12 студзеня 2010 г. спачыла ў Богу сп. Ванда Скуратовіч. На працягу свайго жыцця сп. Скуратовіч адзначалася глыбокай верай і вернасцю Каталіцкаму Касцёлу, мела шырокае сэрца, адкрытае для кожнага, хто сустракаўся на яе шляху.
Ванда Скуратовіч нарадзілася ў 1925 г. Вялікую мужнасць выявіла ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі разам са сваёю сям’ёй, рызыкуючы жыццём, выратавала габрэйскую сям’ю. За гэты ўчынак дзяржавай Ізраіль Вандзе Скуратовіч было прысуджана ганаровае званне «Праведнік народаў свету».
У пасляваенныя гады сп. Ванда была ў ліку тых, хто ў цяжкія часы атэізму і пераследу рэлігіі падтрымліваў у нашай краіне агеньчык веры. Яе кватэра была сапраўднай святыняй, дзе захоўваўся Найсвяцейшы Сакрамэнт, цэлебраваліся набажэнствы, часта спыняліся каталіцкія і грэка-каталіцкія святары. Ванда Скуратовіч несла веру і іншым людзям. Па прычыне адсутнасці святароў яна ахрысціла некалькі чалавек, якія прыйшлі да Хрыста і Каталіцкага Касцёла. Яна была таксама адной з тых, хто бараніў права мінскіх католікаў мець свой храм у сталіцы нашай краіны. Менавіта дзякуючы мужнасці і ахвярнасці невялікай групы вернікаў, сярод якіх была і сп. Скуратовіч, пасля дзесяці гадоў нястомнай працы (у тым ліку і паездак у Маскву) увосень 1980 г. улады дазволілі адчыніць касцёл на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
З надыходам часоў рэлігійнай свабоды Ванда Скуратовіч прымала ў сваёй кватэры каталіцкую і грэка-каталіцкую моладзь. Значная частка сённяшніх маладых католікаў Мінска, асабліва парафіяне касцёла Найсвяцейшай Тройцы, сталела ў веры дзякуючы прысутнасці і малітве сп. Ванды.
Развітанне з памерлай адбылося ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы 13 студзеня 2010 г. а 12-й гадзіне. Святую Імшу канцэлебравалі рыма-каталіцкія і грэка-каталіцкія святары. Гамілію прамовіў кс. Юрый Касабуцкі, пробашч залатагорскай парафіі. У літургіі прымала ўдзел таксама грэка-каталіцкая моладзь.
У часе развітальнага набажэнства перад труною памерлай была адслужана заўпакойная літыя. У кароткім слове перад літыёй Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек нагадаў пра мужнасць, цвёрдасць і веліч веры сп. Ванды.
Памерлая была пахавана на раўбіцкіх каталіцкіх могілках пад Мінскам.
|