Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачысты прыём у другую гадавіну абрання Папы Францішка і ў межах візіту Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці адбыўся ў Мінску
Беларусь
13.03.2015 23:08

13 сакавіка ў Мінску прайшоў урачысты прыём у другую гадавіну абрання Папы Францішка на Святы Пасад і ў межах візіту ў Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці кардынала П’етро Параліна.

На прыёме, арганізаваным Апостальскай Нунцыятурай у Мінску, прысутнічалі высокія госці — прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў, Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей, намеснік Міністра замежных спраў Алена Купчына, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і іншыя важныя асобы.

На пачатку прагучалі дзяржаўныя гімны Рэспублікі Беларусь і Ватыкана.

Сабраных прывітаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«Сёння мы адзначаем другую гадавіну абрання Рымскім Пантыфікам Яго Святасці Папы Францішка. Ён як быццам знаходзіцца цяпер сярод нас дзякуючы прысутнасці свайго Дзяржаўнага Сакратара Яго Эмінэнцыі кардынала П’етро Параліна, які з афіцыйным візітам наведвае Рэспубліку Беларусь», — сказаў Апостальскі Нунцый. Арцыбіскуп дадаў, што перад гэтым Дзяржаўны Сакратар асвяціў вуглавы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры — «той самай Нунцыятуры, якая імкнецца данесці таксама ў гэтую краіну агульнапрызнаны маральны аўтарытэт Папства і Папы Францішка ў прыватнасці».


«Папа просіць нас быць увасабленнем закліку да міру ва ўсім свеце»

«Папа просіць нас быць увасабленнем нязмоўкнага закліку да міру ва ўсім свеце. Мэта нашых намаганняў таксама ў тым, каб спрыяць поўнаму прызнанню ўнёску Рэспублікі Беларусь з яе гісторыяй і культурай. Гэта ўнёсак, на які яна мае поўнае права, — звярнуў увагу Апостальскі Нунцый. — Для дасягнення гэтай мэты неабходна весці дыялог з іншымі народамі і культурамі, каб кожны чалавек мог узбагаціцца і атрымаць імпульс, што скіруе ягоныя крокі да міру, да адстойвання штораз большай справядлівасці і свабоды, а таксама да безумоўнай пашаны да годнасці ўсіх партнёраў у гэтым працэсе».

«У гэтым дыялогу дзеля міру павінны ўдзельнічаць усе веравызнанні, таму што там, дзе ствараюцца падзелы, наносіцца абраза годнасці Бога, якога ўшаноўваюць усе рэлігіі. Такія намаганні асаблівым чынам неабходныя паслядоўнікам Езуса Хрыста. Падзеі ў блізкай і дарагой нам Украіне зрабілі гэтую агульную мэту пільнай патрэбай», — падкрэсліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.


«Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў поўнай меры спрыяе гэтаму дыялогу дзеля міру»

Па словах арцыбіскупа, «Каталіцкі Касцёл у Беларусі свядома і ў поўнай меры спрыяе гэтаму дыялогу дзеля міру»; «Касцёл прысутнічае ў гэтым рэгіёне на працягу многіх стагоддзяў з поўным правам лічыцца неад’емнай часткай мясцовага грамадства», «спрычыніўся і хоча надалей спрыяць шчасцю кожнага беларуса паасобку і ўсяго беларускага народа ў цэлым».

«Ваша Эмінэнцыя, сардэчна вітаю Вас на гэтай зямлі сведкаў Хрыстовых пакутаў, — сказаў Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да кардынала П’етро Параліна. — Дзякуй Вам за тое, што Вы згадзіліся быць пілігрымам любові на гэтай зямлі, прасякнутай крывёю на працягу стагоддзяў, але якая прагне паўнаты супакою, што бярэ свой пачатак ва ўшанаванні годнасці кожнага чалавека і ў мірнай будучыні. Шчыра жадаем поспехаў у выкананні Вашай місіі і просім перадаць Яго Святасці Папу Францішку нашу падзяку і запэўненне ў гатоўнасці супрацоўніцтва, а таксама абяцанне маліцца за яго і за добры плён ягонага служэння».

Поўны тэкст прамовы Апостальскага Нунцыя>>>


«Прыязнасць у адносінах да беларускага народа, блізкасць, салідарнасць»

Дзяржаўны Сакратар Папы, звяртаючыся да сабраных, сказаў: «Я вельмі рады быць госцем на беларускай зямлі і хачу выказаць сваю ўдзячнасць прадстаўнікам дзяржаўнай улады за запрашэнне». Кардынал перадаў прысутным сардэчнае прывітанне і благаслаўленне Святога Айца.

Кажучы пра асвячэнне вуглавога каменя новага будынка Апостальскай Нунцыятуры, іерарх сказаў: «Калі мы будуем дом, мы тым самым праяўляем намер пасяліцца на гэтай зямлі, сярод гэтага народа. Менавіта гэта Святы Пасад хацеў бы выразіць сёння: прыязнасць у адносінах да беларускага народа, блізкасць, удзел у яго гісторыі, напоўненай чалавечай доблесцю і верай, салідарнасць у пакутах мінулага і падтрымку ў яго надзеях на мірную і добрую будучыню, асабліва для моладзі».

«Дыпламатыя Святога Пасаду служыць усім тым шматлікім Абэлям, якіх працягваюць забіваць разнастайныя Каіны гэтага свету. Яна нагадвае кожнаму пра тое, што Бог на баку Абэля і што клопат пра іншых — гэта наш абавязак. Вуглавы камень будынку Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі з’яўляецца сімвалам гэтага абавязку», — адзначыў кардынал.

Па словах Дзяржаўнага Сакратара, «Святы Пасад будзе і ў далейшым прыкладаць усе намаганні, каб забяспечыць павагу і гарантыю годнасці, свабоды і сапраўдных правоў кожнага асобнага чалавека і ўсяго народа ў краіне і за яе межамі».


«Святы Пасад высока ацэньвае намаганні беларускіх уладаў пакласці канец канфлікту ва Украіне»

Дзяржаўны Сакратар дадаў, што Каталіцкі Касцёл «унёс і працягвае ўносіць не толькі тэарэтычны, але і канкрэтны ўклад, дзень за днём ажыццяўляючы служэнне гэтаму народу і дапамагаючы яму будаваць сваю будучыню». «Папа выражае, у прыватнасці і гэтым маім візітам, сваю велізарную ўдзячнасць каталіцкай супольнасці за яе ролю ў гісторыі, у маральным і грамадзянскім узрастанні беларускага народа», — сказаў кардынал.

Дзяржаўны Сакратар звярнуў увагу, што «пакуты суседняй Украіны, так цесна і адчувальна звязанай роднаснымі і гістарычнымі сувязямі з беларускім народам, — гэта наглядны напамін аб жахах вайны і аб тым, што калі мір звесці толькі да крохкай раўнавагі матэрыяльных інтарэсаў, гэта можа раптоўна прывесці да найбольш жорсткага і бесчалавечнага насілля». «Святы Пасад высока ацэньвае намаганні беларускіх уладаў пакласці канец гэтаму канфлікту, каб прадухіліць яшчэ больш трагічныя наступствы», — падкрэсліў кардынал.

Поўны тэкст прамовы Дзяржаўнага Сакратара>>>

Іерарх перадаў сабраным «найлепшыя пажаданні Беларусі» і выказаў надзею, што «ўвесь свет, пакліканы ўзбагаціцца культурным, маральным і духоўным здабыткам гэтай краіны, падтрымае яе ўпэўненыя намаганні, накіраваныя на ўмацаванне годнасці кожнай чалавечай асобы і ўсяго народа ў цэлым».


«Дзейнасць Святога Пасаду
— найлепшы прыклад самаадданага служэння людзям»

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў ад імя ўраду Рэспублікі Беларусь і ад сябе асабіста сардэчна прывітаў усіх прысутных з нагоды другой гадавіны Пантыфікату Папы Францішка і візіту ў Беларусь кардынала П’етро Параліна. «Плённая дзейнасць Святога Пасаду, якая накіравана на распаўсюджванне ідэалу хрысціянства, ідэй чалавекалюбства, справядлівасці, дабра і міласэрнасці ва ўсім свеце, з’яўляецца найлепшым прыкладам самаадданага служэння людзям», — сказаў прэм’ер-міністр.

«У Беларусі высока ацэньваюць духоўную місію Касцёла па захаванні агульначалавечых каштоўнасцяў у грамадзянскай свядомасці, — дадаў Андрэй Кабякоў. — Мы вельмі ўдзячныя Яго Святасці за асабістую ўвагу да развіцця супрацоўніцтва з нашай краінай і добрае стаўленне да незалежнай беларускай дзяржавы».


«Ватыкан для Беларусі – правераны партнёр»

«У нашых краінах практычна аднолькава ставяцца да пытанняў забеспячэння міру і павагі паміж народамі, раўнапраўя дзяржаў, умацавання міжканфесійнай згоды, — сказаў прэм’ер-міністр. — Вельмі блізкім і зразумелым для беларускага народа з’яўляецца і падыход Святога Пасаду да вырашэння такіх актуальных праблем сучаснага грамадства, як сацыяльная несправядлівасць, барацьба з беднасцю, гандаль людзьмі». «Ватыкан для Беларусі — правераны партнёр, як у двухбаковых адносінах, так і ва ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер-міністр выказаў надзею на пашырэнне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Святым Пасадам ва ўсіх сферах і перадаў Папу Францішку пажаданні моцнага здароўя і далейшых поспехаў у выкананні адказнай апостальскай місіі.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.