Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускія пілігрымы на Святой Зямлі. Дзень першы
Беларусь
17.04.2010 19:20

15 красавіка 2010 г. у 23.40 група пілігрымаў з Беларусі прызямлілася ў Нацыянальным аэрапорце Ізраіля імя Бэна-Гурыёна. Праз дзве гадзіны пілігрымы апынуліся ў гасцінных сценах кібуца «Мізра», што ў Галілеі. Група накіравалася менавіта сюды, каб раніцай распачаць падарожжа па святым мясцінам згодна з Евангеллем — бо ўсё пачалося менавіта ў Галілеі.

У пятніцу раніцай група душпастыраў і вернікаў з Беларусі  накіравалася ў Назарэт — месца, дзе Божая воля стала воляй чалавека, а Божае Слова набыло чалавечую натуру: «А Слова сталася целам». Спачатку — храм святога арханёла Габрыэля і крыніца Найсвяцейшай Багародзіцы, пасля — базыліка Звеставання. Тут, каля сцен дома Святой Сям’і, асаблівым чынам перажываецца Эўхарыстыя, а словы Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пра неабходасць прыняцця Божай волі набываюць большую моц. Бо тут да гэтай пары рэхам адбіваецца «Так», якое некалі Богу адказала Марыя. Тут мы ўзносілі малітву за ўсе сем’і Беларусі.

Тэма сям’і атрымала свой працяг у Кане Галілейскай: у месцы, дзе Хрыстус асвяціў сваёй прысутнасцю сужэнскі саюз, тры сужэнствы, якія ўдзельнічаюць у пілігрымцы, аднавілі перад арцыпастырам сужэнскую прысягу. Ізноў узносілася малітва за сем’і, ізноў скіроўвалася просьба аб благаслаўленні беларускім сужэнствам.

Гара Кармэль, што ў перакладзе на беларускую мову азначае «Божы вінаграднік» — наступны пункт пятніцы. Тут, каля пячоры прарока Іллі, пілігрымы просяць, каб і на нашай зямлі была магчымай дзейснасць кантэмпляцыйных ордэнаў — супольнасцяў, якія ўсё сваё жыццё прысвячаюць малітве, ствараючы малітоўны фундамент жыцця і працы  мясцовага Касцёла.

Пасля насычанага і светлага дня ізноў у кібуц, дзе будзем набірацца сіл на заўтрашні дзень.

Кс. Уладзімір Русак

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.