Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Юзаф Томко ў Маладзечне: вы назаўсёды застанецеся ў маім сэрцы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.10.2010 14:18
Хлебам-соллю віталі вялікага госця, папскага пасланца кардынала Юзафа Томко, у маладзечанскай парафіі Святога Юзафа. Католікі і праваслаўныя, пажылыя і моладзь, вернікі ўсіх парафій Маладзечна 10 кастрычніка 2010 г. з радасцю сустракалі прадстаўніка Святога Айца, махаючы рознакаляровымі стужкамі.

На пачатку літургіі прадстаўніка Святога Айца Бэнэдыкта XVI прывіталі парафіяне. Затым усіх прысутных, прадстаўнікоў улады, вернікаў іншых канфесій прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мітрапаліт выказаў таксама словы ўдзячнасці Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Марціну Відавічу за яго штодзённую працу.

Арцыпастыр падкрэсліў, што кардынал Юзаф Томко адразу згадзіўся на прапанову наведаць у межах свайго візіту адну з парафій архідыяцэзіі. І сёння папскага пасланца сустрэла маладзечанская святыня, якая носіць імя апекуна іерарха — святога Юзафа.

Урачыстую літургію разам з прысутным духавенствам канцэлебраваў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

«З радасцю цэлебрую гэту эўхарыстычную літургію на вашай цудоўнай зямлі, — звярнуўся да прысутных па-беларуску кардынал Томко. — Як ведаеце, папа Бэнэдыкт XVI накіраваў мяне сюды на 300-гадовы юбілей кансэкрацыі катэдральнага касцёла ў Мінску, які мы ўчора адзначалі. Святы Айцец такім чынам хацеў выказаць пашану не толькі вашаму святу, але і ўсёй вашай краіне».

У гаміліі кардынал звярнуўся да ўрыўку з Евангелля аб пракажоных. Кардынал падкрэсліў, што сёння гэта страшная хвароба сустракаецца рэдка, аднак многія цяпер пакутуюць ад праказы душы.

«Як жа лёгка нам сёння ацаліць духоўную праказу: дастаткова скарыстаць з паслугі святароў у святым канфесіянале, — працягваў паскі легат. — Касцёл патрабуе ад сваіх вернікаў хаця б раз у год прыступаць да споведзі, і гэта з’яўляецца мінімальным абавязкам. Не будзем забывацца, што праз Божае дараванне грахоў на споведзі душа аднаўляе сваё здароўе і сваю ўнутраную прыгажосць, чалавечае сэрца знаходзіць прымірэнне з Богам і людзьмі».

Поўны тэкст гаміліі >>>

Напрыканцы гаміліі кардынал Юзаф Томко запэўніў прысутных у тым, што «Святы Айцец Бэнэдыкт XVI ад усяго сэрца перадае сваё апостальскае благаслаўленне».

Словы прывітання і ўдзячнасці за вялікі гонар прымаць на маладзечанскай зямлі такога вялікага госця выказалі прадстаўнікі мясцовай улады і Праваслаўнай Царквы, якія прынеслі ў дар падарункі, што будуць нагадваць іерарху аб беларускім Маладзечне.

Напрыканцы літургіі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў ватыканскаму іерарху і вернікам за «дар гэтага дня, гэтай Эўхарыстыі і за дар супольнай малітвы». «Гэта сапраўды вялікі дар, але адначасова і заданне для кожнага з нас», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч і падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі літургіі.

«Ад свайго імя і імя ўсіх тут сабраных, дзякуем Вам, Эмінэнцыя, за тое, што згадзіліся прыехаць у гэтую парафію, — працягваў арцыпастыр. — Я ўпэўнены, што гэты дзень стаў святам для хрысціянаў усіх канфесій. Дзякуем за вашыя словы, з якімі вы звярнуліся да нас». Пры гэтым Мітрапаліт выказаў спадзяванне, што кардынал Томко яшчэ нераз наведае беларускую зямлю. «Перадайце Святому Айцу, што ў Беларусі шмат вернікаў, і яны ўжо даўно чакаюць Пантыфіка і спадзяюцца на яго візіт, каб ён маліўся разам з намі, каб умацаваў нашу веру, даў надзею і благаславіў на новае жыццё».   

На заканчэнне літургіі папскі легат кардынал Юзаф Томко ўдзяліў прысутным благаслаўленне ад імя Святога Айца.

Пасля святой Імшы адбыўся канцэрт у гонар візіту папскага легата ў Маладзечна. У выкананні Маргарыты Васілевіч прагучала «Ave Maria» Моцарта і Шуберта. Выступіў таксама зборны хор Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя Клеафаса Агінскага.

«Вы назаўсёды застанецеся ў маім сэрцы і ў маіх малітвах», — такімі словамі развітаўся з вернікамі Маладзечна папскі прадстаўнік.

І гэтыя словы надоўга застануцца ў сэрцах вернікаў.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.