Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Астраўцы адзначалі 10-годдзе адыходу ў вечнасць кс. прэлата Алаізія Тамковіча
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.12.2011 13:51

6 снежня 2011 г. адзначалася 10-годдзе адыходу ў вечнасць кс. прэлата Алаізія Тамковіча, пробашча і дэкана Астравецкага дэканата, якога вернікі называлі «патрыярхам астравецкай зямлі».

Ва ўрачыстай святой Імшы ў астравецкай парафіі Свв. Космы і Дам’яна прымалі ўдзел шматлікія жыхары Астраўца і наваколля, якія ў малітве выказвалі ўдзячнасць Богу ў Тройцы Адзінаму за руплівага святара, якога яны сустрэлі на шляху свайго жыцця.

Літургію ўзначаліў кс. Здзіслаў Пікула SDB, дэкан Астравецкага дэканату. У гаміліі а. Казімір Мараўскі OCD з Гудагая нагадаў аб жыццёвым шляху святой памяці кс. Тамковіча, асабліва падкрэсліўшы вялікі ўклад гэтага душпастыра ў духоўнае развіццё не толькі мясцовых парафіянаў, але ўсяго Астравецкага дэканата.

Вернікі моляцца за спачылага святара, які ўсяліў у іх сэрцы веру і ўказаў шлях да Бога, не толькі ў гэты дзень, але і на працягу ўсяго года.

Варта адзначыць, што ў часы зямнога жыцця кс. Тамковіча яго дзейнасць была абмежавана выключна ўнутранымі справамі астравецкага касцёла. Ксёндз прэлат аказаў разам з тым вялікі ўплыў на фарміраванне маладога пакалення: хрысціў дзяцей і рыхтаваў іх да Першай святой Камуніі, быў непахісным у справах абароны маральнасці і традыцый, вучыў бацькоў іх рэлігійным абавязкам і ўсяляў надзею ў сэрцы людзей, за што святару неаднойчы даводзілася цярпець.

Да дзяржаўных уладаў кс. Тамковіч звяртаўся адкрыта: «Не змагайцеся з Богам, бо нічога ў вас не атрымаецца, убачыце…» Калі ўжо ў часы перабудовы ўлады раёна запрасілі святароў ва ўрад, ксёндз прэлат у сваім выступленні нагадаў: «Памятаеце, як я вам казаў, каб не змагаліся з Богам, бо нічога не атрымаецца? І хто меў рацыю?» Аднак святар не асуджаў, а заахвочваў да супрацоўніцтва ў справе ратавання чалавека, якому пагражаюць духоўныя хваробы.

Бог адарыў кс. Тамковіча доўгім жыццём: ён памёр ва ўзросце 91 года 6 снежня 2001 г. Застаецца толькі пажадаць, каб такіх руплівых і адданых Богу і людзям душпастыраў заўсёды было дастаткова.

Кс. Юрый Марціновіч



Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.