Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ян Павел II змяняе маё жыццё
06.11.2008 17:00

Конкурс «Ян Павел ІІ змяняе маё жыццё» 

«Ян Павел II змяняе маё жыццё» (Стаціна Грэта, парафія Святога Апостала Андрэя ў в. Нарач)


Вось ужо пятнаццаць год, як я жыву на гэтым цудоўным свеце. У маім жыцці сустракаліся як здарэнні добрыя, так і не вельмі. Але менавіта цяпер мне хацелася паведаміць пра шлях, які я ўжо выбрала для сябе.

Гэтым летам мне зноў выдалася магчымасть з’ездзіць у Польшчу. Вандроўка па розных краінах, увогуле, справа цікавая і захапляльная. Зразумела, часам не ўсе атрымліваецца, як мы хочам. Але я не магла нават прадбачыць, што гэта паездка зменіць мае жыцце, мае думкі і погляды.
На пачатку ўсе адбывалася так, як і заўседы. Шмат новых сяброў, знаемых, прыемныя ўражанні. Кожны дзень мы прыходзілі да касцела. Я таксама прыходзіла. Укленчыўшы, зрабіўшы знак крыжа, я пачынала адгаворваць ужо знаёмыя мне з маленства малітвы і заўседы прасіла аб дапамозе. Напэўна, на той час гэта для мяне з’яўлялася галоўным. З дня ў дзень усе так і працягвалася, пакуль аднойчы я не трапіла на чарговую святую Імшу, дзе ксендз пачаў гаварыць пропаведзь.

Але гэта была не проста пропаведзь. Святар апавядаў пра жыцце Яна Паўла II. Трэба было бачыць яго радасны твар. Гэты настрой імкліва перадаўся ўсім. I, здавалася, у касцёле не было ніводнага чалавека, які б абыякава аднёсся да гэтай прамовы. А даведалася я вось пра што.
Калі Караль Вайтыла быў маленькім, раптоўна памерла яго маці. У хлопчыка засталіся толькі бацька ды брат. Бацька разумеў, у якім стане знаходзіўся маленькі Караль.Тады ён завеў свайго сына ў касцел і, паказаўшы на абраз Маці Божай, сказаў такія словы: «Вось, цяпер гэта твая маці!» Гэтыя словы вельмі закранулі душу будучага Папы Яна Паўла II. Вобраз Маці Божай, Маці-Апякункі, ён пранёс праз усе жыццё.

З таго часу хлопчык пачаў часта прыходзіць у касцел, дзе ён мог убачыць сваю маці — Маці Божую.

Калі праз тры гады памёр яго брат, а неўзабаве і бацька, Караль застаўся сіратой. Дзякуючы дапамозе сяброў і знаёмых, яму ўдалося перажыць гэтыя цяжкія моманты свайго жыцця. З таго часу Караль шмат працаваў і шмат пісаў. А далей з’явілася жаданне вывучаць тэалогію.
Ужо будучы Папам, Ян Павел II наведаў многія краіны. Ён з вялікім жаданнем удзельнічаў у сустрэчах з моладдзю, бо лічыў, што моладзь — будучыня чалавецтва. Таксама прыходзіў да жабракоў не таму, што было цікава, а таму, што сапраўды іх любіў.

Жыццё прынесла яму яшчэ адно выпрабаванне. Калі ў выніку замаху на яго жыцце ён быў цяжка паранены, Ян Павел II лічыў, што рука Маці Божай уратавала тады яго ад смерці. I Вялікі Папа прабачыў таму чалавеку яго ўчынак, бо Ян Павел II быў, як Езус, міласэрны і добры.
Ходзячы па кірмашы ў Польшчы, я доўга не магла знайсці што-небудзь адметнае, каб прывесці дамоў. Не ведаю чаму, мяне пацягнула ў магазін, дзе прадавалі абразы. Мяне сустрэла дзіўная ўсмешка на фотаздымку. Гэта быў ён! Я адразу яго пазнала. Мая рука сама пацягнулася да абраза, які зараз стаіць у маім пакоі. Таму ў мяне заусёды ёсць магчымасць звярнуцца за дапамогай да гэтага Вялікага Чалавека.

Безумоўна, я яшчэ не так многа ведаю пра славутага Папу. Але, напэўна, нават Ян Павел II не змог бы расказаць пра сябе ўсё. Па-гэтаму, усё ведаць немагчыма. Я яшчэ толькі пачынаю адчыняць дзверы Хрысту і вучуся прабачаць, што таксама не проста.

У кожным слове Яна Паўла II заключаецца вялікі сэнс. Цяпер я, нарэшце, разумею, чаму яго лічаць святым!

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.