Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дадзены старт XIV Звычайнаму пасяджэнню Сiнода Бiскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце» (+фотарэпартаж)
Беларусь
04.10.2015 16:43

Ранiцай 4 кастрычнiка Папа Францiшак узначаліў у базылiцы св. Пятра ў Ватыкане святую Iмшу, якая стала пачаткам Сінода Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце». Разам з Пантыфікам Імшу канцэлебравалi Айцы Сiнода. У Сінодзе ўдзельнічае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Напярэдаднi вечарам на плошчы св. Пятра ў Ватыкане адбылося малiтоўнае чуванне з удзелам Святога Айца ў iнтэнцыi Сiнода. У чуванні, арганiзаваным італьянскiм епiскапатам, прынялi ўдзел тысячы вернiкаў. Малiтвы i спевы перапляталiся катэхезамi Пантыфіка на тэму сям’і. Сведчаннем падзялiлiся бацькi i дзецi.

Папа ў сваiм звароце да вернiкаў назваў сям’ю святлом у цемры сучаснага свету, а прыкладам – Святую Сям’ю. Па словах Пантыфіка, сям’я з’яўляецца месцам евангельскай святасцi, у сям’i патомства выхоўваецца да пазнання Божага плану i яго прыняцця. Сям’я, як дадаў Папа, - гэта таксама месца памяцi пакаленняў i праяўлення салiдарнасцi, братэрства i прабачэння. Пантыфік заклiкаў да малiтвы ў iнтэнцыi Сiнода, каб ён прыгадаў сем’ям, што Евангелле i ў наш час застаецца Добрай Навiной, ад якой неабходна распачынаць.



 

У гамiлii падчас Iмшы распачацця Сiнода Святы Айцец падкрэсліў, што ў сучасным цяжкiм сацыяльным i сямейным кантэксце Касцёл павiнен перажываць сваю мiсiю адносна сям’i ў вернасцi, праўдзе i любовi. Вернасць, па словах Папы, павiнна праяўляцца ў абароне адзiнасцi i непарыўнасцi сужэнства, а таксама ў абароне найбольш каштоўнага Божага дару, якiм ёсць жыццё, падтрымцы шматдзетных сем’яў i абароне вернай любовi.

Пантыфік адзначыў, што праўда павiнна не паддавацца ўплывам моды i часовых меркаванняў, а таксама павiнна баранiць чалавека перад трансфармацыяй плоднай любовi ў эгаiзм.



 

Папа звярнуў увагу, што любоў павiнна спадарожнiчаць Касцёлу ў выконваннi яго мiсii і што Касцёл павiнен заставацца любячай мацi, якая лечыць раны алеем мiласэрнасцi.

Цытуючы чытанне Евангелля на XXVII Звычайную нядзелю «што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае», Папа заклiкаў перамагчы ўсе формы iндывiдуалiзму i легалiзму, якiя хаваюць эгаiзм i страх перад разуменнем аўтэнтычнага значэння сужэнства i чалавечай сексуальнасцi ў Божым плане.

Пантыфік даверыў гэты Сiнод Біскупаў апецы Панны Марыi.

 

Сёлетнi Сiнод будзе адбывацца па змененай схеме. Кожны тыдзень будзе прысвечаны разважанням над адной з трох асобных тэм, якiя прадстаўлены ў «Instrumentum laboris» («Працоўным дакуменце»): «Выклiкi сям’i», «Паклiканне да сямейнага жыцця» i «Мiсiя сям’i сёння».

Чакаецца, што першы тыдзень будзе найбольш эмацыйным, бо будуць разглядацца выклiкi i праблемы, з якiмi спатыкаецца сучасная сям’я.

Кожны тыдзень працы Сiнода будзе пачынацца выступленнямi Айцоў Сiнода, гасцей, сужэнскiх пар i аўдытараў падчас так званых Генеральных кангрэгацый. Кожны з iх зможа выступiць з трохмiнутнай прамовай. Акрамя гэтага, рэгламентам Сiнода ў некаторыя днi прадугледжаны свабодныя дыскусii цягам адной гадзiны.



 

Пасля выступлення па тэме кожнай часткi «Instrumentum laboris» падчас Генеральных кангрэгацый дыскусii перанясуцца ў лiнгвiстычныя групы. Кожная з iх выпрацуе сваю рэляцыю, на падставе якiх спецыяльная камiсiя выпрацуе фiнальны дакумент Сiнода, якi будзе прыняты галасаваннем.

17 кастрычнiка будзе адзначацца 50-годдзе заснавання iнстытуту Сiнода, у якiм разам з Папам i пад яго кiраўніцтвам ажыццяўляецца калегiяльнасць бiскупаў.

Сiнод завершыцца 25 кастрычнiка ўрачыстай святой Iмшой у базылiцы св. Пятра. У форуме біскупаў прымаюць удзел 270 сiнадальных айцоў, 24 эксперты, 51 аўдытар, 14 дэлегатаў iншых хрысцiянскiх веравызнанняў, 18 сужэнскiх пар.



 

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якi прымае ўдзел у Сiнодзе, расказаў у размове з Catholic.by, што, калi ішоў у вялікай чарзе бiскупаў праз базылiку св. Пятра на Iмшу распачацця Сінода, то бачыў у вачах вернікаў, сабраных там у вялiкай колькасцi, «тугу па надзеi». «Гэта не былi балельшчыкі, якія знаходзяцца перад экранам тэлевiзара, але людзi, якiя даверылi сябе Богу праз бiскупаў. Цi прачытаем мы ў іх вачах, выходзячы 25 кастрычнiка са святой Iмшы завяршэння Сiнода, спаўненне іх надзеi?» - задаў сабе пытанне беларускі арцыпастыр i папрасiў малiцца, каб сталася так.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.