Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка наведаў з калядным візітам шэраг парафій Пінскай дыяцэзіі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
28.12.2015 12:40

26 снежня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў з калядным візітам парафіі Баранавіцкага рэгіёна. Святую Імшу пастыр дыяцэзіі цэлебраваў між іншым у парафіі Маці Божай Фацімскай, таксама ўзначаліў набажэнства ў парафіі Св. Яна Паўла ІІ, парафіі Св. Зыгмунта і сустрэўся з моладдзю ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах.

У кожнай парафіі вернікі разам з біскупам праслаўлялі Бога спевамі калядак, традыцыйных для многіх пакаленняў католікаў нашай зямлі, а таксама дзяліліся святочнымі пажаданнямі.    

27 снежня біскуп Антоні Дзям’янка наведаў парафіі Брэсцкага рэгіёна Пінскай дыяцэзіі. Іерарх адведаў дэкана Брэсцкага кс. Паўла Халяўкіна ў парафіі ў Чарнаўчыцах, які нядаўна вярнуўся са шпіталя хуткай дапамогі ў Брэсце, дзе яму была тэрмінова і паспяхова зроблена аперацыя. Біскуп маліўся разам з парафіянамі ў касцёле падчас ранішняга набажэнства, выпрошваючы Божых ласк для іх сем’яў на Божае Нараджэнне і надыходзячы новы год. Таксама пастыр дыяцэзіі наведаў з калядным візітам вернікаў парафій у Жабінцы і Кобрыне.
 
На вячэрняй святой Імшы ў пінскім катэдральным касцёле біскуп прамовіў гамілію для маладых сужэнцаў аб важнасці малітвы ў сям’і і аб клопаце пра рэлігійнае выхаванне дзяцей, беручы прыклад той атмасферы, якая панавала ў Святой Сям’і. Таксама пінскі ардынарый асвяціў віно з нагоды свята Св. Яна Апостала.

Пасля ў катэдры адбылася сустрэча з групай вернікаў з Украіны, якія ў гэты перыяд наведваюць яселькі ў касцёлах Беларусі. Разам з біскупам яны праспявалі песні на беларускай, польскай і ўкраінскай мовах.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.