Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«У Вялікім чацвяргу адлюстроўваюцца найважнейшыя таямніцы адкуплення»: Імша Вячэры Пана прайшла ў пінскай катэдры
Беларусь - Пінская дыяцэзія
18.04.2014 15:35

17 красавіка, у Вялікі чацвер, першы дзень Пасхальнага Трыдууму, у катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылася Імша Вячэры Пана. Імшу, падчас якой узгадваецца Вячэра Хрыста з апосталамі і здзяйсняецца абрад абмыцця ног на ўспамін таго, які ўчыніў Хрыстус, узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Звяртаючыся да прысутных у катэдры шматлікіх вернікаў, пінскі ардынарый нагадаў, што Вялікі чацвер з’яўляецца днём устанаўлення Эўхарыстыі і святарства. Па словах біскупа, у гэтым дні, “як у крышталіку адлюстроўваюцца ўсе найважнейшыя таямніцы адкуплення, якія былі прадказаны Хрыстом: устанаўленне Эўхарыстыі, мука, смерць і Уваскрасенне Езуса Хрыста”.

Іерарх звярнуў увагу, што “Пасха – гэта таямніца пераходу з смерці да жыцця; “яна ідзе праз Вячэрнік і Кальварыю” і адначасова “з’яўляецца некрывавай прысутнасцю ахвяры Хрыста на крыжы”. Па словах пінскага ардынарыя, таямнічая “ноч вызвалення” з кнігі Зыходу (Зых 12,1-8,11-14), пра якую ўзгадвалася ў літургіі, “аб’яўляе магутнасць Пана жыцця і смерці, прадказвае і падрыхтоўвае канец няволі граху і пераходу ў зону Божага жыцця - жыцця, якое не заканчваецца”. “Той ноччу Пан прайшоў праз Егіпет    і моцай крыві баранка ацаліў ізраільцян, абясшкодзіў егіпецкія боствы, - нагадаў біскуп. – Усё, што было прадказана - і кроў баранка, і незаквашаныя хлябы, – знаходзіць сваё завяршэнне ў іншай ночы - у ночы устанаўлення эўхарыстычнай вячэры”.

Біскуп падкрэсліў, што “няма такой сілы, якая б магла супрацьстаяць магутнасці Уваскрослага Хрыста, калі захочам ёй паддацца і ісці з Езусам у кірунку паўстаўшага з мёртвых”, але “павінен памерці стары, грэшны чалавек і нарадзіцца новы” (пар. Эф 22-24). Дзеля гэтага, па словах пінскага ардынарыя, Езус таксама “знайшоў спосаб”: “у вадзе святога хросту не толькі дазваляецца абмыцца з грахоў, але і моцай Духа Святога нарадзіцца да новага жыцця”, а “для тых, хто зграшыў, крыніцай Божай міласэрнасці з’яўляецца сакрамэнт пакаяння, у якой нават найвялікшы грэшнік можа пачуць: “Я табе прабачаю. Ідзі ў супакоі і больш ужо не грашы””.

Як адзначыў іерарх, кожны Вялікі пост з’яўляецца “новай ласкай духоўнага адраджэння, аднаўленнем і спатканнем з Хрыстом, які жыве ў ласцы сакрамэнтаў”.

Кажучы пра пасхальную Вячэру Езуса Хрыста, біскуп нагадаў, што Езус, перад тым як пайшоў на крыж, гаварыў апосталам: ”Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець, бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве” (Лк 22, 15-16).

Іерарх падкрэсліў таксама лучнасць Эўхарыстыі і святарства, нагадаўшы словы святога пробашча з Арс: “Калі б не было б сакрамэнту святарства, мы не мелі б Пана сярод нас. Хто яго паклаў у табэрнакулюм - святар. Хто прыняў вашы душы ў касцёльную супольнасць, калі вы нарадзіліся, - святар.    Хто корміць яе, каб мела моц да пілігрымкі па зямлі, - святар. А калі душа трапіць у цяжкі грэх, то хто яе ўваскрэсіць да жыцця, хто верне ёй спакой сумлення? Толькі святар”.

Аднак, па словах пінскага ардынарыя, святар не існуе сам для сябе, самому сабе сабе не можа даць сакрамэнтальнае прабачэнне ад грахоў, сам сабе не можа ўдзяліць ніводнага сакрамэнту. “Святар не жыве для сябе, але для вас”, - заключыў, звяртаючыся да вернікаў, біскуп Антоні Дзям’янка.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.