Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка прыняў удзел у святкаванні Дня Перамогі ў Брэсцкай крэпасці
Беларусь - Пінская дыяцэзія
10.05.2014 13:47

9 мая біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка прыняў удзел у афіцыйным святкаванні з нагоды Дня Перамогі, якое адбылося ў Брэсцкай крэпасці. Іерарх звярнуўся да прысутных з прамовай.

Па словах біскупа, гэтая сустрэча, якая “штогод праходзіць па ініцыятыве дзяржаўных уладаў”, з’яўляецца “добрай нагодай, каб умацаваць і аднавіць нашу гістарычную памяць”. “Наша памяць сягае да тых падзей, якія напоўнілі цярпеннем многіх. Сцены крэпасці прыпамінаюць нам трагедыю, цярпенні, мужнасць многіх абаронцаў, іх любоў да Айчыны, якая не загінула і не павінна была загінуць”, - адзначыў іерарх.

“З пашанай схіляем галовы перад загінушымі героямі, якія мужна абаранялі нашу зямлю. З удзячнасцю схіляем галовы перад іх мужнасцю. Іх попел і кроў чыняць плоднай нашу зямлю. Іх мужнасць і адвага для нас з’яўляюцца заклікам любіць Айчыну. Яе выказаць можам свабодна. Мы павінны клапаціцца дзеля дабра Айчыны. А наша праца няхай прыносіць жаданыя вынікі, наша сумленнасць і пільнасць няхай умацоўвае нашу еднасць, - пажадаў пінскі ардынарый. - Гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці нам падказвае, што нельга быць абыякавым да грамадскіх спраў сёння”.

“Няхай застаецца ў нашай памяці гераізм старэйшага пакалення. Няхай развіваецца і даспявае заўсёды нанова ў кожным пакаленні вера ў Бога і любоў да Радзімы. А Божая Маці ў Берасцейскім цудатворным абразе няхай дадае нам сілы і па-мацярынску вучыць нас, як мы павінны жыць, як паводзіць сябе, каб не змарнавалі спадчыну продкаў і каб былі годнымі наследнікамі тых, кроў якіх акрапіла нашу зямлю. Няхай чыніць больш адкрытымі нашыя сэрцы і розум. Няхай выхоўвае характары і асабовасць наступных пакаленняў у хрысціянскім і патрыятычным духу”, - дадаў біскуп Антоні Дзям’янка.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.