася да праграмы ў 2015 годзе
.

Catholic.by пагутарыў таксама з праектным менеджарам COMUS па Беларусі Алай Сташкевіч, якая ўзначальвае аддзел навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Інстытуце культуры пры Міністэрстве культуры Беларусі.



Паводле яе слоў, задача COMUS — распрацаваць план кіравання культурнай спадчынай Мсціслава. Іншымі словамі, падрыхтаваць «пашпарт» тых культурных аб’ектаў горада, якія маюць патэнцыял.

Як COMUS звязаны з рэстаўрацыяй будынкаў?

«Рэстаўраваць аб’ект толькі для рэстаўрацыі не рэнтабельна. Важна, каб аб’ект прыносіў карысць. Гэта значыць, што той ці іншы гістарычны аб’ект, захоўваючы сваю каштоўнасць, можа быць выкарыстаны ў іншых мэтах.

Аб’ектаў, з якімі можна працаваць, у Мсціславе хапае. Але на абмеркаванне мы вынеслі пяць найбольш прыярытэтных з іх».

У іх лік увайшлі наступныя праекты:

  • рэстаўрацыя касцёла і ўнікальных фрэсак XVII ст., ландшафтны дызайн
  • рэстаўрацыя будынка былога езуіцкага калегіума для патрэбаў горада
  • стварэнне рэсурснага цэнтра для патрэбаў горада
  • аднаўленне гатэлю «Эрмітаж» і адкрыццё ў ім сучаснага гатэлю
  • аднаўленне будынка былой мужчынскай гімназіі і стварэнне ў ім «народнай школы»

Паводле слоў Алы Сташкевіч, да канца сакавіка будзе падрыхтавана тэхнічнае абгрунтаванне на кожны з гэтых пяці аб’ектаў.

«Наша задача — не рэстаўраваць аб’екты, а падрыхтаваць дакументацыю для гэтых мэтаў. Як будзе рэалізаваны праект — гэта кампетэнцыя муніцыпалітэта: горад павінен сам вырашыць, дзе і як шукаць інвестараў, каб рэалізаваць праект».
Пры чым тут касцёл у Мсціславе?

«Кожны з гэтых пяці “прыярытэтаў” патрабуе інвестыцый. Але працаваць мы будзем толькі з двума, рыхтуючы іх на інвеставанне. І праект па рэстаўрацыі касцёла сюды не ўвайшоў», — заявіла праектны менеджар COMUS.

Ала Сташкевіч дадала, што выбар быў спынены на праектах па аднаўленні будынкаў гімназіі і калегіума.


На фота: будынак езуіцкага калегіума

«У адноўленай гімназіі можна будзе ўладкаваць “народную школу”, дзе будуць працаваць розныя гурткі, курсы і адукацыйныя праекты, у тым ліку для сем’яў.  Праект, звязаны з аднаўленнем былога езуіцкага калегіума прывабны тым, што ў ім можна уладкаваць арт- і бізнес-прастору, паралельна размясціўшы там хостэл, а таксама бізнес-інкубатары і розныя развівальныя студыі».

Паводле слоў Алы Сташкевіч, праект касцёла ўсё ж мае шансы на поспех, але толькі пры падтрымцы дзяржавы.

«На праект касцёла трэба прасіць дзяржаўнае фінансаванне, — упэўнена Сташкевіч. — Калі інвестар убачыць, што частку праекта на сябе ўжо ўзяла дзяржава, гэта дасць яму гарантыі. Напрыклад, Ватыкану. Пакуль жа мы плануем прадставіць праект касцёла на інвеставанне дзяржаве. Калі Міністэрства культуры ўключыць аб’ект у свой план, справа ўжо зрушыць з месца і касцёл атрымае першыя датацыі».

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.