Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
100-годдзе нараджэння кс. Ежы Росяка адзначалася ў Паланэчцы
Беларусь - Пінская дыяцэзія
03.05.2014 20:21

3 мая ў парафіі Святога Юрыя ў Паланэчцы адзначалася 100-годдзе нараджэння кс. Ежы Росяка – шматгадовага пробашча парафіі. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Ксёндз Ежы Росяк, акрамя служэння ў Паланэчцы, атачаў душпастырскім клопатам таксама парафіі ў Ішкалдзі, Сталовічах, Новай Мышы, Баранавічах, Навагрудку. Быў вязнем ГУЛАГу.

“З вялікім узрушэннем мы ўдзельнічаем у гэтай Імшы, - адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка, звяртаючыся да вернікаў. – Для нас усіх гэтая падзея – выключная, асабліва для тых, хто асабіста ведаў кс. Ежы Росяка”. Іерарх дадаў, што больш за 30 гадоў святар маліўся ў гэтым касцёле, цэлебраваў Эўхарыстыю, абвяшчаў Божае слова, “дапамагаў людзям у розных патрэбах”.

Біскуп нагадаў парафіянам пра жыццёвы шлях, служэнне Богу і людзям кс. Ежы Росяка, які, адышоўшы ў вечнасць 27 гадоў таму – у жніўні 1986 г. – па словах пінскага ардынарыя, “застаецца ў памяці” вернікаў.

Ксёндз Ежы Росяк нарадзіўся ў 1914 г. у Страблі. З 1914 г. разам з бацькамі быў у эвакуацыі ў Яраслаўлі, вярнуўся ў 1921 г. Пасля заканчэння пачатковай школы паступіў у гімназію ў Бельску-Падляскім. З 1936 г. – канцылярыст Бельска-Падляскай павятовай управы. У 1942 г. скончыў Пінскую духоўную семінарыю, у 1943 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, служыў у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце. У 1947 г. арыштаваны МДБ, знаходзіўся пад следствам у турме МДБ у Мінску. Быў асуджаны, этапаваны ў Нарыльскі лагер Краснаярскага краю. Вызвалены ў 1956 г. Вярнуўся ў Беларусь, з 1956 г. служыў у парафіі ў Паланэчцы і іншых парафіях. Загінуў у аўтакатастрофе 19 жніўня 1986 г.

Па словах біскупа, ксёндз Ежы Росяк “нястомна абвяшчаў Евангелле, ва ўсіх акалічнасцях здзяйсняў душпастырскае служэнне” – у тым ліку ў ГУЛАГу, а затым падчас “дзесяцігоддзяў ночы атэізму ў Паланэчцы і Баранавіцкім рэгіёне”. Іерарх адзначыў, што гэты святар “не баяўся пераследу”, “штодзённа чытаў Евангелле і стараўся ім жыць”, памятаў словы Хрыста: “Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць”.

“Гэты святар вучыў пазбягаць зла і змагацца з ім, - дадаў пінскі ардынарый. – Бо чалавек не можа абыякава праходзіць каля зла. Чалавек не павінен дапусціць, каб зло пасялілася ў яго душы, бо ніколі не здолее кантраляваць сілу зла. Зло належыць выкараняць, і мы павінны сеяць зерне дабра, міру”.

Біскуп узгадаў таксама сведчанні вязняў, якія адбывалі пакаранне разам з кс. Ежы Росякам і паводле якіх гэты святар меў у Нарыльску вялікую папулярнасць, да яго прыходзілі спавядацца, у тым ліку праваслаўныя, і часта ўвесь пакойчык быў напоўнены вязнямі, якія маліліся. “Духоўны пасілак быў ім вельмі патрэбны, ён умацоўваў іх і даваў надзею”, - дадаў іерарх.

“Ксёндз Ежы Росяк жыў надзеяй, якая мае сваё імя і твар – гэта Езус Хрыстус. Нам варта таксама жыць для Яго, варта і для Яго паміраць, - заўважыў пінскі ардынарый. – Толькі Ён уваскрос і толькі Ён гарантуе нам удзел ва ўваскрасенні”.

Біскуп заахвоціў удзельнікаў Імшы маліцца за ўсё духавенства Касцёла, “памятаючы асабліва пра тых, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі або якім важна адшукаць вартасць свайго паклікання”, а таксама прасіць Бога, “каб у нашых супольнасцях ніколі не было недахопу ў сапраўдных пастырах”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.