Вуліца Спакойная: старадаўнія могілкі горада на Піне |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
31.10.2014 20:07 |
Старыя Пінскія могілкі сталі месцам спачыну для многіх знакамітых людзей, імёны якіх адзначыліся ў гісторыі нашай зямлі і Касцёла. Тут пахаваны прадстаўнікі вядомых родаў Скірмунтаў, Агінскіх, Орды, Бутрымовічаў, бацькі біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Букрабы (біскуп Пінскі з 1932 да 1939 года). Сярод іншых выдатных дзеячаў — святары, якія служылі ў Пінску ў 1920 – 30-я гады, супрацоўнічаючы са слугою Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім. Гэта, напрыклад, ксёндз пралат Леон Святаполк-Мірскі (памёр у 1926 г.), які быў пробашчам пінскай катэдры і генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, прафесар і дзядзька біскупа Лазінскага ксёндз доктар Вітальд Чэчот (памёр у 1929 г.) і інш. Вельмі важна захоўваць памяць пра тых, хто стаяў ля вытокаў мясцовага Касцёла. Пра гэта памятаюць удзячныя вернікі Пінскай дыяцэзіі, якая ў наступным годзе будзе адзначаць 90-ю гадавіну свайго існавання. Каталіцкая супольнасць Пінска заўсёды ў дні ўспаміну памерлых наведвае пахаванні духоўных і свецкіх — слаўных сыноў і дачок нашай Радзімы, якія часта аддавалі сваё жыццё дзеля захавання веры.
На старадаўніх могілках у Пінску знаходзіўся драўляны касцёл Маці Божай Балеснай, які быў пабудаваны ў 1820 г. На пачатку 1980-х гадоў яго знішчылі. Цяпер ад касцёла захаваўся толькі пляц, на якім усталяваны крыж. Кожны год 1 лістапада вернікі прыходзяць сюды на супольную малітву, каб прасіць міласэрнага Бога аб вечным супакоі для сваіх продкаў. Кс. Юрый Дрозд |
Фотарэпартаж |