Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Штогадовая ўрачыстасць адбылася ў Тракелях
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.07.2012 17:33

7–8 ліпеня 2012 г. у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай у Тракелях адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць. Тысячы вернікаў з Гродзенскай дыяцэзіі, іншых куткоў Беларусі і з-за мяжы прыбылі, каб ушанаваць Маці Божую Тракельскую.

У тракельскім касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, заснаваным у 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам, у галоўным алтары знаходзіцца абраз рымскай іканаграфіі, які згодна з легендай быў намаляваны ў канцы ХVІ ст. Паводле адной з легендаў, абраз, прывезены з Вільні ў 1595 г., здаўна славіўся шматлікімі цудамі. Ён з’яўляецца адным з самых высокамастацкіх спісаў Маці Божай «Снежнай» у Беларусі. Невядомы віленскі мастак стварыў надзвычай прыгожы і высакародны вобраз Багародзіцы з Дзіцяткам. Па характары вобразаў яго можна параўнаць з абразом 1640 г. віленскага мастака фламандскага паходжання Пенса ў Святой Ліпцы на Варміі. Дасканаламу познерэнесансаваму жывапісу адпавядае металёвая шата з каронамі. У другой палове XVII ст. (магчыма, каля 1664 г.) абраз Маці Божай з Дзіцяткам быў дапоўнены выявай укленчанага св. Казіміра з ружанцам у руках.

У 1994 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч пастанавіў адзначаць свята цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай у першую нядзелю ліпеня як дыяцэзіяльную ўрачыстасць. У Тракелі ладзяцца штогадовыя пілігрымкі. У гэтым годзе таксама прыбыла шмат пілігрымак. Найбольш шматлікія з іх сёлета — з Гродна, Ваўкавыска, Іўя, Ашмянаў і Навагрудка.

Дэвіз сёлетніх урачыстасцяў «З Марыяй у пілігрымцы веры» быў абраны не выпадкова: увесь паўсюдны Касцёл рыхтуецца да Года веры, што распачнецца ў кастрычніку гг.

Многія прыбылі ў Тракелі таксама каб паслухаць канферэнцыі а. Джэймса Манджакала. Вядомы харызматык у сваёй канферэнцыі ўказаў вернікам на Хрыста — «адзіную крыніцу моцы для чалавека». Перш за ўсё святару было важна, каб людзі адкрылі духоўную моц, зведалі цуды і ласкі. Падсумоўваючы сваю прамову, місіянер падкрэсліў, што чалавек заўсёды павінен крочыць да святасці.

Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту сабраныя даверылі шлях свайго жыцця Пану Езусу. Таксама а. Манджакал заклікаў аб прыняцці аздараўлення душы і цела ўсіх прысутных. І тут важна падкрэсліць, што амаль усе прыступілі да сакрамэнту споведзі, да якой былі заахвочаны рэкалекцыяністам.

Апоўначы адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў біскуп Адэска-Сімферопальскі Браніслаў Бярнацкі. Украінскі іерарх быў узрушаны вялікай колькасцю людзей, якія, як сцвердзіў, прыбылі з любові да Езуса і Яго Маці. У гаміліі біскуп Бярнацкі заклікаў вернікаў даверыцца матчынаму заступніцтву Марыі, а таксама падкрэсліў вялікую ролю Маці Божай у жыцці кожнага чалавека.

Усю ноч супольнасць трывала на малітве.

Ужо здаўна ў дыяцэзіяльным санктуарыі ёсць прыгожая традыцыя — прадстаўленне вернікам новых святароў. З самай раніцы 8 ліпеня пры алтары стаялі 5 душпастыраў, якія атрымалі святарскае пасвячэнне ў гэтым годзе. Разам з новапрэзбітэрамі літургію канцэлебравалі святары, якія ў гэтым годзе адзначалі залаты юбілей — 50-годдзе святарства — кс. Казімір Вальчук і кс. Здзіслаў Вэдэр SDB. Музычнае аздабленне да гэтай св. Імшы падрыхтаваў моладзевы ансамбль «Божыя скарбонкі» з парафіі Св. Сям’і ў Лідзе. Новапрэзбітэры ўдзялілі ўсім сваё благаслаўленне.

У гэтым годзе ў Гродзенскай дыяцэзіі запланаваны таксама ІІІ Пешая пілігрымка Гродна–Навагрудак (да гробу благаслаўлёных сясцёр мучаніц назарэтанак), ХІ Пешая пілігрымка Гродна–Рось (да санктуарыя Езуса Журботнага). Таксама беларускія вернікі могуць далучыцца да беластоцкай пілігрымкі, якая праз Гродна накіроўваецца ў Вільню да Маці Божай Вастрабрамскай.

Падчас Імшы сумы, якою завяршылася святкаванне, біскуп Бярнацкі нагадаў, што вера — гэта вялікі дар, які чалавек атрымлівае ад Бога. Іеарарх заклікаў свядома перажываць сваю веру, штодзень яе паглыбляць, а таксама дзякаваць Богу за яе і за пакаленні, якія яе захавалі і перадалі.

«Касцёл Божы ніколі не будзе пераможаны, бо ў ім ёсць Хрыстус, а Маці Божая з’яўляецца яго абаронцай», — падкрэсліў біскуп Бярнацкі.

Падчас сёлетніх урачыстасцяў адбыўся абрад благаслаўлення сужэнскіх пар, якія ў гэтым годзе святкуюць свае юбілеі. 6 пар аднавілі свае абяцанні пасля 50 гадоў супольнага жыцця, а звыш 40 пар дзякавала Богу за 25 гадоў жыцця ў сакрамэнтальным сужэнскім саюзе. Дастойныя юбіляры атрымалі індывідуальнае благаслаўленне ад біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Кс. Юрый Марціновіч

Даведка

Джэймс Манджакал нарадзіўся ў 1946 годзе ў Індыі. У 1973 г. атрымаў святарскае пасвячэнне ў Кангрэгацыі Місіянераў св. Францішка Сальскага. На працягу года працаваў на місіях у Вішакхапатнаме. З’яўляўся выкладчыкам у семінарыі ў штаце Керала. Атрымаўшы Божыя дары фізічнага і духоўнага аздараўлення, пачаў праводзіць харызматычныя рэкалекцыі. Першыя з іх адбыліся ў 1976 г. На працягу 32 гадоў абвяшчэння Евангелля нераз пацярпеў ад інаверцаў, зведаў зняволенне ў арабскіх краінах.

У 1989 г. заснаваў «Charis Bhavan» — вядомы цэнтр аднаўлення ў Духу Святым у штаце Керала. На працягу 6 гадоў з’яўляўся кіраўніком цэнтра. Кангрэгацыя Місіянераў св. Францішка Сальскага паспрыяла, каб душпастырскае служэнне а. Манджакала было даступна ва ўсім Касцёле. Так, у 87 краінах на ўсіх кантынентах святар праводзіў рэкалекцыі, кангрэсы, цэлебраваў св. Імшы аб аздараўленні, праводзіў евангельскія школы і місіі сярод мусульманаў.

Айцец Манджакал з’яўляецца аўтарам кніг, вершаў, артыкулаў, многія з якіх былі ператлумачаны на еўрапейскія мовы.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме