Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Я вучуся ў яго»
06.11.2008 16:51

Конкурс «Ян Павел ІІ змяняе маё жыццё»
2 месца

«Я вучуся ў яго» (Байко Яна, парафія Святога Апостала Андрэя ў в. Нарач)

Я выхоўваюся ў каталіцкай сям’і. Імя Яна Паўла II упершыню пачула даволі рана. Але доўгі час ведала пра яго толькі тое, што гэта «галоўны католік». Мне было 11 гадоў, калі Вялікі Папа адышоў з гэтага свету. Тэлебачанне вяло рэпартажы з Ватыкана ў апошнія гадзіны жыцця Яна Паўла II і ў час пахавання. Я памятаю, наколькі моцным было ўражанне ад убачанага. Хто такі гэты чалавек? Чаму тысячы людзей сабраліся на плошчы перад базылікай святога Пятра? Яны плакалі, маліліся... Чаму мільёны людзей ва ўсім свеце так перажывалі смерць гэтага чалавека? Прадстаўнікі розных народаў і расаў, багатыя і бедныя, старыя і маладыя?.. Якую ўладу над людзьмі меў гэты чалавек? Мне захацелася даведацца пра яго больш. Я ўдзячна сваёй бабулі, якая дала мне кнігу пра жыццё і духоўную дзейнасць Яна Паўла II. Так я пачала адкрываць для сябе Чалавека і Святара — Караля Вайтылу і Папу Яна Паўла II, хоць на пачатку разумела не ўсё. Мне і цяпер яшчэ цяжка асэнсаваць усю значнасць і веліч гэтай асобы. Адно магу сказаць: Ян Павел II, якога я для сябе адкрываю, уплывае і на маё жыццё.

Я вучуся ў яго любві да Бога.
Уражвае, што вера чалавека ў Бога можа быць такой моцнай і самаадданай. Што дзеля служэння Богу чалавек можа адмовіцца ад многіх, такіх прывабных, зямных радасцей.

Я вучуся ў яго любві да людзей.
Колькі чуласці, спагадлівасці, увагі да чалавека! Самыя розныя людзі з удзячнасцю ўспамінаюць, як ім дапамог Ян Павел II. Каму — справай, каму — словам, каму — добрым прыкладам. Да апошніх дзён свайго жыцця, узняўшыся так высока, з самым простым чалавекам ён трымаўся, як з роўным. А колькі намаганняў прыклаў Ян Павел II, каб больш міру было ў нашым неспакойным свеце.

Я вучуся ў яго мужнасці і цярпялівасці.
Мужнасць трэба было мець, каб знесці нягоды ваеннага ліхалецця, гітлераўскую акупацыю, каб застацца верным сваім перакананням у камуністычныя часы. А як годна і церпяліва пераносіў ён старасць і цяжкую хваробу. Я думаю, што для многіх, нават невылечна хворых, ён быў прыкладам.

Я вучуся ў яго ўменню дараваць.
Сорамна становіцца за мае крыўды на бацькоў ці сяброў, калі я чытаю, як Ян Павел II прыйшоў у турму, каб дараваць чалавеку, які хацеў яго забіць.

Я вучуся ў яго павазе да іншых народаў.
Кожны раз падчас супольнай малітвы Ян Павел II звяртаўся да вернікаў на іх роднай мове. Думаецца, што многія беларусы больш сталі шанаваць сваю мову, пачуўшы яе з вуснаў Папы.
Шкада, што пры жыцці Ян Павел II так і не змог прыехаць у Беларусь, дзе яго вельмі чакалі. Я рада, што ў нашай парафіі зусім нядаўна адбылася такая важная падзея — быў устаноўлены помнік Яну Паўлу II.

...Вялікае шчасце, што ў наша жыццё час ад часу прыходзяць такія Людзі. Я думаю, гэта Пан Бог паказвае шлях, якім нам трэба ісці.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.