Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Інтэрв’ю кардынала Юзафа Томко для партала Catholic.by
Інтэрв'ю
11.10.2010 11:24

Спецыльяны папскі пасланец кардынал Юзаф Томко распавёў парталу Catholic.by аб сваіх уражаннях ад беларускай зямлі і Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, аб сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, аб асаблівасцях прапаведавання Добрай Навіны ў Беларусі. Прапануем інтэрв'ю ўвазе нашых наведвальнікаў.

r

Мінск, 10 кастрычніка 2010 г. 

— Ваша Эмінэнцыя, сардэчна вітаем Вас на нашай беларускай зямлі. Раскажыце, калі ласка, якія Вашы першыя ўражанні аб нашай краіне і ў прыватнасці аб Мінску.

— Думаю, што ваша краіна вельмі прыгожая. Калі я прыляцеў, было ўжо цёмна, але ўсё роўна ў свеце фар былі відаць дрэвы, вялікія палі. І, зразумела, ваша сталіца цудоўная: прыгожыя, шырокія вуліцы, дарогі, праспекты. Гэта тое, чаго мы не можам убачыць у заходніх гарадах, дзе вузкія вуліцы і высокія, вельмі высокія будынкі. Але тут, здаецца, ёсць шмат прасторы, шмат месца для дамоў. Я думаю, што гэта сапраўды цудоўная краіна.

— Ваша Эмінэнцыя, як Вы ўспрынялі Ваша прызначэнне Спецыяльным Пасланнікам у Мінск, на юбілей архікатэдры? Што Вам было вядома пра Каталіцкі Касцёл у Беларусі?

— Я павінен сказаць, што ў сваім жыцці я быў Спецыяльным Пасланнікам Папы шмат разоў, у розных месцах і на розных кантынентах, але ў большасці на місіянерскіх тэрыторыях. Таму Беларусь была нечым іншым для мяне. Я ў Беларусі першы раз. І я прыняў гэтую місію, па праўдзе кажучы, як нешта новае. У маім узросце (я цяпер на пенсіі) гэта як новае натхненне. І я быў зацікаўлены, каб атрымаць якія-небудзь звесткі пра Беларусь. Я вывучаў гісторыю Беларусі, і асабліва сітуацыю Касцёла ў краіне. Мой сябра — былы Нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі, і я таксама размаўляў з ім пра вашу краіну, і ён заўсёды з вялікім энтузіязмам і запалам гаварыў пра Беларусь. Так што я меў, можна сказаць, інфармацыю з першых рук пра Касцёл і дыяцэзіі. Учора я сустрэўся з вашымі біскупамі. Мне вельмі шкада, што я не змог сустрэцца з кардыналам Казімірам Свёнткам, я ведаю яго па Рыму, мы былі разам на многіх урачыстасцях. Што датычыць Касцёла, я бачу тут новае жыццё і новы дух. Учора, падчас урачыстасці ў катэдры, я глядзеў на людзей... Бачыў старэйшых. Да мяне падышла адна жанчына і паказала ружанец, вельмі-вельмі стары. І я сказаў: вось гэта сіла Каталіцкага Касцёла. І пасля, убачыўшы сярэдняе пакаленне і яшчэ шмат маладых людзей, я падумаў: так, гэта таксама будучыня. Я лічу, што многія цікавяцца Каталіцкім Касцёлам, а грамадства адкрытае для Касцёла. Сёння ў свеце ўзнікла новая сітуацыя ў экуменічнай сферы, і асабліва цяпер папа Бэнэдыкт XVI надзвычай зацікаўлены ў кантактах і адносінах з Праваслаўнаю Царквою, і я думаю, што прыйшоў спрыяльны момант для абодвух бакоў убачыць, у чым заключаецца місія ўсіх хрысціян у гэтым свеце, які перажывае вялікія змены, асабліва заходнія краіны. Ведаеце, у Рыме ёсць нешта накшталт цэнтра для новай евангелізацыі, дзе такім альбо іншым чынам прысутнічаюць традыцыйныя каштоўнасці, часам у секулярызаванай форме, але калі ўзяць нашу хрысціянскую свядомасць, то ўсё тут мае карані ў хрысціянскім пасланні. Якая форма нашай літургіі, візантыйскі стыль, усходні стыль, тая альбо іншая мова, лацінская мова, лацінская традыцыя — усё гэта не мае значэння. Важна, як кажа святы Павел, евангелізаваць — гэта значыць абвяшчаць пра Езуса Хрыста і Яго пасланне людзям дзеля дабра кожнай асобы і ўсяго грамадства, таму што гэта наша заданне як Каталіцкага Касцёла, як Праваслаўнай Царквы і г.д.

— Якое пасланне перадаў праз Вас Святы Айцец беларускаму народу?

— Некаторыя ідэі Святы Айцец выказаў у лісце прызначэння, калі прызначыў мяне Спецыяльным Пасланнікам у Мінск. Арыгінал гэтага ліста тут, і ён напісаны на старой лацінскай мове. Між іншым, Папа просіць спачатку перадаць віншаванні Мітрапаліту, іншым пастырам, усім святарам, кансэкраваным асобам, свецкім вернікам, перадаць усім любоў і павагу Папы — у тым ліку ўладам і ўсім людзям добрай волі, хто дапамагае ажыццяўляць і прыкладае намаганні для рэалізацыі на практыцы свабоды веравызнання і агульнага дабра народа. У гэтых словах выяўляецца праніклівасць Святога Айца, і гэта знак таго, як сур’ёзна ён разглядае нашы адносіны. Гэта ліст чалавека, які не шукае ўлады ў палітыцы альбо ў нечым іншым. Гэта вельмі чалавечы позірк на дабрабыт людзей і ўсяго грамадства.

— Ваша Эмінэнцыя, у пятніцу Вы сустракаліся з міністрам замежных спраў і Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. У якой атмасферы прайшла гэтая сустрэча і якія пытанні закраналіся?

— Атмасфера была вельмі добрая. Па-першае, звычайна, калі прыязджае Спецыяльны Пасланнік, згодна з Венскім дыпламатычным пратаколам, прадстаўнікі ўладаў забяспечваюць ахову для Спецыяльнага Пасланніка. Але тут атмасфера была нефармальнаю, у нас быў доўгі дыялог спачатку з міністрам замежных спраў, а пазней з Прэзідэнтам. І я быў здзіўлены такім нефармальным падыходам. Я не ведаю, наколькі добра заўважылі гэта мас-медыя, але я думаю, што гэта ім удалося. Я сапраўды адчуваў сябе вельмі добра, магчыма, дзякуючы майму (смяецца) славянскаму паходжанню. Гэта сапраўды дапамагае. І ўсё ж у мяне была яшчэ іншая місія — пасланні, якія трэба было перадаць, выказаць павагу з боку Папы. У сераду я быў на генеральнай аўдыенцыі ў Святога Айца перад маім ад’ездам у Мінск, і Пантыфік сказаў: вы збіраецеся ў Мінск, калі ласка, перадайце ад мяне гэта. З боку ж прадстаўнікоў улады я адчуў моцнае жаданне прыняць з візітам Святога Айца і паабяцаў Прэзідэнту перадаць Святому Айцу гэтае пажаданне.

— Як Вы ацэньваеце адносіны паміж дзяржаваю і Каталіцкім Касцёлам у нашай краіне?

— Я не ведаю дакладна вашага заканадаўства, але тое, што я бачу, — гэта знак сапраўдных зменаў. Катэдра адноўлена так прыгожа, я пачуў таксама і гісторыю гэтай святыні... Я таксама быў у іншых касцёлах і лічу, што гэта добры знак. Людзі цікавяцца Каталіцкім Касцёлам, і гэта вялікае натхненне для тых, хто працуе ў Касцёле. Я думаю, што вы на добрай дарозе і можаце шмат зрабіць. Але варта правільна выкарыстаць гэты час і зрабіць тое, што найбольш важна.

— Да нядаўняга часу Вы былі прэфектам Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. На Вашу думку, як трэба прапаведаваць Добрую Навіну людзям у Беларусі?

— Па-першае, важна проста быць католікам, быць сведкам таго, у што вы верыце. Гэта не значыць весці нейкую прапаганду, але ў звычайным, штодзённым жыцці, на вашым працоўным месцы, у школе, на працы і ў знешнім свеце быць католікам. Як былі імі нашы маці ў вашай краіне, у маёй... Гэта пачатковая евангелізацыя. Мая маці, напрыклад, вучыла катэхізісу два, амаль тры пакаленні. Але гэтага недастаткова. У вас ёсць таксама клас інтэлігенцыі. Вы павінны знайсці спосаб, як данесці пасланне Езуса Хрыста і да іх. Гэта вельмі важна, бо яны адчуваюць, што патрабуюць нечага глыбейшага. Немагчыма мець толькі эканамічны дабрабыт, без сапраўднага чалавечага дабрабыту і супакою ў сэрцы. А як евангелізаваць сэрца? Маральныя стандарты могуць знішчыць вашу веру, таму што, калі жыццё выходзіць за межы дзесяці Божых запаведзяў, вы ніколі не знойдзеце шляху да Бога. Я думаю, што трэба мець гэтую свядомасць веры, трэба вывучаць, глыбей усведамляць тое, у што я веру, таму што мы расцём, развіваемся і не можам задавальняцца тым, што пазналі, будучы яшчэ дзецьмі. Мы павінны мець вышэйшую рэлігійную культуру. Ісці ўглыб, ісці наперад.

— Вельмі прыемна, што Вы, Ваша Эмінэнцыя, выказалі жаданне звярнуцца да веруючых на іх роднай беларускай мове. Што б Вы хацелі пажадаць беларусам-католікам і ўсім хрысціянам?

— Мы сусветны Касцёл, у тым сэнсе, што прысутнічаем паўсюль — нават калі гэта маленькія групы ў місіянерскіх краінах. Я ведаю такія краіны, таму што шмат падарожнічаў па розных кантынентах. І мова — гэта адзін з інструментаў зносінаў. Хоць я прамаўляю свае казанні на розных мовах — англійскай, французскай альбо іспанскай — я заўсёды стараюся дадаць некалькі словаў і на мясцовай мове. Напрыклад, калі я прыязджаў у Кенію на кансэкрацыю катэдральнага касцёла (а ў Кеніі дзве мовы: англійская і суахілі), я праводзіў літургію на суахілі. Прэзідэнт краіны, які прысутнічаў на ёй, запытаў, у якім універсітэце я вывучаў суахілі. Я адказаў: у мяне дыплом першага класа, таму што я навучыўся толькі чытаць, але не гаварыць на суахілі (смяецца). Я таксама праводзіў пасвячэнне ў біскупы на мове суахілі і пасвячэнне двух біскупаў у візантыйскім абрадзе на стараславянскай мове. Мне вельмі спадабалася гаварыць і па-беларуску, хоць маё веданне беларускай мовы на ўзроўні першага класа. Але калі я змог правесці літургію на мове суахілі, то сказаў сабе: чаму я не магу зрабіць тое ж на беларускай мове? Яна бліжэй майму сэрцу і бліжэй да маёй роднай мовы. Я знаходжу, што абедзве мовы вельмі падобныя, і, хоць для мяне цяжка адразу чытаць, я магу выказаць свае думкі людзям. Гэта, можна сказаць, своеасаблівы дар славян. І мы павінны быць адкрытыя для свету і ўсіх моваў. Хацеў бы пажадаць беларускім вернікам быць добрымі католікамі і добрымі хрысціянамі ў самым глыбокім сэнсе і мець мужнасць сведчыць пра гэта, рэалізоўваць гэта ў жыцці — у вашым асабістым, у сямейным і ў грамадскім. І яшчэ: клапаціцеся пра свае сем’і.

Размаўляла Эльвіра Палінеўская

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.