Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На выхад пілігрымкі Пінск — Лагішын удзельнікаў праводзіў у шлях пінскі ардынарый
Беларусь - Пінская дыяцэзія
10.05.2014 14:10

Раніцай 9 мая, напярэдадні гадавіны каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, Апякункі Пінскай дыяцэзіі, адбыўся выхад пілігрымаў з пінскага катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, каб ісці аднадзённай трыццацікіламетровай пешай пілігрымкай у Лагішын. Да вернікаў перад іх шляхам звярнуўся біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Пілігрымка з Пінска ў Лагішын адбываецца штогод напярэдадні гадавіны каранацыі абраза. Каранацыю здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк 10 мая 1997 г.

“Пілігрымка нагадвае нам аб тым, што не мы выбралі Езуса, але Ён нас выбраў, - заўважыў біскуп Антоні Дзям’янка, звяртаючыся да вернікаў. - Не мы выбралі жыццё, але Бог нас адарыў жыццём. Нас магло б не быць, але мы ёсць, таму што Бог нас паклікаў найперш да біялагічнага жыцця, а потым да жыцця ў Касцёле, калі нас ахрысцілі. І затым кліча нас на розныя дарогі жыцця”.

Па словах іерарха, пілігрымка “падказвае, што кожнага Бог паклікаў да жыцця ў любові да Пана і бліжняга”, любоў жа да Бога праяўляецца ў “штодзённай малітве, удзеле ў святой Імшы, у захаванні Божых запаведзяў”.

“У гэты дзень  - 9 мая - жыхары нашай краіны адзначаюць свята Перамогі і чарговую гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны. Няхай гэтая дата будзе добрай нагодай да малітвы падзякі Богу за супакой у нашым грамадстве, за вечны супакой для тых, хто з любові да бліжняга прынёс у ахвяру сваё жыццё, каб грамадзянская супольнасць магла будаваць будучыню не на нянавісці, а на Божых запаведзях”, - пажадаў пінскі ардынарый.

“Калі хочаце прыгожа любіць, здабываць цноты, якія ўпрыгожваюць чалавека і адбіваюцца промнямі на прысутных побач, то неабходна прасіць аб гэтым Марыю, Каралеву Палесся”, - дадаў іерарх і заклікаў маліцца “за маладых пілігрымаў, каб Маці Божая рабіла іх прыгажэйшымі і лепшымі”.

Біскуп нагадаў таксама, што пілігрымка адбываецца пасля нядаўняй кананізацыі Папаў Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. “Няхай гэты паход будзе таксама выразам удзячнасці Богу і Касцёлу за новых нашых апекуноў у небе, апекуноў нас - пілігрымаў зямных – на шляху да нябеснай Айчыны”, - выказаў пажаданне пілігрымам іерарх.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.