Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Катэхетычны каледж у Баранавічах распачаў новы акадэмічны год
Беларусь - Пінская дыяцэзія
24.09.2012 15:12

22 верасня Катэхетычны каледж імя З. Лазінскага ў Баранавічах урачыста распачаў новы навучальны год 2012/2013. Сёлетняя інаўгурацыя акадэмічнага года мела шмат адметнасцей. Выкладчыкі і студэнты каледжа мелі магчымасць сустрэцца з новым ардынарыем Пінскай дыяцэзіі біскупам Антоніем Дзям’янкам.

Разам з ардынарыем гэты ўрачысты для каледжа дзень адзначылі таксама сваёй прысутнасцю і супольнай малітвай дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец і дэкан Баранавіцкі кс. Валянцін Новак.

Наступнай адметнасцю стала тое, што ўпершыню на інаўгурацыі навучальнага года ў каледжы прысутнічалі яго выпускнікі.

Для саміх студэнтаў і абітурыентаў новы навучальны год прынёс шмат прыемных навінаў і адукацыйных перспектыў. Між іншым, з’явіліся новыя кірункі спецыялізацыі для студэнтаў і магчымасць працягу навучання на ўзроўні магістратуры. У гэтым навучальным годзе Катэхетычны каледж адкрыў такія новыя спецыяльнасці, як агульная тэалогія і спецыяльная катэхетыка (дарадчык сямейнага жыцця ў галіне сямейных паталогій). Супольнасць студэнтаў-катэхетаў была ўзбагачана некалькімі групамі навучэнцаў па новых спецыялізацыях.

Біскуп Антоні Дзям’янка ў гаміліі падчас св. Імшы, а таксама ў прамове да студэнтаў-першакурснікаў звярнуў увагу на выклікі, якія ставіць сучасны свет перад свецкімі католікамі. Між іншым, іерарх падкрэсліў важнасць паглыблення веры і ведаў свецкіх вернікаў, каб пасля яны маглі данесці здабытыя духоўныя скарбы ў тыя асяроддзі, куды не заўсёды можа трапіць святар.

Біскуп Дзям’янка дадаў, што навучальны год трэба распачынаць з радасцю: «Радасць — гэта дачка такіх асноўных каштоўнасцей, як праўда, дабро і прыгажосць». Іерарх нагадаў таксама пра звышнатуральныя крыніцы радасці, з якіх карыстаюцца веруючыя людзі. «Менавіта такое пачуццё Бога, асабліва пачуццё Яго любові, пачуццё Яго збаўчай дзейнасці, напрыклад, пачуццё прабачаных грахоў, пачуццё, што Пан Бог мяне заўсёды любіць, — напаўняе нас радасцю», — сказаў біскуп. 

Іерарх звярнуў увагу і на важнасць сустрэчы з Богам у Эўхарыстыі. «Кожная Эўхарыстыя — гэта месца асаблівай прысутнасці Бога. Мы павінны цешыцца Панам Богам. Цешыцца, што перад намі новы год спаткання з праўдай, дабром і прыгажосцю. Даверымся на гэтай Эўхарыстыі Божаму Провіду, каб Бог благаславіў нашу працу», — заахвоціў біскуп Дзям'янка. 

Чарговым адметным момантам сёлетняга дня інаўгурацыі навучальнага года ў Катэхетычным каледжы было асаблівае ўшанаванне памяці Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага з нагоды 80-й гадавіны яго адыходу ў вечнасць. Выкладчык каледжа кс. Эдуард Мігай звярнуўся да прысутных біскупаў, святароў, выкладчыкаў і студэнтаў з рэфератам на тэму духоўных і пастаральных аспектаў жыццёвага і пастырскага шляху Зыгмунта Лазінскага — першага біскупа Пінскай дыяцэзіі і асобы, чыё імя мае гонар насіць Катэхетычны каледж.

Хвалюючым момантам урачыстасці стала адкрыццё і пасвячэнне спецыяльнай памятнай выявы Слугі Божага біскупа З. Лазінскага. Варта заўважыць, што гэтая высокамастацкая выява была падрыхтавана як дар удзячнасці ад першых выпускнікоў каледжа.

Вечарам таго ж дня пасля малітоўнай і афіцыйнай часткі інаўгурацыі адбылася не менш хвалюючая адукацыйна-забаўляльная праграма, якую падрыхтавалі студэнты 2 і 3 курса для сваіх новых калегаў — 42 першакурснікаў.  

На наступны дзень, 23 верасня, выкладчыкі і студэнты каледжа разышліся па аўдыторыях на першыя ў гэтым навучальным годзе лекцыі.

Кс. Андрэй Рылка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме